Супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавай у Лідзе, які нядаўна адзначыў сваё 10-годдзе, поўныя новых цікавых планаў і ідэй. Некаторымі з іх падзяліўся куратар Дома Таўлая, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Ён расказаў аб планаваных зменах у экспазіцыі мемарыяльнага пакоя Валянціна Таўлая, аб пошуках бюста паэта, аб сваіх сустрэчах і падарожжах па таўлаеўскіх месцах у Менску, аб перспектывах папаўнення Дома Таўлая, дзякуючы гэтым сустрэчам, новымі экспанатамі, нарэшце, аб сваім неабыякавым стаўленні да асобы паэта, чыё імя носіць літаратурны музей у нашым горадзе.
“Хацелася б, каб пры тумбачцы з’явіўся ложак”
– Спачатку раскажу аб планах адносна мемарыяльнага пакоя Валянціна Таўлая – адной з нашых пастаянных экспазіцый, – пачынае нашу гутарку Алесь. – За апошнія гады мною, як куратарам Дома Таўлая, сабрана мноства даку-ментаў (у большасці сваёй гэта копіі), якія датычацца жыцця паэта. Іх мы адназначна будзем выкарыстоўваць. Але ў самім мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая зробім акцэнт на прадметах, мэблі таго часу, калі паэт тут жыў (канца 30-х-пачатку 40-х гадоў). Гэта можа быць і мэбля, хаця б стылізаваная пад той час. Напрыклад, у нас ёсць прыложкавая тумбачка, падораная, няхай і ў 1945 годзе, Валянцінам Таўлаем на вяселле баявога сябра – Мікалая Грабёнкіна. Хацелася б, каб пры гэтай тумбачцы з’явіўся ложак (можа, у каго ў вёсцы захаваўся старэнькі ложак прыкладна тых часоў – няхай “адшкадуе” яго для дома-музея, мы будзем вельмі ўдзячныя).
Некаторыя экспанаты з мемарыяльнага пакоя мы плануем вынесці ў калідор, і літаратурна-дакументальная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Валянціна Таўлая, будзе пачынацца з калідора. У ёй будзе адлюстравана жыццё паэта ад нараджэння да смерці. Уся інфармацыя па гэтай тэме, якая не ўвойдзе ў экспазіцыю (паколькі калідорнае памяшканне невялікае), магчыма, будзе змешчана ў інфакіёску (але гэтая інфармацыйная тэхналогія патрабуе значных фінансавых затрат на яе атрыманне і таму яшчэ толькі запланавана) або пададзена з дапамогай QR-кодаў. Па задуме, калі наведвальнік пераступіць парог, адразу акунецца ў гістарычнае мінулае, звязанае з жыццём паэта.
Асобны куток адвядзём для раздзела “Купала ў Лідзе” (якраз у той час, калі Таўлай жыў і працаваў у Лідзе, у наш горад прыязджаў Янка Купала, які выбіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе; згаданыя паэты тады сустракаліся адзін з другім, і гэтыя факты мы не можам абмінуць).
Будзе і раздзел, прысвечаны гісторыі самаго будынка Дома Таўлая, у якім у розныя перыяды месціліся і скурна-венералагічны дыспансер, і спортаддзел. Гэты раздзел таксама патрэбны, бо турысты падчас экскурсій цікавяцца, колькі гадоў гэтаму будынку, што ў ім было да таго, як ён стаў літаратурным аддзелам Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
“Яго напевам выпаў слаўны лёс…”
– Алесь, памятаю, яшчэ ў мінулым годзе ты падзяліўся са мной сваёй марай набыць дакументальны фільм пра Валянціна Таўлая. Ці здзейснілася гэтая мара?
– Сёлета Белтэлерадыёкампаніяй быў выкладзены ў інтэрнэт шэраг дакументальных фільмаў аб беларускіх пісьменніках. У сувязі з гэтым я зрабіў запыт у Белтэле-радыёкампанію на дакументальны фільм пра ВалянцінеаТаўлая, і хутка адпаведны фільм таксама з’явіўся ў сеціве. Гэты фільм называецца “Яго напевам выпаў слаўны лёс…”, зняты ён у 1981 годзе. У фільме адлюстраваны ўрачыстасці, якія праходзілі ў Баранавічах, а менавіта – адкрыццё цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая, у юнацкім аддзеле якой быў створаны музейны куток паэта. На ўрачыстасці прысутнічалі Янка Брыль, Уладзі-мір Калеснік, Якуб Міско і іншыя дзеячы беларускай літаратуры, а таксама дачка Таўлая Галіна Валянцінаўна, сваякі, блізкія Таўлая, якія расказвалі аб ім. Цяпер кожны ахвотны можа паглядзець гэты фільм у інтэрнэце. Наш Дом Таўлая можа выкарыстоўваць яго праз Wi-Fi у сваёй рабоце – напрыклад, падчас экскурсій, выставак.
– Добра было б, каб у Доме Таўлая знаходзіўся і бюст па-эта…
– Хочам знайсці і па магчымасці набыць для нашага дома-музея бюст Валянціна Таўлая, які некалі захоўваўся ў першай у Беларусі бібліятэцы імя Янкі Купалы ў вёсцы Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне (пазней яна была пераведзена ў іншы будынак, здаецца, у Сялевіцкую сельскую бібліятэку, а куды дзеўся вялізны бюст паэта, нам пакуль невядома).
