У ліпені 1994 года ў гісторыі Беларусі адбылася падзея, якая асабліва тры-чатыры гады нікому не прыходзіла ў галаву. Краіна стала прэзідэнцкай рэспублікай. Да гэтага часу некалькі гадоў праіснавала таксама ў новым для яе фармаце парламенцкай рэспублікі. Хоць такое зараз дзяржаўнае ўтварэнне было і навізной, неяк палітыкам удавалася з яго дапа-могай дамагацца пэўных поспехаў. Асабліва вялікую радасць зведвалі нацыянальна свядомыя станы грамадства ад дасягненняў у правядзенні, прычым на высокім дзяржаўным узроўні, страшэнна запозненай палітыкі беларусізацыі. Была яна другой па ліку, бо першая, як вядома, прыпала на міжваенны перыяд і на радасць многім дала добры плён. Такое можна сказаць і пра Гарбачоўскую (заўсёды пішу з вялікай літары) перабудову, галоўным, адзіным правадніком якой была Кампартыя Беларусі. Заўважце: такое піша чалавек, які ніколі не належаў да яе, маючы ад гэтага нямала бар’ераў для свайго прафесійнага росту на ніве гістарычнай навукі.
Ініцыятыва з боку нізоў па выратаванні беларускай мовы ад поўнага заняпаду (завяла ж яе туды заганная бальшавіцкая нацыянальная палітыка Маскоўскага Крамля) была надзвычай магутнай. Аднак, галоўная роля ў прыняцці 26 студзеня 1990 года Закона аб мовах у Беларускай СССР належала Камуністычнай партыі Беларусі, якой ужо ў гэтым не перашкаджаў Крэмль часоў Міхаіла Гарбачова, а іншым разам нават і падштурхоўваў партыйнае кіраўніцтва рэспублікі да правядзення такіх захадаў. Згаданым Законам па ўсёй справядлівасці статусам адзінай дзяржаўнай у Рэспубліцы надзялялася толькі мова яе карэннага жыхарства. У цывілізаваных, незалежных краінах не дапускаецца, каб у такіх выпадках ёй у сапернікі навязвалі яшчэ якую-небудзь мову. Такі “гасцінец” могуць прапанаваць толькі каланіяльнай краіне.
Не будучы камуністам, вельмі шкадаваў пра роспуск Кампартыі Беларусі, бо верыў і ў яе шчырае жаданне, і ў бясспрэчную здольнасць вярнуць беларускую мову да жыцця. На вялікае шчасце, у той час, як ніколі раней, у рэспубліканскім апараце ЦК КПБ, абкамах, райкамах, гаркамах працавала шмат сапраўдных беларускіх нацыянальных патрыётаў, да таго ж яшчэ і высокага інтэлекту, якія шчыра жадалі, многа рабілі па пашырэнні сацыяльнай сферы ўжывання беларускай мовы. Затым нямала іх перайшло на працу ў розныя структуры парламенцкай сістэмы кіравання.
Праблем, у тым ліку і вельмі складаных, тэрміновых у яе хапала, што, аднак, адмоўна не адбівалася на ходзе нацыянальна-культурнага адраджэння. Яно ўпэўнена набірала размах, знаходзіла так неабходную падтрымку ў шырокіх колах грамадства. Што беларускую мову ўдасца выратаваць ад прычыненага ёй русіфікатарамі заняпаду, зрабіць, як таго яна заслугоўвала, адзінай дзяржаўнай у краіне, мала хто сумняваўся. Людзі ахвотна браліся за гэтую патрыятычную, нацыястваральную справу.
У адначассе з паспяховым, упэўненым ходам нацыянальна-культурніцкага адраджэння ак-тыўна вялася прапаганда пра не-абходнасць замены парламенцкай сістэмы на прэзідэнцкую, як ні-быта больш прагрэсіўную і аса-бліва актуальную для Беларусі ў такі нялёгкі час. На дзіва, з’явілася нямала напалеончыкаў, гатовых узяць у свае рукі ўсю паўнату ўлады.
