Увечары 13 кастрычніка 2020 года ў сталічнай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога было шумна і шматлюдна. Тут мелася адбыцца прэзентацыя кнігі сябра літаратурнага клуба “Экватар”, паэта Валянціна Шведава “Міг на часавай стужцы”. На імпрэзу прыйшлі паэты і пісьменнікі – сябры “Экватара”, аматары літаратуры, навучэнцы сталічных каледжаў, прысутнічалі супрацоўнікі бібліятэкі № 1.
У прызначаную для пачатку мерапрыемства гадзіну слова ўзяла загадчыца біліятэкі № 1 Лола Іншаземцава. Яна шчыра прывітала ўсіх прысутных, а асабліва аўтара прэзентаванай кнігі Валянціна Шведава. Яна павіншавала аўтара з такой знакавай у ягоным жыцці падзеяй, як выхад зборніка вершаў. Спадарыня Лола пажадала аўтару і ягонай кнізе добрага шляху ў жыцці і ў літаратуры і перадала слова віноўніку ўрачыстасці.
Валянцін Шведаў добра падрыхтаваўся да сваёй прэзентацыі. Ён загадзя адабраў вершы, якія будзе чытаць, падрыхтаваў невялічкую прамову для прысутных. Сабраныя ў бібліятэцы № 1 пачулі пра гісторыю стварэння аўтарам ягонага вершаванага зборніка. Таксама Валянцін Шведаў прачытаў прысутным свае лепшыя, на ягоны погляд, вершы, сярод якіх быў і твор “Кросны мовы”. Прывядзем некалькі слупкоў з яго:
У жыццi ўсё даецца няпроста:
Праз пакуты, сумненнi i кроў.
Мовы роднай ледзь рыпаюць кросны.
Час настаў абудзiцца ад сноў.
Не стамляюся я ўвек цябе славiць.
Ты – бальзамам для рванай душы.
Будзе сэрца да скону крывавiць –
Слова роднае чахне ў глушы.
Можа, зробiм урэшце свой выбар,
Сiлы ўзяўшы ад роднай зямлi,
Каб нявер’я разбiлася глыба,
Ружы мовы паўсюль расцвiлi…
Далей слова ўзяла непасрэдная вядоўца імпрэзы, шэф-рэдактар літаратурнага клуба “Экватар” Інга Вінарская. Яна паведаміла прысутным, што з’яўляецца, як правіла, рэдактарам усіх кніг, што выходзяць у сяброў “Экватара”. Так было і з кнігай “Міг на часавай стужцы”, дзе спадарыня Інга была рэдактарам, а таксама дызайнерам і тэхнічным рэдактарам. Яна ж напісала і ўступны артыкул да зборніка Валянціна Шведава пад назвай “Дабра вам зычу…”, дзе зрабіла кароткі аналіз раздзелаў кнігі і яе літаратурна-лінгвістычных асаблівасцей. Каб прысутным было больш зразумела, што за кніга прэзентуецца, рэдактарка зачытала сабраўшымся гэты свой артыкул. Паколькі аўдыторыя была большай часткай маладзёвая, Інга Вінарская прачытала некалькі сваіх вясёлых вершаў з кнігі “Солнце поэтов”, якія звычайна падабаюцца дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.
Цудоўна ўпрыгожыла імпрэзу спявачка, акторка і мастачка Міліта Сібрыкава. У бібліятэку імя Талстога яна прыхапіла губны гармонік і так званы “чароўны” мікрафон – гэта караоке-мікрафон, які не толькі узмацняе голас выканаўцы, але і грае патрэбную мелодыю, ствараючы эфект так званай “мінусоўкі”. Спадарыня Міліта тройчы выходзіла да аўдыторыі па запрашэнні вядоўцы мерапрыемства. Прысутныя пачулі самыя розныя творы ў выкананні артысткі: і спевы, і ігру на губным гармоніку, і цікавыя невялічкія аповеды.
Паэт Вячаслаў Данілаў па магчымасці не прапускае ніводнага мерапрыемства, што праводзіць літаратурны клуб “Экватар”. І канешне, Вячаслаў не мог не прыехаць на прэзентацыю кнігі Ва-лянціна Шведава, якога ведае ўжо шмат гадоў. Спадар Данілаў шчыра павіншаваў аўтара з выхадам зборніка, а потым прачытаў некалькі сваіх новых вершаў.
Паэтка Клаўдзія Максімава часам жыве ў Маскве, часам – у Менску. Калі яна знахо-дзіцца ў Беларусі, то заўсёды з задавальненнем прысутнічае на мерапрыемствах “Экватара”. Так было і з прэзентацыяй Валянціна Шведава, якога Клаўдзія Максімава прыйшла павіншаваць з такой цудоўнай падзеяй у ягоным жыцці, як выхад паэтычнай кнігі. Спадарыня Клаўдзія прачытала тым восеньскім вечарам шэраг сваіх глыбокіх філасофскіх вершаў, якія пра многае прымушаюць задумацца слухачоў.
