21 кастрычніка ва ўтульнай менскай сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны гледачы сустрэліся з любімымі акторамі Купалаўскага тэатра – народнай артысткай Беларусі Зояй Белахвосцік, Юліяй Шпілеўскай, Юрыем Хілаўцом, Андрэем Сенажэнскім і іншымі, заспявалі разам “Купалінку”, “Пераменаў”, узгадалі больш за 100-гадовую гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, сімвала нацыянальнай культуры.
Будынак губернскага тэатра быў пабудаваны ў Менску ў 1890 годзе па праекце Караля Казлоўскага і Канстанціна Увядзенскага. На сцэне тэатра выступалі лепшыя пецярбургскія і маскоўскія трупы і цэлае сузор’е славутых артыстаў: В. Камісаржэўская, М. Савіна, У. Давыдаў, А. Южын і інш. Усевалад Меерхольд ставіў на сцэне губернскага тэатра п’есу Аляксандра Блока ” Балаганчык”.
Урачыстае адкрыццё Беларускага Дзяржаўнага Тэатра (БДТ) адбы-лося 14 верасня 1920 года. Аснову маладога тэатра склалі акцёры “Першага беларускага таварыства драмы і камедыі” пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча: Ірына Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Стэфанія Станюта, Канстанцін Саннікаў і інш. У 1921 годзе ўрад надаў маладому тэатру званне “Акадэмічнага”.
Да 1927 г. у склад тэатра ўваходзілі: хор пад кіраўніцтвам Тэраўскага, балетная трупа пад кіраўніцтвам Алексютовіч і сімфанічны аркестр. Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць. На сцэне той пары гледачы бачылі фрагменты з опер “Князь Ігар” Барадзіна, “Зачараваны лес” Дрыго, “Фея лялек” Байера. У хуткім часе аматары опернага мастацтва змаглі атрымаць асалоду слухаць “Русалку” Даргамыжскага ў выкананні салістаў хору. Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з’явіўся твор Аладава “Тарас на Парнасе”.
У 1944 г. рэжысёр Леў Літвінаў паставіў славутую “Паўлінку” (прэм`ера адбылася ў горадзе Томску). У гэтым жа годзе тэатру было нададзена імя беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 г. – званне “Акадэмічнага”.
Знакамітая “адліга” 1960-х гадоў, якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла ў Купалаўскі тэатр новы подых. Пастаноўкі маладых і яркіх рэжысёраў новай хвалі: Барыса Луцэнкі і Валерыя Раеўскага, аб’ядноўвалі лепшыя традыцыі тэатра і наватарства.
На вечарыне разам з Зояй Валянцінаўнай Белахвосцік госці ўзгадалі вядомых мастацкіх кіраўнікоў і рэжысёраў тэатра: Глеба Глебава, Барыса Платонава, Барыса Эрына, Валерыя Раеўскага, Мікалая Пінігіна. Не забылі гледачы старэйшых пакаленняў грамадзянскага тэмпераменту Лілеі Давідовіч і Валянціна Белахвосціка, невычарпальнага жыццялюбства Генадзя Аўсяннікава, філасофскай глыбіні Віктара Та-расава, унутранай энергіі і чалавечай трываласці Галіны Макаравай, жаноцкасці і мудрасці Марыі Захарэвіч.
З пакалення ў пакаленне перадаецца ў Купалаўцаў любоў да беларускай літаратуры, да паэтычнага слова, народнай песні. Таленавіты, з пачуццём уласнага гонару, стойкі і паслядоўны на абраным шляху калектыў купалаўцаў застаўся верным нацыянальнай ідэі, людскасці, гуманнасці.
У 1993 г. за высокія дасягненні ў галіне развіцця беларускай тэатральнай культуры Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь тэатру імя Янкі Купалы быў прысвоены статус “Нацыянальны”. У 2009 г. мастацкім кіраўніком тэатра стаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пінігін.
Госці вечарыны на чале са старшынёй ТБМ Аленай Анісім сардэчна падзякавалі акторам за іх грамадзянскую мужнасць, за ўсе выдатныя спектаклі, у тым ліку, за апошнюю пастаноўку “Тутэйшых”, якую на канале YOUTube ўжо прагледзелі тысячы гледачоў. Цудоўная душэўная сустрэча на сядзібе ТБМ абагрэла гасцей і выступоўцаў. Акторы падзяліліся сваімі пачуццямі і перажываннямі двух апошніх месяцаў. Прысутныя запэўнілі: “Народ не пакіне сваіх артыстаў!” і склалі сваім прыгажуням і музыкам пачастункі, самыя прыгожыя восеньскія кветкі, паштоўкі, ахвяраванні.
Свой выразны верш, прысвечаны Купалаўскаму тэатру, прачытала на заканчэнне Святлана Багданкевіч.
Санет Стэфаніі Станюце
Яна нам свеціць зоркаю з экрана,
Ды ўжо яе не ўбачым маладой
Ні той галоўкі з пышнаю касой,
Ні гнуткага, як у танцоркі стана.
Усё было занадта рана –
Яна прыйшла ў кіно
на роль старой,
Што з роднай паяднаная зямлёй,
Каб людзям і дабру
служыць аддана.
Прыйшла,
каб увасобіць тып народны
У прастаце сваёй высокародны.
І ў постаці, і ў гэтым твары ёсць
Усім жыццём набытая, святая,
Такой высокай
пробы прыгажосць,
Што пазайздросціць ёй і маладая!
Э. Дзвінская,
фота аўтара.