Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Экскурсія па Пухавіччыне “Юзаф Бака. Геній майго месца”

Экскурсія па Пухавіччыне “Юзаф Бака. Геній майго месца”

6 красавіка 2021, 11:03 Спорт 83
Экскурсія па Пухавіччыне “Юзаф Бака.  Геній майго месца”

Яшчэ нядаўняй зімой адбылася сустрэча Пухавіцкага ТБМ з нашым земляком Юрыем Важнікам. Лічу яго грандыёзным чалавекам, як і яго працу. Грандыёзнасць яго ў тым, што, адпрацаваўшы шмат гадоў у сферы транспарту, ён раптам зразумеў, што гісторыя – вось сапраўдны  чалавечы скарб. Юры пачаў даследаваць тапаніміку Пухавіцкага краю. А там з кожным днём усё больш і больш з’яўляецца цікавага і незвычайнага… У рэшце рэшт, ён стаў стваральнікам праекту сэнсавага турызму.

Экскурсія называлася ”Юзаф Бака. Геній майго месца”.

Больш падрабязна пра праект вы можаце даведацца на сайце GMM.BY. Пачатак экскурсіі быў а 12 гадзіне ля вакзала. Прыйшлі 14 чалавек, уключаючы Юрыя (вельмі шкада, што так мала, улічваючы, што было 5 машын). Хутка нам распавялі  пра тое, як карыстацца даведнікам і QR-кодам. Такім чынам, на машынах ехалі па 2-4 чалавекі і слухалі Юрыя Важніка (ды і не толькі, гучалі і музычныя суправаджэнні). Першым нашым прыпынкам стала Блонская сядзіба. Класічны шляхецкі ліцвінскі дом з калонамі, пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. Бонч-Асмалоўскімі.  Экскурсавод музея была рада наведвальнікам, бо іх мала ў сённяшнія часы эпідэміі. У музеі  Юры Пятровіч  расказаў нам пра ”Misio Bakana”. Малады 32-гадовы езуіт Юзаф Бака зладзіў вельмі знакамітую на той час місію ў сяле Блонь. Ён прадаў два свае спадчынныя надзелы і папрасіў яшчэ ў бацькі 10 тысяч злотых, каб зладзіць гэтую місію. Гэта быў час, калі яшчэ існавала Рэч Паспалітая –   сярэдзіна ХVІІІ стагоддзя. Ён будуе  двор, будуе каталіцкі касцёл і навучае тутэйшых людзей. Пазней гэтыя землі пераходзілі  ва ўладанне   Путкамерам, Асоўскім, Бонч-Асмалоўскім. Распавялі нам пра трагічную паэму езуіта-паэта, які яе сцвердзіў сваім лёсам. Галоўная паэма Юзафа Бакі “Увагі смерці няхібнай” напісана ўсім станам людскім. Сэнс ўвагі ў тым, што ніхто не вечны – памятайце аб гэтым. Што б ты не рабіў, рабі так, як робіш гэта апошні дзень, памятай аб смерці, павер Богу, жыві апошнім днём, рабі добрыя ўчынкі. Паэзія Бакі досыць складаная. Юры параўноўвае Юзафа з Сальвадорам Далі. А апошні кароль Рэчы Паспалітай з гэтых вершаў смяяўся. Даследчыкі наступнага стагоддзя пісалі, што Бака – гэта графаман, блазан, ”Бака – ср-ка, бака – кака”, але ж час ішоў… І людзі ўбачылі, што Юзаф Бака бяссмяротны, як і сэнс яго твораў. Цяпер ён адзін з самых знакамітых ПОЛЬСКІХ паэтаў позняга барока  пры тым, што нарадзіўся ў Беларусі, жыў у Беларусі і тварыў у ёй, толькі памёр ён у Варшаве, куды паехаў, мабыць,  толькі паміраць. Так, ён пісаў па-польску, але гэта не значыць, што ён быў паляк, такія гістарычныя ўмовы былі. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага хацела залатых шляхецкіх вольнасцей, гэткіх, як у Польшчы,таму  прыняла каталіцтва і польскую мову.  Гэта тое самае, што зараз усіх рускамоўных у Беларусі назваць расейцамі. Дзякуючы Юрыю Важніку, кожны з вас зараз можа лёгка даведацца і азнаёміцца з творчасцю Бакі – наш зямляк пераклаў паэму “Увагі смерці няхібнай” на беларускую мову, выдаў асобнай папяровай кнігай і размясціў на сайце для свабоднага чытання. Акрамя таго, Юрый Важнік склаў турыстычны маршрут па Пухавіччыне “Юзаф Бака. Геній майго месца”, частку якога мы і праехалі з аўтарам ў гэты зімні дзень.