Лера Лявонцьева вельмі любіць моладзёвую аўдыторыю, таму што шмат піша для яе. На прэзентацыі Валянціна Шведава Лера прачытала спецыяльна адабраны ёй маналог з адной з кніг “Светлай навукі для моладзі”, а таксама невялічкае гумарыстычнае апавяданне.
Раіса Марозава сама вершаў не піша, але заўсёды ахвотна чытае для прысутных паэтычныя творы свайго мужа Уладзіміра Марозава, які тры гады таму пайшоў з жыцця. Дарэчы, з дапамогай літаратурнага клуба “Экватар” у 2020 годзе выйшла першая афіцыйная і, нажаль, пасмяротная кніга Уладзіміра Марозава “Вос-хождение в себя”. Некалькі твораў з гэтага зборніка на тэму кахання і прачытала спадарыня Раіса для сабраўшайся аўдыторыі.
Паэтка Тамара Смірнова доўгі час адсутнічала на Радзіме, у Беларусі. Яна амаль год адпрацавала па кантракце ў Іярданіі. Вярнуўшыся дадому, яна зазначыла, што леш за родную зямлю нічога ў свеце няма і што больш яна нікуды не хоча ехаць. Прысутныя пачулі ў выкананні Тамары Смірновай яе вершаваныя творы на беларускай і рускай мовах.
Усіх выступоўцаў аўдыторыя шчыра вітала апладысментамі.
На заканчэнне імпрэзы вядоўца Інга Вінарская падзякавала ўсім прысутным за тое, што сабраліся на вечарыну ў такія няпростыя ва ўсіх сэнсах часы. У бібліятэкі каледжаў, на-вучэнцы якіх прысутнічалі на імпрэзе, былі падараваны кнігі некаторых аўтараў літаратурнага клуба “Экватар”, а таксама альманах “Літаратурны экватар” № 8 (10).
Потым адбылася аўтограф-сесія паэта Валянціна Шведава, агульная выніковая фота-сесія сяброў “Экватара”, а таксама невялічкае чаяпіцце ў адным з залаў бібліятэкі.
І. Вінарская.
Дабра вам зычу!..
Асноўныя функцыі паэзіі – несці святло людзям, станоўчыя эмоцыі, сцвярджаць дабро і справядлівасць. І калі гэта сапраўдная паэзія, то святло і дабро прабіваюцца нават скрозь сумныя вершы.
Мы надзею ўсе носім.
Цэрквы клічуць званамі.
Для душы спакой просім
У таго, хто над намі.
Не злучыць душу з верай –
Суддзі мы сабе самі!
Мо, адчынім мы дзверы
Да таго, хто над намі?!
Перад вамі, шаноўныя чытачы, першая кніга паэзіі вельмі цікавага аўтара – Валянціна Шведава, з вельмі арыгінальнай, зусім не банальнай назвай – “Міг на часавай стужцы”. Зборнік атрымаўся глыбокі, шмат тэм закрануў у ім аўтар.
Усяго раздзелаў дзевяць: “Зямля бе-ларуская” – асвячае тэму нацыянальнай свядомасці, незалежнасці, беларускай мовы; “Белая царква” – змяшчае вершы рэлігійнай тэматыкі; “Рэха памяці” – прысвечаны ўспамінам дзяцінства, а таксама роздумам пра патрыятызм і любоў да Радзімы; “Ці была яна, тая сустрэча” – распавядае, канешне, пра каханне і ягоныя наступствы; “Пазайздросціў люты маю” – бадай, найвялікшы раздзел кнігі – прысвечаны апісанням прыроды, надвор’я, пораў года – а самая любімая пара ў аўтара, канешне, восень; “Бяру я аловак” – прысвечаны тэме творчасці і творцам; “Паміж гэтым і тым” – змяшчае філасофскую лірыку; “Ты, сынок, пазвані” – раскрывае тэму сям’і, тут знахо-дзяцца вершы, прысвечаныя сваякам і сябрам; “У аркестр клічуць зайца” – змяшчае дзіцячыя вершы.
Вось такая аб’ёмістая кніга. Зборнік багаты моцнымі вобразамі, прыгожымі метафарамі, эпітэтамі. У аўтара цудоўная, вельмі каларытная беларуская мова. У асноўным, Валянцін Шведаў прытрымліваецца класічнай манеры напісання вершаў, але ёсць тут і свае, аўтарскія знаходкі ў плане вершаванай тэхнікі.
Зборнік “Міг на часавай стужцы” – гэта падвядзенне пэўных вынікаў за вялікі прамежак часу жыцця аўтара, такое своеасаблівае падсумаванне перажытага. І вынікі гэтыя станоўчыя, пазітыўныя.
Праляцелі, бы птушкі,
Неўзаметкі гады.
Міг на часавай стужцы –
Пыл заносіць сляды.
Памяць верне карціны,
Нібы рэха ў бары.
Клічуць шчасця мясціны
І маленства сябры.
Хочацца пажадаць аўтару яшчэ шмат натхняльных імгненняў, каб кніга “Міг на часавай стужцы” стала першай, але далёка не апошяй у ягоным жыцці, а чытачам – прыемнага падарожжа па старонках зборніка, аўтар якога зычыць нам усім дабра.
Паэтка, пісьменніца, журналістка
Інга Вінарская.