Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гісторыя Магілёўшчыны. Быхаўскі кляштар і ягоныя ўладанні

Гісторыя Магілёўшчыны. Быхаўскі кляштар і ягоныя ўладанні

9 лютага 2021, 22:00 Навука 45
Гісторыя Магілёўшчыны. Быхаўскі кляштар і ягоныя ўладанні

У 1619 г. з фундушу тагачаснага ўладальніка Быхава вялікага гетмана літоўскага Яна-Караля Хадкевіча быў пабудаваны драўляны касцёл святога Казіміра, які пачалі ставіць яшчэ ў 1617 г., пры гэтым Хадкевіч абмяркоўваў ідэю заснавання Быхаўскага манастыра рэгулярных латэранскіх канонікаў з прэпазітам Марцінам Клачынскім ужо ў 1616 г., а ў 1618 г. з Кракаўскай кангрэгацыі ў Быхаў выехалі 4 канонікі на чале з пробашчам Крыштафам Ланеўскім. У 1621 г. Хадкевічаў фундуш быў зацверджа-ны віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам і самім рымскім папам Паўлам V.

Трохі пазней кароль Жыгі-монт ІІІ сваім прывілеем зацвердзіў пазбаўленне правоў на маёнткі Лубянка, Хамічы і Азяраны Кіеўскай праваслаўнай архімандрыі, якая кіравала імі не менш за стагоддзе, і перадаў іх вялікаму маршалку літоўскаму Яну-Станіславу Сапегу як спадкаемцу Хадкевіча (ён быў жанаты з адзінай дачкой Яна-Караля Ганнай-Схаластыкай, а менавіта яна і натхніла свайго бацьку на фундаванне кляштара). 15 ліпеня 1631 г. кароль зацвердзіў і прывілей на Быхаўскі кляштар. У 1649 г. пазначаныя маёнткі былі афіцыйна перададзеныя братам Яна-Станіслава, літоўскім падканцлерам Казімірам-Лявонам Сапегам быхаўскім латэранскім канонікам.

У 1657 г., у часе Трынаццацігадовай вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, будынкі кляштара былі спалены расійскім войскам, пасля чаго былі адбудаваныя коштам чарговага бы-хаўскага магната – вялікага гетмана літоўскага Паўла-Яна Сапегі, сам касцёл быў ужо тады пастаўлены з цэглы і каменю. Падчас беспарадкаў быхаўскіх месцічаў у 1695 г. ён зноў згарэў і не быў цалкам узноўлены, аж пакуль 5 кастрычніка 1702 г. Быхаў – з прычыны пераходу ягоных уладальнікаў Сапегаў на бок Швецыі ў часе Паўночнай вайны – не быў абложаны расійска-казацкімі войскамі на чале з Пятром І, якія пачалі абстрэльваць горад з гармат, у выніку чаго комп-лекс згарэў цалкам з усімі дакументамі. У 1707 г. кляштар быў адноўлены. Касцельныя метрычныя кнігі, што цяпер знаходзяцца ў Нацыяльным гістарычным архіве ў Менску, захаваліся таксама толькі ад 1707 г.

У сярэдзіне XVIII ст. касцёл зноў згарэў, таму ў 1762 г. быў закладзены новы мураваны, які 2 траўня 1768 г. быў асвечаны беларускім біскупам – суфраганам Феліксам Тавянскім з наданнем новага імені – Беззаганнага Зачацця Божай Маці і святых патронаў Казіміра і Аўгустына. Будынак быў не дужа вялікі, памерам 10,5 х 4,5 сажняў, г. зн. прыблізна 23 х 10 метраў. Спераду быў франтон з крыжам, абапал яго – дзве вежкі таксама з крыжамі. Чацвёрты крыж быў ўсталяваны ў задняй частцы будынка. Дах быў крыты гонтай, апрача вежак, што былі пакрытыя бляхай. Перад будынкам касцёла стаяла высокая мураваная званіца.

Колькасць манахаў у кляштары заўсёды была невялікай, вагаючы-ся ад 4 у 1619 г. да максімальнай лічбы ў 12 канонікаў у 1777 г.

Тэрытарыяльна Быхаўская парафія была даволі вялікая, ахопліваючы амаль увесь колішні Старабыхаўскі павет (нашмат большы за цяперашні Быхаўскі раён), за выключэннем задруцкай і паўднёвай частак, што адносіліся да Азяранскай ды Журавіцкай парафіяў, адпаведна. Але з увагі на тое, што рыма-каталікі на ўсходзе Беларусі былі ў выразнай меншасці, парафіянаў было няшмат, дый тое – іх колькасць значна павялічылася толькі пасля далучэння рэгіёна да Расійскай Імперыі. Рэч у тым, што Кацярына ІІ пачала патрабаваць ад шляхціцаў пацверджання свайго шляхецкага паходжання, таму небагатыя засцянкоўцы, каб прыстасавацца да стэрэатыпнага вобраза, пачалі масава пераходзіць у каталіцтва, хоць пры Рэчы Паспалітай большасць з іх наведвала ўніяцкія цэрквы, там і хрысціліся, і вянчаліся, і, тым больш, адпавяліся. Напрыклад, у 1832 годзе агульная колькасць парафіян складала 1177 чалавек (629 мужчынскага полу, 548 – жаночага), з іх у самім Быхаве – 339 парафіянаў (178 і 161, адпаведна). Да таго ж, на тэрыторыі парафіі было 3 рыма-каталіцкія капліцы: у Глухах і Хамічах (цяпер – Быхаўскі раён), у Запаточчы (цяпер – Магілёўскі раён).

