Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Даследаванне эвалюцыі будаўнічай тэхнікі і матэрыялаў

Даследаванне эвалюцыі будаўнічай тэхнікі і матэрыялаў

10 лістапада 2020, 10:44 Выданні 73
Даследаванне эвалюцыі будаўнічай тэхнікі і матэрыялаў

Адным з галоўных прызнакаў той ці іншай цывілізацыі з’яўляецца мураванае будаўніцтва. Толькі маючы моцную дзяржаву і значныя фінансавыя сродкі можна будаваць велічныя храмы і замкі, гарадскія ўмацаванні, палацы, ратушы, жылыя дамы і загарадныя рэзідэнцыі. Нашы продкі ўмелі будаваць і пакінулі вялікую спадчыну, якую трэба вывучаць і захоўваць. На жаль, значная частка ўнікальных будынкаў была знішчана, і ў зямлі захаваліся толькі іх сутарэнні і падмуркі. Тыя пабудовы, якія ацалелі на зямной паверхні, патрабуюць кансервацыі і рэстаўрацыі.

Пачынаючы з XVIII ст. бе-ларускія помнікі мураванага дойлідства вывучаюць археолагі.

Архітэктурная археалогія – адзін з напрамкаў даследаванняў, які ў наш час набывае надзвычай важнае значэнне ў сувязі з развіццём рэстаўрацыі, музеефікацыі і прыстасавання помнікаў архітэктуры да патрэбаў айчыннага і замежнага турызму.

Гэты накірунак гістарычнай навукі атрымаў трывалае заканадаўчае абгрунтаванне ў сувязі з прынятым у 2016 г. Кодэксам аб культуры.

Праблема тэхналагічных аспектаў узнікнення і развіцця беларускага мураванага дойлідства, якая грунтуецца на гісторыі будаўнічай тэхнікі і розных будаўнічых матэрыятаў, дазваляе вызначыць месца беларускай архітэктуры ў кантэксце еўрапейскага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. як складовай часткі еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі перыяду Сярэднявечча і Новага часу.

Мэта новага даследавання кандыдата гістарычных навук Алега Трусава “Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнага дойлідства Беларусі  ХІ – ХVІІІ стст.” – распрацаваць функцыянальную і архітэктурную тыпалогію і храналогію, архітэктурна-археалагічную класіфікацыю беларускага мураванага дойлідства XI-XVIII стст., якая грунтуецца на падрабязным аналізе будаўнічай тэхнікі.

У гэтай кнізе аўтар паставіў перад сабой наступныя задачы:

– даследаваць уплыў візантыйскай архітэктурна-будаўнічай культуры ў беларускім культавым дойлідстве ХІ-ХІІ стст.;

– распрацаваць і прасачыць на аснове сацыяльнага і рэлігійнага статусу тэхнічныя асаблівасці і функцыянальную тыпалогію гатычнай абарончай і сакральнай беларускай архітэктуры ХІІІ-ХV стст.;

– вызначыць ролю фартыфікацыйнага, палацавага і сакральнага дошіідства Беларусі ў сувязі з уплывам рэнесансавай будаўнічай тэхнікі і з’яўлення новых будаўнічых прыёмаў і матэрыялаў у XVI ст.;

– прасачыць барокавыя ўплывы ў грамадзянскім, абарончым і культавым дойлідстве Беларусі ХVІІ-ХVІІІ стст. праз дэталёвае вывучэнне асноўных будаўнічых канструкцый.

Аб’ектам даследавання з’яўляюцца помнікі беларускага манументальнага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. Прадмет даследавання скла-дае працэс эвалюцыі будаўнічай тэхнікі будынкаў культавага, абарончага, грамадзянскага і жылога дойлідства, якія былі даследаваны археолагамі на працягу XVIII – пачатку XXI ст., іх асноўныя канструкцыі і будаўнічыя матэрыялы, а таксама рыштунак беларускіх дойлідаў.

Упершыню ў гістарычна-археалагічнай навуцы Беларусі і суседніх краін у кнізе поўна і сістэмна разглядаецца беларускае мураванае дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. як цэласная гістарычна-культурная з’ява ў сукупнасці яе фармальных і змястоўных характарыстык.

