Давядзецца падкарэктаваць карты, перапісаць значную частку кнігі “Дудары Глыбоцкага краю” і падрыхтаваць яе трэцяе выданне, але справа таго вартая. Вось і яшчэ адзін дударскі след у Глыбоцкім краі з абарваных кавалачкаў склаўся ў адну цэласную і як жа важную і нават у нечым сентыментальную карціну. Аказваецца, што даваеннага дудара Пятра Бурца мы шукалі не там, дзе трэба – не ў тым баку. Справа ў тым, што сляды зблытала публікацыя ў СБ (2011), а пазней памылку паўтарылі ў часопісе “Дудар” (2012). Вёска Асінаўка, што каля возера Шо, і вёска Псуя, сталі няіснымі “Свілінай” і “Слівінай”. Для мяне як для аўтара кнігі “Дудары Глыбоцкага краю” і заснавальніка фэсту “Дударскі рэй” было вельмі важна знайсці больш інфармацыі пра Пятра Бурца. Даволі шмат часу я правёў у пошуках таямнічай вёскі, якой няма ні на сучасных ні на старых картах Глыбоччыны. У выніку, параіўшыся з Кастусём Шыталем, мы прыйшлі да высновы, што хутчэй за ўсё на ўвазе мелася вёска Свіла – сугучнасць з міфічнай Свілінай і Слівінай. Хоць след здваўся быць інтуітыўна малаверагодным. Аднак летам 2020 я аб’ездзіў тую Свілу ўздоўж і ўпоперак і нават знайшоў на мясцовых могілках Бурцоў, пэўна далёкіх сваякоў нашага дудара. У выніку рэчаіснасць аказалася больш простай. Прыціснуўшы Змітра Сасноўскага на ўспаміны, урэшце выявілася, што Пётр Бурэц быў з той самай вёскі, што і Мікола Караткевіч, які расказваў пра яго Змітру Сасноўскаму ў 2007 годзе, падчас дударскай экспедыцыі ў наш край. У дакументальным фільме Змітра Сасноўскага “Старыя інструменты Беларусі”, назва вёскі пазначана правільна – “Асінаўка”.
Больш за тое. У тэлефоннай размове Зміцер Сасноўскі пачаў прыгадваць іншыя, неймаверна цікавыя факты, якія не ўвайшлі ні ў фільм, ні ў ягоныя публікацыі. Аказваецца, што Мікола Караткевіч быў вучнем Пётры Бурца і нават праз больш чым паўвеку ўмеў спрытна трымаць дуду і перабіраць пальцамі.
Пры нагодзе цяпер трэба выбрацца ў Асінаўку і ўпэўніцца ў тым, што месца пахавання адпаведна забяспечанае і пазначанае на карце. Для гісторыі дударства на Глыбоччыне гэта месца больш, чым сімвалічнае. На сённяшні дзень у нас ёсць копія найстарэйшай дуды, некалькі іншых цікавых сведчанняў пра інструменты з Глыбоччыны-Дзісеншчыны. Маем у наяўнасці шэраг гісторый пра некалькіх самабытных дудароў з ваколіц Шо і не толькі. Ну а цяпер стала таксама вядомым месца пахавання аднаго з іх!
Але вось уласна і сам успамін Змітра Сасноўскага, напісаны адмыслова для кнігі “Дудары Глыбоцкага краю”.