Прынамсі ад 1675 г. пры кляштары існавала школка ланкастэрскага тыпу, у якой вучылася ад 8 да 50 дзяцей шляхцічаў і сялян. Напрыклад, у 1832 годзе ў наноў выбудаванай школе ў 4 класах вучылася 56 вучняў, з іх большасць – дзеці бедных шляхціцаў, што навучаліся за кошт кляштара.

Манахі і вучні карысталіся з бібліятэкі: у ёй, напрыклад, у 1820 г. налічваўся 321 экземпляр кніг, прычым самая старая з іх была выдадзена ў 1602 г. Быў і ўласны архіў, дзе захоўваліся фундушовыя, судовыя, фінансавыя дакументы, рэестры, інвентары і г. д. Пры кляштары дзейнічаў невялікі шпіталь для бедных шляхціцаў і ўласных прыгонных (у 1832 годзе было 6 хворых і калекаў).

У дакументах судоў Аршанскага і Рэчыцкага паветаў, на тэрыторыі якіх знаходзіліся кляштарныя маёнткі, а таксама Галоўнага трыбунала ВКЛ згадваюцца бесперапынныя памежныя і маёмасныя спрэчкі з суседнімі ўласнікамі: дзедзічамі Быхаўскага графства Сапегамі, Аскеркамі (уласнікамі маёнтка Ціхінічы), Янішэўскімі і Ганіпроўскімі (уласнікамі маёнтка Збышын-Чачэвічы), Бабруйскім і Рагачоўскім каралеўскімі староствамі.

Уладанні кляштара былі даволі вялікімі як тэрытарыяльна (агульная плошча складала 1374 валокі ці каля 300 км2), так і па насельніцтве: напрыклад, у 1747 г. у Лубянцы было 40 двароў, у Хамічах – 11 (абедзве вёскі цяпер знаходзяцца ў Быхаўскім раёне), у Падсёлах – 26 (сучасны Кіраўскі раён), у Азяранах – 34, у Крушынаўцы – 24 (абедзве вёскі – у Рагачоўскім раёне), агулам колькасць прыгонных абодвух палоў складала ў той час ад 800 да 1000 чалавек, і гэта без уліку чыншавай шляхты і зямян-арандатараў.

У 1772 г., пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, мяжа між дзяржавамі пралягла па рацэ Друць, раздзяліўшы ўладанні Быхаўскага кляштара: фальваркі Лубянка і Хамічы апыну-ліся ў Расійскай Імперыі, а сёлы Азяраны, Крушынаўка і Падсёлы заста-ліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дзеля абароны сваіх межаў ды засваення новых зямель (у тым ліку дзеля сплаву лесу па Дняпры для расійскіх верфаў на Чорным моры) канонікі засадзілі невялічкія слабодкі на ўскрайках: каля 1775 г. была заснавана Новая Слабодка (пазнейшая вёска Галееўка), каля 1790 г. узнікла Слабодка Кароткія (першымі жыхарамі там былі сяляне з сяла Лубянка з прозвішчам Кароткі, якое пазней трансфармавалася ў Караткевіч). Некалькі зямян і сялян засялілі на берагах рэчкі Балонаўка аднайменны засценак, згаданы яшчэ ў 1730 г. як млын Абалонаўка. У 1788 г. каля Лубянкі была заснавана шкляная гута, вакол якой вырасла вёска Лубяніцкая Гута ці проста Гута (апошні жыхар памёр у 2001 годзе, яна сама пазней была спляжана бульдозерамі, на яе месцы цяпер знаходзіцца гадавальнік аленяў для заможных паляўнічых). На Друці на мяжы XVIII XIX стст. узніклі аколіцы Радамысль (цяпер Слабада, дзе ў 2015 годзе заставаўся 1 жыхар) і Рум (цяпер не існуе).

Пасля падзелу ўзнікла праблема кіравання маёмасцю на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дзеля гэтага ў 1772 г. быў заснаваны Азяранскі манастыр рэгулярных канонікаў ла-тэранскіх, фактычны філіял Быхаўскага кляштара, які таксама заснаваў новыя паселішчы на межах сваіх абшараў: каля 1790 г. з’явілася вёска Рэкта (цяпер Рагачоўскі раён), ля Падсёл быў заснаваны аблюднены фальварак Феліксполле (цяпер Сяліба Кіраўскага раёна). На сучаснай Быхаўшчыне каля 1775 г. была пасаджана слабодка на самым поўначы земляў Азяранскага кляштара, пазней заселеная таксама і чыншавай шляхтай. Цяпер гэта вёска Кароўчына на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Каля Хаміч пры млыне была заснавана вёска Езва (знаходзілася ў Быхаўскім раёне, цяпер не існуе).

У 1842 г. маёнткі Быхаўскага кляштара рэгулярных канонікаў латэранскіх, пасля яго закрыцця царскімі ўладамі, былі перададзены казне, апошні манах выселены ў 1845 г., але касцёл працягваў дзейнічаць аж да паслярэвалюцыйных часоў. Да нашых часоў захаваўся апошні будынак кляштара, у якім пасля скасавання месцілася жаночая гімназія, вядомая тым, што менавіта тут у 1917 годзе ўтрымліваліся пад арыштам кіраўнікі карнілаўскага бунту. У савецкія часы тут была школа, ДТСААФ, медыцынскі выцвярэзнік, урэшце, будынак быў перададзены ў карыстанне Быхаўскаму лясгасу.

Анатоль Прасаловіч,

Магілёў.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3418
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0218
Далучайцеся да нас