Правядзенне архітэктурна-археалагічнага вывучэння бела-рускага манументальнага дойлід-ства ХІ-ХVІІІ стст. дазваляе ахарактарызаваць беларускую архітэктуру як еўрапейскі гістарычна-культурны феномен.

Гэтая тэма набывае пэўную цікавасць не толькі для айчыннай навукі, але і для даследчыкаў сумежных краін, якія маюць агульныя з нашай краінай перыяды супольных гістарычных дзяржаўных утварэнняў.

На тэрыторыі Беларусі захавалася значная колькасць архітэктурных помнікаў ХІ-ХVІІІ стст. Шмат з іх вывучаў непасрэдна аўтар кнігі. Найперш гэта замкі ў Лідзе, Крэве, Міры, Стары замак і Каложская царква ў Гародні, Барысаглебская царква ў Наваградку, Дабравешчанская царква ў Віцебску, ратуша ў Магілёве і іншыя.

Тэхналагічныя і тэхнічныя аспекты беларускага мураванага дойлідства А. Трусаў вывучае з 1976 года. Аўтар кнігі з’яўляецца першым даследчыкам гісторыі будаўнічых матэрыялаў і асноўных архітэктурных канструкцый, знойдзеных падчас археалагічных даследаванняў у Беларусі. Ён мае некалькі аўтарскіх і калектыўных манаграфій па тэме кнігі, у якіх даецца падрабязная характарыстыка відаў цэглы, дахоўкі і плітак падлогі, кафлі, розных тыпаў каменных і цагляных муровак ды іншых будаўнічых матэрыялаў. А. Трусаў падрыхтаваў да друку і выдаў унікальныя працы І. Хозерава па полацкім і смаленскім дойлідсгве XI-XIII стст., прааналізаваў дзейнасць П. Рапапорта, М. Ткачова, Л. Аляксеева і іншых даследчыкаў беларускага дойлідства, а таксама выдаў брашуру і альбом (у суаўтарстве), прысвечаныя гісторыі беларускага кафлярства. Увёў у навуковы ўжытак існаванне ў Беларусі віцебскай архітэктурнай школы XII ст. Аўтар мае адпаведныя публікацыі ў літоўскіх, украінскіх, польскіх і расійскіх выданнях.

Нягледзячы на тое, што беларускія даследчыкі не раз адзначалі важнасць даследавання будаўніча-тэхнічных аспектаў мураванага беларускага дойлідства, распрацоўка гэтай праблемы на абагульняльным і параўнальным узроўні ў нашай краіне пакуль не праводзілася, таму гэтая манаграфія зможа запоўніць вышэйпазначаную лакуну. Манаграфія дапаможа арганізаваць рэстаўрацыйныя работы на розных помніках беларускага дойлідства на высокім еўрапейскім узроўні. У ёй аўтар сістэматызуе і выкладае канкрэтныя веды не толькі для рэстаўрацыі, але і для музеефікацыі шэдэўраў беларускага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст., а таксама для будучага рэспубліканскага музея гісторыі будаўнічай тэхнікі.

З 1995 г. аўтар манаграфіі – дацэнт у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, выкладаў і выкладае такія дысцыпліны, як “Археалогія”, “Асновы кансервацыі і рэстаўрацыі”, “Гістарычнае краязнаўства”, “Гісторыя архітэктуры”, “Музейная архітэктура” і “Тэорыя і практыка рэстаўрацыйнай дзейнасці”. Некаторыя матэрыялы кнігі былі раней апублікаваныя ў выглядзе асобных артыкулаў.

Кніга выдадзена ў выдавецтве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў накладам у 100 асобнікаў. Фармат А-4. У кнізе – 195 старонак тэксту і 110 стронак каляровых ілюстрацый.

Набыць кнігу можна ў “Акадэмкнізе” ў Менску. Там жа, у “Акадэмкнізе”, 10 лістапада ў 17.00 пройдзе яе прэзентацыя. 

Яраслаў Грынкевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
Далучайцеся да нас