Наш зямляк пісьменнік Мікола Аўрамчык пражыў доўгае і няпростае жыццё, пакінуўшы нам цікавую літаратурную спадчыну. Нарадзіўся паэт у студзені 1920 года ў сялянскай сям’і у мястэчку Плёсы на Бабруйшчыне, што ляжыць па шашы на Жлобін непадалёк ад чыгункі. Пасля пачатковай школы тры гады хадзіў у Цялушу ў сямігодку. Па прызнанню самога пісьменніка, да вучобы асаблівых схільнасцей не выяўляў, а нязменна любіў адну геаграфію. Але выкладчыца беларускай літаратуры Алена Меляшкевіч па-сапраўднаму абудзіла цікавасць да свайго прадмета, і таму яшчэ будучы ў школе ён пачаў пісаць свае першыя творы. Пра сваю малую радзіму вёску Плёсы паэт напісаў у прыгожым вершы, прысвяціўшы гэты твор свайму сябру Пімену Панчанка, які таксама ў маладосці працаваў у гэтых мясцінах у Бабруйскім раёне.
Плёсы
Тут раса зіхціць, нібы патрушчана
І рассыпана нябёсаў шкло…
Юнака прыслалі на Бабруйшчыну
Працаваць у гэтае сяло.
Плёсы!.. І адразу ўявіш завадзі…
Праўда, каб не кінуў ты дакор,
Мушу я агаварыцца загадзя:
Тут няма ні рэчак, ні азёр.
Мо таму нявопытнаму воку
І не спадабаўся гэты кут…
А якія месцы тут навокал
І жывуць якія людзі тут –
Самі за сябе гавораць зноўку
Назвы вёсак гэтае зямлі:
Красная Дуброва і Дубоўка,
Бортнікаў аж двое, Кавалі.
Людзі тут сустрэнуць і прывецяць,
Бо не горш, як іншыя жывуць:
Самі ў Кавалёўскім сельсавеце
Шчасце для сябе яны куюць.
І паблізу колаў стук чыгунны
Музыку нагадвае ў цішы,
Нават рэйкі граюць, быццам струны,
І грыміць, як бубен, брук шашы.
Можа, зараз ты ўхмыльнешся горка…
А як нудна ад размоў было!
Дзесь на Асамблеі, у Нью-Ёрку,
Ты прыгадваў гэтае сяло.
1959 год.
Упершыню жывых пісьменнікаў пабачыў увосень 1936 года, калі школьнікаў запрасілі ў Бабруйск у Дом Чырвонай арміі на вечарыну з удзелам Якуба Коласа і Платона Галавача. На гэтай імпрэзе М. Аўрамчык прачытаў свой верш, прысвечаны Я. Коласу. З 1937 года пачаў друкавацца ў бабруйскай газеце “Камуніст”. Паступіў на літаратурны факультэт Менскага педінстытута і адначасова пачаў працаваць у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”. У час вайны быў на фронце. Патрапіў у палон і быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 вызвалены англічанамі. Пасля вызвалення працуе на Данбасе. Затым вяртаецца ў Менск і працягвае навучанне. Працуе ў рэдакцыях газет “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Полымя”. А ў 1953 – 80 гадах рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Маладосць.” Ажаніўся. Меў трох дачок. Аўтар кніг прозы і паэзіі. Займаўся таксама перакладамі. Сумесна з Нілам Гілевічам – суаўтар паэмы “Сказ пра Лысаю гару.” Вялікі ўплыў на творчасць пісьменніка аказаў Аркадзь Куляшоў. Вось што ў сваіх успамінах піша М. Аўрамчык: “Шпацыруючы па каралішчавіцкіх лясных сцежках, адзін час я шмат распытваў у Аркадзя Куляшова пра яго юнацкіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенку, якіх ніколі не бачыў, але паэзія якіх мне заўсёды падабалася. Аднойчы падчас такой гутаркі ён выказаў сумненне наконт таго, што Змітрок Астапенка загінуў. Нават таямніча спаслаўся на нейкую асобу, якая ў цягніку нібыта апазнала ягонага сябра… Неяк я расказаў Аркадзю Куляшову, што ў пачатку вайны мяне прызваў у армію Мсціслаўскі ваенкамат. Паэт пачаў цікавіцца, як выглядае там Дзявочая гара, ці захаваліся старыя прысады перад будынкам іхняга былога педтэхнікума. І шкадаваў, што ўсё не выберацца праведаць горад свайго юнацтва. У выніку тых размоў я напісаў прысвечаны яму верш “Мсціслаў”. А праз нейкі год Аркадзь Куляшоў прагаварыўся, што працуе над невялікай рэччу пра сваіх юнацкіх сяброў. Я папрасіў, каб ён, калі закончыць яе, меў на ўвазе наш маладзёжны часопіс. Паэт паабяцаў і потым стрымаў сваё слова – “Маналог” друкаваўся ў “Маладосці””.
Мікола Аўрамчык пайшоў з жыцця ў траўні 2017 года, пражыўшы 97 год. Чытаючы яго вершы і прозу нібы вандруеш па родных мясцінах нашай Беларусі.
Мая Бабруйшчына зялёная,
Здаешся іншым ты малой
З тваёй Бярэзінай хвалёнаю
І з непрыкметнаю Алой.
А мне заўсёды паўнаводнымі
Здаваліся іх берагі,
Былі твае мясціны роднымі,
Куток з маленства дарагі….
Ля Ступянёў і за Цялушаю
Майго кахання з той пары
Сляды нічым не зацярушаны –
Цвітуць пралескамі ў бары.
Якія стравы беларускія
Падносіла ты да стала!..
І нават прозвішча бабруйскае
У спадчыну ты мне дала.
1970 год.
Алег Дзьячкоў.
Магілёў.