Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Кароткі ўспамін пра Ларысу Канчэўскую

Кароткі ўспамін пра Ларысу Канчэўскую

29 сакавіка 2021, 22:44 Грамадства, Культура 51
Кароткі ўспамін пра Ларысу Канчэўскую

15 сакавіка 2021 г. памерла Ларыса Георгіеўна Канчэўская.

Дачка афіцэра, яна нарадзілася 9 кастрычніка 1946 г. на востраве Сахалін. У дзяцінстве жыла ў Расіі і Латвіі. З 1956 г. – у Лідзе.

Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Была рабочай, лабарантам на заводзе электравырабаў, мастаком-афарміцелем, касірам у банку, малодшым навуковым супрацоўнікам у гарадскім архіве, інструктарам гарвыканкама, інжынерам па эстэтыцы, выкладчыкам у педвучылішчы.

Заўсёды знаходзілася ў самым цэнтры інтэлектуальнага жыцця горада Ліды, была душой любога калектыву, генератарам ідэй, стваральнікам сэнсаў.

Грала ў народным тэатры, усё жыццё пісала вершы і прозу, мела “абсалютны” літаратурны слых і вытанчаны густ. Калі-нікалі друкавалася ў “Лідскай газеце”, газеце “Чистый мир”, у альманаху “Ад Лідскіх муроў”, у “Лідскім летапісцы”.

Ларыса Канчэўская заўсёды была сябрам маіх сяброў, але працяглы час мы з ёй былі толькі знаёмы, покуль у лістападзе 2014 г. не стэлефанаваліся, і я прыйшоў да яе, ужо вельмі хворага чалавека, у госці. Мая першая фраза пры нашай сустрэчы потым увайшла ў адзін з яе тэкстаў:

– Мы з вамі … амаль не перасякаліся. Затое мае сябры … у пэўныя перыяды свайго жыцця бясконца паўтаралі: “Ларыса Канчэўская ды Ларыса Канчэўская …”.

Шмат пра што размаўлялі з ёй у той дзень, і яна перадала мне для публікацыі рукапіс цікавых мемуараў Уладзіміра Крушэўскага пра лідскі рок-фестываль 1982 г. (надрукаваны ў менскім альманаху “Асоба і Час”, Вып. 8). Пасля той сустрэчы яна пачала пісаць свае цудоўныя белетрызаваныя ўспаміны. Напісала найкарыснейшыя ўспаміны пра нашага з ёй агульнага сябра Валянціна Ляцецкага (Лідскі летапісец. 2015. № 4), і таленавітую “Маленькую аповесць пра любоў” – лірычныя ўспаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў нашым горадзе (“Ад лідскіх муроў”, № 8). Пасля аповесці, з канца 2015 г., пачала пісаць раман успамінаў і працавала над ім каля года. Напісала, па маіх разліках, каля чвэрці рамана, але давесці справу да канца ёй не дазволіла хвароба. Я ўпэўнены, што мы надрукуем яе апошні тэкст у чарговым альманаху “Ад лідскіх муроў”, а фрагмент з яго нават ужо быў надрукаваны (“І Быкаў такі малады… Да 70-годдзя Ларысы Канчэўскай” // Лідскі летапісец, 2016. № 4 (76)).

Не хачу пісаць стандартныя словы пра тое, што мы яе ніколі не забудзем. Пасля кожнага з нас застаецца, толькі тое, што ён пакінуў на гэтым свеце. Пасля майго сябра Ларысы Канчэўскай застануцца яе тэксты.

Леанід Лаўрэш,

пісьменнік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас