Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Наш творца – Юрась Несцярэнка

Наш творца – Юрась Несцярэнка

29 верасня 2020, 18:09 Культура 47
Наш творца – Юрась Несцярэнка

У нашым слаўным горадзе Магілёве жыве цікавы чалавек і творца – гэта Юры Несцярэнка. Калі вам, дарагія магілёўцы, спатрэбіцца лекцыя, або цікавы папулярны экскурс пра гісторыю сучаснай музыкі, то лепшага “гіда” ў гэта тонкай сферы, чым Юрась Несцярэнка, вам не знайсці! Бо калісьці самому Народнаму паэту Нілу Гілевічу пан Несцярэнка распавядаў пра змест сваёй фанатэкі, калі яшчэ жыў ў старажытных Бялынічах….

Юрась Несцярэнка – вядомы на Беларусі пісьменнік і спявак. Юрась шмат дзе выступае ў нашай краіне, у розных аўдыторыях і перад разнайстайнай публікай. Яму пашчасціла працаваць побач з такім выбітным беларускім пісьменнікам, як Людміла Рублеўская, на словы якой Юрась напісаў не адну песню.

Разам з вядомым расійскім спеваком, які мае беларускія карані, Андрэем Макарэвічам, некалькі год таму меў месца сумесны праект па перакладзе творчасці вядомага музыкі (гл. “Анталогія перакладаў расейскай рок-музыкі”, часопіс “Дзеяслоў”, № 69), а пазней выкананні шэрагу песень, першай з якіх была кампазіцыя “Снег” (праспяваная Макарэвічам на беларускай мове). Акрамя таго Юрась з’яўляецца стваральнікам папулярных музычных гуртоў “White Night Blues” і “Nestary Band”.

Нарадзіўся Юрась 26 чэрвеня 1965 года ў Быхаўскім раёне ў вёсцы Прыбор Магілёўскай вобласці. Навучаўся ў Менскім інстытуце культуры. Працуе ў розных жанрах: піша прозу, публіцыстыку і вершы, займаецца перакладамі. Перакладае з некалькіх моў – з польскай, англійскай, украінскай і рускай. Друкуецца ў розных выданнях. Займаецца краязнаўствам і вывучэннем Бялыніцкага краю. У Юрася ўжо выйшла некалькі кніг. Апошняя ў гэтым годзе пабачыла свет у выдавецтве “Каўчэг” і мае гучнае імя “Чароўныя назвы”. Кніга прысвечана дзецям і змяшчае ў сабе загадкі і байкі, аповеды і казкі, вершы і песні, а таксама гульні. Яшчэ да выхаду гэтай кнігі Юрась з задавальненнем сустракаўся з маленькімі чытачамі і з радасцю дзяліўся сваёй творчасцю. Адна з такіх сустрэч адбылася напрыканцы 2019 года ў дзіцячай бібліятэцы № 9 горада Магілёва. У дзіцячай кнізе сабрана каля двухсот загадак і песень на самыя розныя тэмы: звяры і птушкі, дрэвы і расліны… Вось цікавы вершык пра пітона.

Гаварыў адзін пітон

 

Самазвал прывёз пясок.

Дзеці ўсе – адразу скок!

У грудок – сядзяць, глядзяць,

Два разы не трэба зваць.

Хто знайшоў сабе нару,

Хто пітон, хто кенгуру –

У хуткім часе так нямала

Зверанятаў побач стала.

Незаўважна день праходзіць,

Вечар ціха надыходзіць,

Хутка ноч запаліць знічкі

Зверанятаў мамы клічуць.

Усіх знайшлі, прыйшлі дадому.

Дома дыялог вядомы –

Кажуць мамы: “Проста жах!

Па якіх такіх краях

Пралягаў дзіцячы шлях,

Што ў вушах і ў валасах,

На зубах і на плячах,

У красоўках і ў штанах

Уся пустыня Каракумы!

Саксаул, бархан і дзюны –

Нейкім чынам невядомым

Апынуліся ў нас дома!”

“Мама! Нават не ўяўляеш,

Колькі ты ўсяго не знаеш!

Пачакай, не лямантуй!

Не спяшайся, памяркуй:

Вось пітонам быў Антон –

Тры гадзіны поўзаў ён!

Пад уражаннем Танюша

Стала кобрай з капялюшам!

Кракадзілам быў Арцём –

Так з’явіўся вадаём!

Славік страусам назваўся,

Галавою ў пыл хаваўся!

Потым на агульны сход

Усе паўзлі ў падземны ход,

Раптам і свае хады

Пракапалі хто куды!..”

Самазвал прывёз пясок –

Беражыся, хто не ўцёк!

“Нас прываблівае ён!” –

Гаварыў адзін пітон…

 

А дасціпныя загадкі зацікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых!

 

Толькі вы селі –

Уверх паляцелі,

назад прыляцелі –

Вас гайдаюць… арэлі.

 

З горкі – звечару і зранку –

Над ільдом ляцім на… санках.

 

Сам наперад! Сам назад!

Сам катае… самакат.

 

Кніга ўжо паступіла ў продаж. І калі вы хочаце зрабіць до-бры падарунак для сваіх дзяцей, то варта набыць гэты з густам аздоблены мастацкі твор. Дарэчы, дзіцячая студыя пры Магілёўскім Палацы культуры вобласці на вершы з кнігі “Чароўныя назвы” зрабіла мініяцюры: “Гаварыў адзін пітон” і “Чароўныя канікулы”. Запрашайце, дарагія сябры, на сустрэчы і прэзентацыі, на канцэрты і размовы нашага Юрася Несцярэнку. Прыйдзе час і вы будзеце з гонарам казаць: “Я быў знаёмы з гэты выбітным дзеячом!!!”

Алег Дзьячкоў.

Магілёў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1419
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0217
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Далучайцеся да нас