“У першай экспедыцыі, у 2007 годзе, апрача мяне ўдзельнічалі Андрэй Апановіч і Алег Белавусаў. Мікола Караткевіч з радасцю паведаміў нам, што ў дзяцінстве з вялікай цікавасцю поўзаў за “дзедам Пётрам” – так ён звяртаўся да старога музыкі, самабытнага дудара Пятра Бурца. Пётр Бурэц граў на дудзе з вялікім мяшком, які доўга трымаў паветра. Больш за тое, у яго быў асобны мех з запаснымі чаратовымі пішчыкамі. Гэта нам Караткевіч сказаў калі пабачыў, што ў нас пішчыкі драўляныя. Чаратовыя казаў больш ашчадныя для паветра. Дадаткова Пётр Бурэц заламліваў сапель пад паху каб магчы спяваць. Таленавіта перабіраў і спяваў розныя прыпеўкі. На музычныя вечарыны Пятра Бурца збіраліся цэлымі ваколічнымі вёскамі і нават вазамі прыязджалі з больш адлеглых хутароў. Што казаць, калі паслухаць славутага дудара прыходзілі нават адлеглыя ад беларускай музычнай традыцыі афіцэры польскай стражніцы і то разам са сваімі жонкамі. Пётр Бурэц такой увазе з боку польскіх жаўнераў, відаць, быў не вельмі рады і трохі для жарту, а можа і ўсур’ёз пачынаў спяваць нецэнзурныя прыпеўкі, устаўляючы ў іх польскія словы. Жонкі афіцэраў, расфуфыраныя паненкі, чырванелі і абураныя настойвалі на тым, каб пакінуць канцэрт. Па словах Міколы Караткевіча, Пётр Бурэц быў культавай асобай усяго рэгіёна. Уражаны хлопчык вельмі хацеў вучыцца граць у дудара. Пётр Бурэц даваў малому дуду, паказваў як правільна надзімаць мех і вучыў яго найгрышам. Мікола Караткевіч лічыў сябе вучнем і пераемнікам Бурца. У 2007 годзе, ужо ў сур’ёзным узросце калі пачуў як мы з Андрэем Апановічам граем на дудах то заплакаў. Усплылі ўспаміны дзяцінства і маладосці. Калі мы праз пару дзён ізноў заехалі да дзядзькі Міколы, то ўгаварылі яго ўзяць у рукі дуду. Спярша ён адмаўляўся, спасылаючыся на ўзрост, але ўсё ж пагадзіўся, а пасля з веданнем справы прафесійна ўзяў дуду. Ён надзьмуў у мех паветра і пачаў перабіраць просценькі найгрыш. Алег Клімаў у сваім артыкуле з 2011 года апісаў наш прыезд у 2007 не вельмі дакладна. Мікола Караткевіч тады проста вельмі расхваляваўся, хацеў паказаць сябе як з найлепшага боку, але ўзрост, здароў’е і пальцы былі ўжо, вядома, не тыя. Ён нават папрасіў не выкарыстоўваць відэа самога грання. Маўляў – не так, як даўней. Сцірайце, мальцы, каб мне не было сорамна. Я на поўным сур’ёзе лічу яго апошнім старым дударом у Беларусі. Тая сустрэча і размова была для мяне вельмі знакавай. На нейкім метафарычным узроўні адбылася сімвалічная перадача яшчэ ў той час захаванай часткі жывой дударскай традыцыі. Беларуская дударская традыцыя атрымліваецца не зусім як бы і перарваная. На дудзе, на якой свае апошнія гукі выдаў Мікола Караткевіч, я пазней вучыў іграць маладых дудароў. Граю на ёй і па сённяшні дзень. А згадкі пра апошняга дудара трапілі ў кнігі і захаваліся на фота і відэа. Падчас нашага чарговага прыезду да Міколы Караткевіча ў 2011 годзе гаспадара ў у хаце мы ўжо, нажаль, не заспелі. Яго старэйшая сястра, якая жыла побач паведаміла, што брат вельмі хворы і ўжо доўгі час ляжыць у полацкай больніцы.
Хто-ніхто будзе аспрэчваць тое, што Міколу Караткевіча можна лічыць апошнім дударом, але я веру Змітру Сасноўскаму. Па- першае ён быў у Караткевіча не адзін, а з іншымі дударамі, якія не далі б зманіць ці нешта дадумаць. Па-другое Сасноўскі навуковец, аўтар некалькіх кніг па гісторыі музычнай традыцыі Беларусі. Таленавіты збіральнік і музыка. Усё пра, што ён казаў мне ў размове пацвердзілася цудоўнай фотасправаздачай Алега Белавусава. Адзінае пытанне выклікае адсутнасць відэазапісу моманту грання Караткевіча, хоць сам момант апавядання запісаны на відэа і стаў часткай фільма “Старыя інструменты Беларусі”. У сваім успаміне Зміцер аднак дае даволі лагічнае тлумачэнне чаму запіс грання выкарыстоўваць было неэтычна. Я добра разумею, чаму запіс не мог атрымацца. Бывае месяц напралёт не хапае часу, каб пайграць на дудзе. Тады бярэш інтсрумент у рукі, і… пальцы ўжо зусім не такія, калі практыкуешся рэгулярна. А тут мінула больш чым паўстагоддзя… Па-другое, дуда гэта інструмент, які патрабуе нядрэннай фізічнай падрыхтоўкі. У кнігах пра даўнейшых дудароў такіх гісторый дзясяткі – “у старасці ўжо не граў”, “хвароба не дазваляла надзімаць мех”, “сіл у старога граць не было”.