Дарогамі і вуліцамі паэта
– Як вядома, апошнія гады свайго жыцця Валянцін Таўлай правёў у Менску. Завочна вучыўшыся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, ты часта бываў у Менску і наведваў там таўлаеўскія месцы, хадзіў дарогамі і вуліцамі паэта, а заадно спрабаваў запоўніць белыя плямы ў “менскім” – апошнім – перыядзе яго біяграфіі. Раскажы падрабязней аб сваіх менскіх вандроўках і сустрэчах.
– Пражываючы ў інтэрнаце, які належыць універсітэту культуры і мастацтваў, што па вуліцы Сурганава, 23 (раней гэта была вуліца Друкарская), я дазнаўся, што бліжэйшыя вуліцы маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і творчасці Валянціна Таўлая. Зусім побач, на праспекце Незалежнасці, 79, Дом друку. Пры жыцці Таўлай збіраўся там выдаць свой зборнік вершаў. На той час гэта была вуліца Пушкіна, 55, а друкарня насіла імя Сталіна. А жыў паэт непадалёку, па вуліцы Пушкіна, 56. Такі адрас ён пазначыў сам у асабістым лістку па ўліку кадраў пры афармленні дакументаў для Акадэміі навук. Копія асабістай справы з гэтай арганізацыі ў нас ёсць таксама. Я знайшоў гэты дом, у якім жыў Ва-лянцін Таўлай, калі працаваў наву-ковым супрацоўнікам музея Янкі Купалы. Гэты шматпавярховы дом знаходзіцца на вуліцы Акадэмічнай, 13. Знайсці яго мне дапамаглі ўспаміны Ніны Таўлай, сястры паэта. Побач – парк Чалюскінцаў. Праз дарогу – дом, у якім у той жа час жыў Якуб Колас (зараз у ім знаходзіцца мемарыяльны музей Якуба Коласа), і 1-я клінічная бальніца, у якой у 1947 годзе спынілася жыццё Валянціна Таўлая.
Размаўляў я па тэлефоне з Наталляй Іванаўнай Семашкевіч – дачкой Янкі Брыля, які жыў у адным пакоі з Валянцінам Таўлаем. Сама Наталля Іванаўна некалі жыла ў адным доме з жонкай Таўлая Лідзіяй Сяргееўнай і яго дачкой Галінай (на праспекце Незалежнасці, 43). Ад яе я даведаўся, што ў выдавецтве “Мас-тацкая літаратура” павінен выйсці збор твораў Я. Брыля ў дзесяці тамах. У сёмым томе будуць змеш-чаны яго ўспаміны, у тым ліку аб Таўлаі, таму гэты том у перспектыве, калі ён выйдзе, хачу набыць для нашага літаратурнага музея.
Дарэчы, у гэтым жа доме на праспекце Незалежнасці жыў і вядомы паэт-песеннік Адам Русак (яго песня “Бывайце здаровы!” і цяпер гучыць на многіх святах, вяселлях). Цяпер там жыве яго дачка Людміла Адамаўна, з якой я таксама пагутарыў па тэлефоне. Мне вядома, што яе бацька меў дачыненне і да Ліды, не раз прыязджаў у наш горад, сустракаўся ў Лідзе з паэтэсай Алесяй Бурак (у Доме Таўлая захоўваюцца лісты з іх перапіскі). Людміла Адамаўна плануе ў траўні прыехаць да нас у Ліду, мы арганізуем сустрэчу з ёю ў Доме Таўлая, яна раскажа наведвальнікам пра свайго знакамітага бацьку, пра яго сувязі з нашым горадам. Дома ў Людмілы Адамаўны захоўваецца вялізны архіў Адама Русака. Магчыма, у гэтым архіве ёсць і штосьці звязанае з Лідай, што можа быць перададзена ў наш Дом Таўлая.
І Наталля Семашкевіч, і Людміла Русак запрасілі мяне ў госці, і па магчымасці я іх наведаю, бо з іх вуснаў пачую шмат звестак, якія датычацца Валянціна Таўлая.
А яшчэ ў Менску я сустракаўся з Анатолем Клышкам, аўта-рам знакамітага “Буквара”, укладальнікам кнігі “Валянцін Таўлай” з серыі “Беларускі кнігазбор”. У яго кнізе ёсць звесткі аб тым, што сталася паміж Валянцінам Таўлаем і Кірай Бранд (першай жонкай паэта) у Лідзе ў першыя дні вайны, а таксама аб тым, як адкрывалася бібліятэка імя Янкі Купалы ў Лідзе, на цырымоніі адкрыцця якой прысутнічаў і Валянцін Таўлай. Інфармацыяй, якая не патрапіла ў кнігу, Анатоль Клышка падзяліўся са мною.
Замест пасляслоўя
– Бываючы ў Менску, – адзначае ў канцы нашай гутаркі Алесь Хітрун, – я абавязкова наведваю і месца апошняга прытулку Валянціна Таўлая – яго магілу на Вайсковых могілках па вуліцы Казлова, 11, кладу на гэтую магілу кветкі, і дух Таўлая, я ўпэўнены, дзякуе мне, спрыяе мне ў знаходжанні новых звестак. Так, я неабыякава стаўлюся да асобы Валянціна Таўлая, і назву распрацаванаму мною ў 2017 годзе экскурсійнаму маршруту па таўлаеўскіх месцах у Лідзе я даў адпаведную – “сТАЎЛенне”.
Гутарыў
Аляксей КРУПОВІЧ.
На здымках: 1) Скурна-венералагічны дыспансер (атынкаваны белы дом) – фота 1945-1953 гадоў; 2) Бюст Валянціна Таўлая, які знаходзіўся ў Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна. Месца знаходжання бюста невядомае. Фота з архіва Сяргея Чыгрына; 3) Дом Валянціна Таўлая сёння.