Час бяжыць няўмольна… Вось і тыя, каго мы прывыклі лічыць маладымі, перасякаюць лінію саліднай сталасці. І Сяргей Украінка дасягнуў гэтай мяжы, але, дзякуючы клопату дзяржавы, яшчэ можа сябе з упэўненасцю называць чалавекам перадпенсійнага ўзросту. Для тых, хто ўжо крыху прызабыў яго, напомню: Сяргей Сяргеевіч Украінка нара-дзіўся 25 студзеня 1961 года ў вёсцы Ніканавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай даўно абкалгасненай сям’і. З залатым медалём закончыў Ніканавіцкую сярэднюю школу і ў 1978 годзе паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Праз пяць гадоў вярнуўся ў родныя мясціны, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лудчыцкай сярэдняй школе, працаваў дырэктарам Дунайкоўскай сярэдняй школы, а ў 1989 годзе быў запрошаны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А. Куляшова (зараз універсітэт), і з утварэннем кафедры журналістыкі быў пераведзены туды таксама на пасаду старшага выкладчыка, адкуль сышоў у 2009 годзе.
Літаратурную творчасць ён пачаў яшчэ вучнем сярэдняй школы, працягваў удасканальваць паэтычнае майстэрства ў літаратурным аб’яднанні “Узлёт”, якім апекаваўся слынны прафесар і паэт Алег Лойка. Тады ж ён і акрэсліў сваё паэтычнае kredo, што сталася і далейшым стрыжнем яго паэзіі.
Дзе адшукаць замову
Ад абыякавасці да мовы?
Не да нямецкай,
Не да французскай –
Да сваёй,
Беларускай.
Стагоддзямі гнутай,
Чужынцамі моранай,
Пакутнай,
Магутнай,
Няскоранай…
Такі пасыл не бязадрасны. З высокай грамадзянскай пазіцыі паэт звяртаецца да суайчыннікаў, зноў жа з той максімальнай патрабавальнасцю мае права заявіць, “што любоў да Айчыны і ў знявечанай памяці жыць павінна”. Абыякавасць ці не галоўны вораг любой нацыі, якая пад збегам абставінаў паступова выракаецца свайго. І напамінак для такіх мінакоў пра нацыянальных герояў выклікае ў іх не больш, чым прыкрасць. Можна ў гэтай сувязі згадаць творы “Балада 1648 года”, “Паэт”, “Вязень”, “Магілёўская балада 1991-га” і інш., на падставе якіх С. Украінка спрабуе раскатурхаць санлівасць беларуса, які яшчэ з купалаўскіх сцверджанняў амаль праспаў сваю долю. Аптымісты могуць запярэчыць: вось, глядзіце, беларусы нарэшце ўскалыхнуліся, ідуць на пратэсты пад старажытнай беларускай сімволікай. Што ж, і гэта праўда, але толькі знешняя. Хто з тых пратэстантаў па-сапраўд-наму заклапочаны нацыянальнай ідэяй, станам нацыянальнай культуры, мовы? Ды будзем спадзявацца, што прыйдзе і гэта, што сюды падключацца не дзясяткі , а тысячы людзей свабодных. І ў такім павароце да спрадвечна беларускага будзе спрыяць і паэтычнае слова Сяргея Украінкі.
Але і зводзіць усю шматколерную разнастайнасць паэзіі да адной, няхай сабе і архіважнай праблемы, таксама наўрад ці справядліва. У сапраўднай паэзіі заўсёды адчуваецца спектр ўзаемадачыненняў з рэчаіснасцю, дзе цесна пераплятаецца будзённае са святочным, здаровы прагматызм з акрылёнай рамантыкай. Галоўнае ў нашым свеце – пры любых абставінах заставацца чалавекам, які адчувае свае карані і ганарыцца гэтым. Асоба, як і прырода, гіне, калі страчваюцца спрадвечныя сувязі. Ці не пра вечнасць і трываласць гэты верш:
Віхляе жывая сцяжынка
ўздоўж акрайку сасняку.
Цнатліва гонкая асінка
глядзіць у вочы грыбніку.
Здаецца, кінулася б ценем
услед за ім, не адштурхні!
Ды толькі лёгкае трымценне –
трымаюць моцна карані.
Моцная сашчэпленасць з жыццём зусім не азначае скаванасць духу. Унутранае імкненне да свабоды насуперак марксісцкай філасофіі пра немагчымасць жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго, заўсёды было характэрна для чалавека. Праўда, не ўсе карысталіся гэтай магчымасцю, задавольваючыся адносна ўяўнай воляй. Але і імкненне да свабоды можа праяўляцца ў розных мадыфікацыях: унутраная раскаванасць, адчуванне свабоды, незалежнасці душы ад дзяржаўнага гнёту і, галоўнае, пры спрадвечнай звычцы да цярпення, адчуць у сабе радасць ад здольнасці да вольнага палёту.
У паэзіі С. Украінкі грамадзянскі напал, сувязь з прыродаю, тэма кахання ўзаемна пераплецены і моцна знітаваны, і яно бачна нават у тым, калі лясная галінка раптам вымушае да прызнання ў каханні, імкнення да трывалага ўзаемаразумення, калі “ў абдымках з любоўю кожны з двух дзівакоў крочыць, крочыць гатовы да сканчэння вякоў”. Характэрнай прыкметай вершаў з’яўляецца і дакладная знітаванасць слоў, іх эканомнасць без той празмернай апісальнасці, так характэрнай для традыцыйнай беларускай паэзіі. У яго кожны выраз мае шматзначны сэнс, а ўспрыняццю паэтычнага радка садзейнічае рытміка і разналікая рыфма пры больш-менш традыцыйнай форме верша.
Цікавая і проза С.Украінкі, якая вызначаецца моўным багаццем, дакладным псіха-лагізмам. З апублікаваных апавяданяў “Пах ажыны”, “Памочнічкі”, “Яльцы”, “Аўдзеевіч”, варта выдзяліць апошняе пра лёс неардынарнага чалавека, прыклад таго, як бяздушна дзяржава заўсёды адносілася да сваіх грамадзян. Аўдзеевіч, у час вайны партызанскім каман-даваннем засланы ў логава акупантаў, потым не змог даказаць свой патрыятычны ўдзел у змаганні, стаў вязнем савецкіх канцлагераў, а ўсё разам узятае і скалечыла яго псіхічна.
Рассыпаныя па розных перыядычных выданнях празаічныя мініяцюры, якія сам аўтар называе “смехаёчкамі”, перадаюць увесь каларыт нашага жыцця. Вершы С. Украінкі пакуль што сабраны ў зборнікі “Маё Купела” (2001), “9 гранаў” (2015), на дзвюх мовах, у перакладзе на рускую паэтам Г. Петуховым “Белый аист, черное перо” (2015), выдадзеным у Смаленску, а таксама яго творы публікаваліся ў альманахах “Брама” і іншых часопісах і зборніках.
З пераадоленнем рысы саліднасці гадоў у Сяргея Сяргеевіча Украінкі застаецца маж-лівасць рэалізацыі творчага патэнцыялу. Пажадаем яму завяршыць распачатыя творы і з натхненнем ажыццявіць новыя задумы.
Яраслаў Клімуць, Магілёў.