Вяртаемся да Пятра Бурца. Паасобныя шматкі інфармацыі па-чалі неяк усё больш гарманічна складвацца ў агульную карціну. Ажно падумался – дык ці не той гэта “дудар беларускі” Дзісенскага павета са славутай паштоўкі?! Звестак пра іншых вядомых дудароў з Глыбоцкага краю таго перыяду не захавалася. Пётр Бурэц вельмі нават мог быць тым самым дударом, для сфатагравання якога са свайго Мікалаёва або Завідзічаў мог выбрацца вядомы фатограф Міхаіл Кусцінскі. Час выканання фотаздымка і геаграфія сыходзяцца. Кусцінскі быў родам з Лепельшчыны, а жыў у Мікалаёве, каля Дзісны. Вёска Асінаўка, дзе жыў вядомы на ўсю ваколіцу дудар, якраз на даўнейшым і цяперашнім шляху з аднаго ў другі маёнтак. Самабытных дудроў з прыгожымі інструментамі ўжо тады было адносна мала. Пра гэта піша Еўдакім Раманавіч Раманаў, беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг, у 8-м выпуску выдання “Белорусский сборник” (Вільня, 1912): “Достать хороший экземпляр дуды теперь уже нелегко даже и опытному этнографу..”. Міхась Машара таксама, хоць і пазней (пра 30-ыя гады XX ст.), у адным са сваіх вершаў цыклу “Падарожжа” (1933) канстатуе – культура беларускай дуды ўжо толькі пэўны успамін. Дуда ўжо не грае і не весяліць, а з’яўляецца музейным экспанатам. Інфармацыя пра знакамітасць такога маштабу абавязкова б да нас дайшла, у той ці іншай форме. Гэтак дудары прыблізна падобнага году нараджэння (пачатак другой паловы XІX ст.), Фёдар Стэсь або Мікола Усцінаў, з другога боку мяжы, былі своеасаблівымі зоркамі БССР. На хвалі беларусізацыі іх запрашалі на тэматычныя выставы, запісвалі на відэа і радыё. Беларускія дудары выступалі на выставе ВДНГ- Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі. Больш за тое, у 35-м годзе на сельскагаспадарчай выставе ў Парыжы Савецкі Саюз прадстаўлялі таксама беларускія дудары.
Пра такога маштабу славу ў міжваеннай Польшчы, дзе беларуская культура існавала пад прыгнётам – дудар Пётр Бурэц мог толькі памарыць. Што ўжо казаць пра пачатак стагоддзя ў Расійскай Імперыі. У 19041 годзе слова “беларус”, “беларускі” былі фактычна пад забаронай. Нагадаем, што верш Янкі Купалы “Беларусы” (1905-1907) быў забаронены цэнзурай і выйшаў толькі пад змененай назвай “А хто там ідзе?”. Цікава, што ў 1904 годзе ў Варшаве газета на польскай мове магла выходзіць без перашкод. Першая ж легальная газета на беларускай мове – “Наша доля” (Вільня) выйшла толькі ў 1906 годзе. Дык вось, у часопісе “Naokolo swiata” дудар падпісаны без ведання справы або па патрабаванні цэнзуры ці самацэнзуры: “Kobziarz litewski.”