Далей наш шлях ляжаў на месца колішняга маёнтка Форбсаў, які цяпер уяўляе з сябе роўнае поле і маленькі лес. Вось у гэтым і ёсць ”сэнсавы турызм”. Беларусь мае найбагацейшую гістарычную спадчыну, але частыя войны і абыякавасць грамадства да свайго мінулага раўнялі з зямлёй усе здабыткі.  Сабраць карціну можна толькі па аскепках і ”сэнсах”, бо будынкі руйнуюцца, эпохі сыходзяць, а людзі застаюцца… На-ступны прыпынак – дом адпачынку, які яшчэ гадоў 40 таму жыў самым бурным жыццём. Прыгажосць неверагодная: лес, рака Свіслач. Сюды хадзілі аўтобус за аўтобусам. Але прыйшоў час, і цяпер дом адпачынку паўразбураны належыць БРСМ, які здае яго страйкбалістам. Пройдзе яшчэ гадоў 100, і ад гэтага дома застанецца столькі ж, колькі і ад маёнтка Форбса – маленькая плямка на прыродзе. Вось вам і ўвага смерці няўхільнай. Мне асобна хацелася б узгадаць пра цікавую вёску Пухавіччыны, якая называецца  ”Красны акцябр”, як вам назва? Насамрэч вёска мела назву Забалева (ад імя Ізабэлы), а недалёка мясціна, дзе Якуб Колас любіў летаваць.

Мы наведалі таксама мястэчка Пухавічы, дзе калісьці жыло 92% яўрэяў. Менавіта ў Пухавічах рэчка Цітаўка ўпадае ў  Свіслач. У мястэчку захаваліся старыя магільныя камяні з яўрэйскіх могілак, якія валяюцца нікому не патрэбныя і зарослыя. Мясцовыя краязнаўцы шмат біліся, каб яўрэйскія могілкі  былі ўнесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей, але пакуль нічога не атрымалася. Юры ўзгадаў, што ў 1937-39 гадах на Пухавіччыне былі забіты ўсе, без выключэння, святары:  і каталіцкія, і праваслаўныя, і равіны.  Наведалі  драўляную Блонскую Троіцкую царкву ХІХ ст., якая цудам захавалася. Каштоўнасць яе ў тым, што яна пабудавана не па маскоўскіх канонах. Святыня з васьмікутнай вежай, афарбаваная ў фісташкавы колер, і без какошнікаў. Наведалі мы і каталіцкі касцёл Юзафа Бакі. А як вы лічаце, што з ім здарылася? Ён быў зруйнаваны бальшавікамі ў 1937-ым годзе, а пасля вайны на яго месцы пабудавалі Блонскую школу.

Цікавым і сумным нам быў аповед пра ”Папову горку”, дзе ў 1941 годзе немцы сагналі  1280  яўрэяў з мястэчка Пухавічы і з Мар’інай Горкі і расстралялі іх. Вакол вялікай магілы  яўрэйскія могілкі пасляваеннага часу. Нядаўна з мясцовай уладай  звязалася яўрэйская асацыяцыя і вылучыла грошы на рэстаўрацыю. Пачаўся рамонт, але хутка ён скончыўся, грошы кудысьці зніклі, праца спынілася, і, калі прыехалі яўрэі і паглядзелі на выкананую працу, то разарвалі ўсе стасункі. Такім чынам,  гэтае месца было таксама аддадзена прыродзе. Цікавы момант адзначыў расказчык, што падчас вайны з мірнага жыхарства загінулі 4.5 тыс. яўрэяў і ўсяго 600 беларусаў па Пухавіччыне. Затое ў 1944-45 беларусы былі забра-ны ў Чырвоную Армію і шмат іх загінула ў баях ва Усходняй Прусіі і Польшчы – сталі там “гарматным мясам” у гэтай бесчалавечнай бойні.

Экскурсія ўсім вельмі спадабалася. Мы шмат чаго на ёй зразумелі, але самае галоўнае тое, што варта апранацца цяплей і трэба ладзіць больш экскурсій. Мы вельмі  дрэнна  ведаем  сваю гісторыю, і гэта тыя, хто ёй цікавіцца, а колькім людзям яна не цікава!? Людзі мала ведаюць свой край, мала цікавяцца сваім. І ў гэтым наша галоўная задача: заахвоціць людзей да спасціжэння свайго, роднага, беларускага!!!

Наша задача, каб Беларусь не напаткаў лёс ”смерці няўхільнай”. Для гэтага трэба адрадзіць беларускую мову. А разам з ёй і беларускую гісторыю, бо гэта дзве па-ралелі. Гісторыю, з боку беларусаў, а не з боку Расіі, Саюза ці Польшчы. 

Запрашаем аматараў гісторыі ды ўсіх неабыякавых людзей азнаёміцца з праектам сэнсавага турызму і наведаць  Пухавіччыну. Шчыра запрашаем!!!

 

P.S. Хацелася б пакінуць тут свой тэматычны верш:

 

Шчыт Беларусі

 

Магутныя муры ля рэк уздымаюцца,

І моцная веліч блішчыць,

І брамы высока-высока ўзрушаны:

Гатовы сінхронна вітаць караля.

А рвы ўсё паўзуць і паўзуць –

Няшчадна дзяўбуць збяднелага ката.

Да самага неба ўзрушаны вежы,

На сценах тых веж – пячаткі гармат.

І слёзы на сценах… Няспоўненых мар,

І храбрасць пяхоты – надзея ліцвінаў,

І вершнікаў жах, і кроў непавінных.

Смерць ратным хлапцам

                           і Боская ласка тутэйшым!

Усё захавана пад мурам вялізным,

Усё прыгажосці прыроды аддадзена

І знікла ў няспынных часах…

Сяргей Крачкоўскі.

Мар’іна Горка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0416
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Далучайцеся да нас