У менскім выдавецтве “Смэлтак” выйшла з друку кніга сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Клышкі “…Кропка”.
Гэта не проста кніга, а кніга-летапіс, кніга-вынік шматгадовай творчай працы пісьменніка, навукоўца, былога спартсмена-футбаліста, кандыдата тэхнічных навук Алеся Клышкі. Унікальнае выданне дае шматграннае ўяўленне пра гістарычную эпоху, якая ахоплівае больш за 100 гадоў, праз прызму лёсаў асобных сваякоў вялікай сям’і і асабіста аўтара.
Знакамітыя асобы, значныя падзеі недалёкай мінуўшчыны і сучаснасці ў дыялогах, успамінах, публікацыях масмедыя, навуковых даследаваннях, паэтычных віншаваннях, асобныя новыя творы дазволяць чытачам адчуць подых гістарычных падзей, звязаных з малой радзімай Алеся Клышкі – горадам Менскам, рытм і супярэчнасці сучаснай рэчаіснасці.
Кніга “Кропка” распачынаецца паэмай “Мінская зямля”, якая аздоблена шмат-лікімі рэдкімі фотаздымкамі Менска ХХ стагоддзя. Пра Менск у нас напісана шмат твораў, але Алесь Клышка зрабіў гэта па-іншаму, па-свойму арыгінальна і шчыра. “Мінская зямля” – гэта маленькі гімн Менску, менскай зямлі і менчукам. Гэта паэма-роздум аб сваёй сям’і, аб людзях, якія жылі побач, гэта паэма-памяць, паэма-сумленне і паэма-настальгія.
Бацька Алеся Клышка – кадравы афіцэр Аляксандр Клышка, прайшоў усю вайну на пасадзе намесніка камандзіра танкавага батальёна, быў узнагароджаны за ўдзел у баях па абароне Масквы, вызваленні Вены і Будапешта, кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі. Маці працавала адказным рэдактарам Беларускага радыёкамітэта, у дзявоцтве Анастасія Голубева – дачка ўдзельніка трох рэвалюцый і грамадзянскай вайны ў Расіі, ссыльнага, рабочага чыгуначнага дэпо і станкабудаўнічага завода ў Менску, першага ў Беларусі Героя Сацыя-лістычнай Працы Іосіфа Голубева. Ягоным імем названа адна з менскіх вуліц.
У лістападзе 1956 года часопіс “Беларусь” пісаў: “Станкабудаўнічы завод імя Варашылава за кароткі тэрмін быў адноўлены. Ужо ў 1948 годзе майстар мадэльнага цэха Іосіф Пятровіч Голубеў зрабіў першую мадэль прадольнастругальнага станка, а ў 1949 годзе завод пачаў іх серыйны выпуск…”.
Старэйшая сястра Ірына, як згадвае ў кнізе Алесь Клышка, аднойчы з лепшымі вучнямі школы і настаўнікамі паехала віншаваць Якуба Коласа з днём нараджэння. Ірына Клышка праспявала песню на словы Якуба Коласа: “Вясна, вясна, жаданая, ты прыйдзеш зноў, ты вернешся…”. Ад замілавання Якуб Колас прыціснуў Ірыну да сябе і шчыра падзякаваў. А потым яны сфатаграфаваліся на памяць.
Сам аўтар кнігі Алесь Клышка нарадзіўся ў Менску ў 1948 годзе. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Абараніў кан-дыдацкую дысертацыю. Мае 13 патэнтаў на вынаходніцтва ў галіне экалагічна чыстых тэхналогій і аховы навакольнага асяроддзя, аўтар 113 навуковых публікацый.
А яшчэ Алесь Клышка – вядомы ў мінулым футбаліст. Ён гуляў за менскую каманду “Тарпеда”, быў нават капітанам каманды. У “Тарпеда” Алесю Клышку пашчасціла пагуляць з “зоркамі” беларускага футболу: Мікалаем Журавенкам, Дзмітрыем Карнеевым, Анатолем Глебам, Мікалаем Іваніцкім… “Загадваю, як у 1975-м годзе на тарпедаўскім стадыёне ў Мінску праходзілі гульні Кубка Прыбалтыкі. Беларускую зборную трэніраваў Эдуард Малафееў, настаўнік мінскага “Дынама”. І прызначыў мяне капітанам. Уяўляеце, якое было хваляванне! Як цяпер памятаю: поўны стадыён, у апошняй гульні разграмілі 5:0 Эстонію, і заўзятары скандзіравалі: “Эдзік, бяры Клышку ў каманду!”, – успамінае Алесь Аляксандравіч.
Вось такі ён, аўтар кнігі “…Кропка”. Але самае галоўнае, што Алесь Клышка – паэт-лірык, публіцыст, цікавы суразмоўца. У суаўтарстве з паэтам Зьнічом (Алегам Бембелем, інакам Мікалаем) з Жыровіч ён выдаў чатыры кнігі роздумаў-дыялогаў: пра час, Айчыну, шляхі зямныя і вечныя (“Жы-ровіцкія камяні” (2006), “Шлях да Жыровічаў” (2007), “Жыровіцкая пастараль” (2009) і “Званіца” (2016)). Калі ў першых дзвюх кнігах аўтары сумоўя разважалі больш пра беларускія праблемы: стан роднай мовы, лёс Беларусі ў ХХI стагоддзі, месца Беларусі ў духоўнай прасторы планеты, духоўнае адраджэнне Бацькаўшчыны, то потым іх тэмы сумоўя пайшлі далёка за межы Радзімы. Гэта і палітыка, і сусветныя катаклізмы, і ўзаемаадносіны розных канфесій, рэлігійных дзеячаў і вучоных, дзяцей і бацькоў, а таксама лёс простага люду. З многімі разважаннямі можна пагадзіцца, а з некаторымі іх суб’ектыўнымі думкамі – не. Але радуе тое, што дыяпазон іх разважанняў вялікі, дзе скразной лініяй праз усё сумоўе праходзяць духоўныя і агульначалавечыя каштоўнасці.
Першая іх сумесная кніга выспела яшчэ ў Жыровічах на Слонімшчыне. Выспела каля старых муроў Успенскага сабора, Богаяўленскай царквы, Крыжаўздзвіжанскай і Георгіеўскай. А потым з Жыровіч шлях іх сумоўя пралёг па ўсёй Бацькаў-шчыне і нават па-за яе межамі. Пра гэта таксама прачытаюць чытачы ў новай кнізе Алеся Клышкі.
Алесь Клышка яшчэ напісаў і выдаў шмат паэтычных зборнікаў, сярод якіх – “Ад каранёў да кроны”, “Далёкае – блізкае”, “Сямейная чытанка”, “Сустрэча” і іншыя. Ён падрыхтаваў і выпусціў фільм па гісторыі Менска “Мінская зямля”, а таксама шэраг аўдыёкніжак і музычных стужак.
У “…Кропцы” адзін з раздзелаў цалкам паэтычны. У ім надрукаваны вершы, прысвечаныя сябрам, якіх ужо няма і тым, хто жыве і працуе ў розных кутках Беларусі. Цікава чытаюцца вершы, прысвечаныя Рыгору Барадуліну, Генадзю Бураўкіну, Анатолю Сысу, родным і блізкім людзям.
Да ўсяго сказанага пра кнігу Алеся Клышкі “…Кропка” хочацца дадаць, што кніга багата ілюстравана архіўнымі і рэдкімі фотаздымкамі, якія ў кнізе публікуюцца ўпершыню.
Сяргей ЧЫГРЫН.