Ужо пазней у беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” (Пецярбург) выйшла паштоўка, якую мы ведаем з подпісам “Dudar Bielaruski” 2. Было гэта паміж 1906-1914 годам (гады існавання выдавецтва). І гэтая акалічнасць вельмі цікавая. Паходжанне дудара было абазначана Дзісенскім паветам. Дарэчы, у той жа серыі выдаваліся таксама паштоўкі з акторамі Ігната Буйніцкага3. Значыць выдавецтва хутчэй за ўсё ведала імя дудара – дудар мусіў быць вядомы. Кантакту з фотамайстрам Міхалам Кусцінскім у рэдакцыі быць не магло – той памёр у 1905 годзе. Хоць якасць фотакартачкі на паштоўцы нашмат лепшая за варшаўскую публікацыю, кадр шырэйшы, больш выразны. Гэта магло б сведчыць пра тое, што рэдакцыя мела доступ да арыгінальнага фотаздымка і што паштоўка не была перадрукам з польскай газеты. Імя дудара на паштоўцы аднак не пазначанае – так як бы рэдакцыя не хацела выстаўляць яго на патэнцыйныя, непрыемныя на-ступствы. Трэба браць пад увагу гістарычна-культурныя акалічнасці таго часу. Але вернемся да самога дудара.
На фотакартачцы яшчэ адносна малады мужчына ў сіле веку (35-45 гадоў), які дударом “старычком” стане толькі ў 30-ыя і 40-ыя гады, час дзяцінства Міколы Караткевіча. У дуды на фотаздымку даволі вялікі, у параўнанні з іншымі захаванымі дудамі мех які нагадвае нудзьмуты “пузырок”, “вялікі мех які доўга трымаў паветра”. Дарэчы, копію дуды4 з фотаздымка ў 2018 годзе зрабіў майстар Сяргей Чубрык.
Заўважым, што на старым фотаздымку дудар трымае дуду дакладна так, як на відэа прэзентуе Мікола Караткевіч, больш спераду, чым з боку пад пахай. Апрача таго ёсць і цікавае супадзенне – элемент традыцыйнага адзення дудара на фотаздымку называецца бурка-бурнос, а на Глыбоччыне проста – “бурак” (параўн. з Бурэц). Доўгая мужчын-ская верхняя вопратка з башлыком, шытая з даматканага валенага сукна, часцей без падшэўкі, мела назву “бурка”. На грудзях і па баках рабіліся праразныя кішэні, на спіне – хлясцік. Бурку апраналі на іншае адзенне (світку, кажух, паўкажух), каб яны не прамакалі і каб было цяплей.
Безумоўна, Мікола Караткевіч ніколі не стаў дударом маштабу Пятра Бурца. Аднак, ён захаваў яскравыя ўспаміны пра дудара, напоўненыя аўтэнтычным дзіцячым захапленнем. Таксама ён пацвердзіў цікавы факт трымання меха дуды больш спераду, на грудзях, чым збоку пад пахай. Чалавек, не знаёмы з тэмай, звычайна трымае дуду на выцягнутых руках, не ведаючы, што да чаго і з якога боку. Што казаць – нават дудар пачатковец гук і мех трымае звычайна нязграбна і няўмела, што можна пабачыць на многіх відэазапісах. Гранне на дудзе вымагае вывучэння даволі складанай маторыкі пальцаў і рук, адпаведнай паставы цела і каардынацыі. Мікола Караткевіч таксама быў занадта добра знаёмы з дэталямі дударскага майстэрства (дэталёвая інфармацыя пра пішчыкі і заломванне трубкі5 для ўдзімання паветра) – як для звычайнага назіральніка. Тым больш, што словы Міколы Караткевіча пацвярджаюцца таксама сведчаннем цымбаліста-віртуоза Васіля Радзюша (1928 г.н.). “Надзьмець, надзьмець, надзьмець, поўны гэты пузырок, ну а тады воздух сходзіць, ну і пальцамі перабіраіць і песню… Красіва іграў старычок”. То бок, ускосна пацвярджаецца інфармацыя пра вялікі мех, пра выконванне спеваў падчас грання і пра спрыт старога музыканта. Што, дарэчы, з вуснаў самога таленавітага музыканта гучыць як двайное прызнанне майстэрства. Трэцім сведкам з’яўляецца жонка Міколы Маркевіча – Эмілія Караткевіч (1924 г.н. – на 6 гадоў старэй за мужа). Жанчына разам з мужам жыва ўспамінала паставу дудара і спосаб грання Пятра Бурца. Больш за тое – польская стражніца (пагранічная застава) сапраўды была ў Асінаўцы – KOP “Osinowka” і існавала ад 1925 да 1939 года. Яна ахоўвала 4-кіламятровы адрэзак дзяржаўнай граніцы з БССР. Значыць канцэрты і актыўная дзейнасць Пятра Бурца прыпадаюць больш-менш на гэты перыяд, а калі ўлічыць гады нараджэння інфарматараў, то значыць гэта было бліжэй да 1939 года.
Не ставіцца таксама пад сумніў, што Асінаўка была так званым дударскім сялом. Яна ляжыць у вельмі моцным дударскім арэале з умоўным цэнтрам на возеры Шо, які фармальна перастаў быць цэнтрам Еўропы, але мае права і павінен заставацца цэнтрам дударскай традыцыі на Глыбоччыне. Нездарма фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй” у 2019 годзе свой нефармальны пачатак меў на сядзібе “Запаветны востраў” (возера Івесь), з ласкавага запрашэння яе ветлівага гаспадара Алеся Цвіркі. Хутчэй за ўсё таксама з гэтай ваколіцы свой радавод вядзе Адам Шульга, дудар Буйніцкага. Да Палевачоў і Празарок адсюль зусім блізка. Непадалёк таксама па музейным пашарце прапісалася най-старэйшая (1849 г.) беларуская дуда з вёскі Верацеі. У вёсцы Шо да гэтага часу жывуць нашчадкі яшчэ аднаго дудара – Уладзіміра Паўлавіча Забелы, 1928 г.н., завадатара традыцыйных каляндарных святаў, актыўнага калядоўшчыка і валачобніка. Такая вось канцэнтрацыя дударскай аўтэнтыкі. Усё гэта сведчыць пра тое, што дзядзька Мікола ведаў гэтую тэму не па кніжках, а сапраўды быў апошнім вучнем знакамітага дудара Глыбоцкага краю, Пятра Бурца.
Фота: Алега Белавусава.
1 Першая вядомая публікацыя (з 11 чэрвеня 1904 г.) з’явілася ў варшаўскім ілюстраваным тыднёвіку “Naokolo swiata”. Выданне адзначае, што фотаздымкі фатографа-аматара М. Кус-цінскага былі ўзнагароджаныя ў конкурсе зладжаным рэдакцыяй.
2 Адзін з асобнікаў захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, і спецыялісты датуюць яе 1905-1920 гг. Глыбоцкі краязнавец і аўтар кнігі “Глыбокае на старых паштоўках” (1998) Уладзімір Скрабатун вызначыў, што паштоўка была выдадзена ў Пецярбургу, у беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”, значыць паміж 1906 і 1914 годам. Датаванне Уладзіміра Скрабатуна больш дакладнае за бібліятэчнае. Аналіз стаў магчымым дзякуючы перапісцы з Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы і атрыманню выя-вы адваротнага боку паштоўкі, якая, калі не лічыць газетных выданняў, публікуецца ўпершыню.
3 Трупа двойчы выступала ў Пецярбургу разам са сваім дударом Адамам Шульгом у 1911 і ў 1912 гадах.
4 Дуда была зроблена да Другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў і з’яўляецца рэплікай дуды з паштоўкі. Інструмент зрабіў майстар і дудар Сяргей Чубрык. Захаваўшы асноўныя рысы і формы дуды са старой выявы, Сяргей гарманічна ўвёў таксама ўласныя, аздобныя эле-менты.
5 “Магчыма, дудар пры надзіманні меха трымаў соску зубамі, а пасля таго ён мог заломваць яе пад паху, каб паветра не выходзіла, і спяваць. Калі паветра скончвалася, цыкл паўтараўся зноў “, – Алесь Сурба.