Я знаходзіўся сярод праціўнікаў, прычым зацятых, увядзення пасады прэзідэнта, бо ведаў, колькі гора прыносіла народам такая палітычная сістэма, асабліва ў краінах Лацінскай Амерыкі, дзе прэзідэнты вельмі хутка трансфармоўваліся ў дыктатараў, якія дзеля асабістых інтарэсаў не спыняліся нават перад жорсткім пакараннем і тых, з дапамогай каго дарываліся да ўлады.
Абставіны склаліся так, што першым на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узышоў Аляксандр Лукашэнка. Падстаў у яго хапала: дзве вышэйшыя адукацыі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, поўны фізічных сіл, у час выступу добра валодаў аўдыторыяй. Аднак заўважым, у такім буйным палітычным поспеху А. Лукашэнкі немалая заслуга кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якое ў яго прамовах, дзеяннях нічога не заўважыла з беларускага нацыяналізму (у найлепшым разуменні гэтага слова), а хутчэй наадварот. Ён карыстаўся толькі рускай мовай.
На час заняцця А. Лукашэнкам прэзідэнцкага крэсла краіна задыхалася ад мноства сур’ёзных праблем, пераважна эканамічнага характару. Займаўся імі і Прэзідэнт, не забываючыся і на духоўную сферу. І гэта цалкам лагічна, абгрунтавана. Першая палітычная асоба не можа быць абыякавай да таго, у якім стане знаходзіцца такая важная сфера жыцця дзяржаўнага народа, наколькі забяспечваецца яго этнакультурная самабытнасць, ці не расхістваюцца ўстоі нацыянальнай ідэнтычнасці. Бо калі з усім гэтым ёсць праблемы, дык народ нават матэрыяльна забяспечаны, добра адукаваны можа страціць сваё нацыянальнае аблічча, стаць бесструктурнай этнічнай масай, гноем для колькаснага павелічэння іншых нацый, разбегчыся па чужых краінах.
Так сталася, што з духоўнай сферы А. Лукашэнка вылушчыў для сябе толькі моўны аспект. Вядома, апошні самы важны, асяродкавы ў ёй, і таму без грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўкі цяжка пазбегнуць сур’ёзных памылак, асабліва пры вызначэнні сацыяльнай ролі мовы ў грамадстве. Так яно і здарылася. Ужо ў першыя месяцы прэзідэнцтва А. Лукашэнка паспеў выказаць нямала негатыву на родную мову дзяржаўнага народа, у тым ліку і перад навукоўцамі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. На той сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі самой красы беларускай інтэлігенцыі філалагічнага профілю. Прамаўчалі! У даваенных беларускіх акадэмікаў, ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Усевалада Ігнатоўскага, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка хапіла б смеласці, рашучасці паправіць першую палітычную асобу БССР.
Пасіўнасць акадэмікаў, членкораў лінгвістычнага профілю на сустрэчы з першым Прэзідэнтам не пайшла на карысць ні яму, ні краіне, пра што сведчаць “набыткі” майскага 1995, лістападаўскага 1996 гадоў рэферэндумаў, у выніку іх, як і прадказвалі многія эрудыты, родная мова дзяржаўнага народа выйшла з афіцыйнага ўжывання, што не робіць гонару і палітыку № 1. Яго найгалоўны абавязак забяспечыць сваёй краіне ўсе ўмовы для развіцця на ўласнай нацыянальна-культурніцкай аснове, а не замяняць яе суседскай.
Прашу звярнуць увагу: лістападаўскі рэферэндум, згодна з якім у Рэспубліцы Беларусь і рускую мову надзялілі статусам дзяржаўнай (афіцыйнае двухмоўе), цвёрда ведаючы, што ў выніку гэтага беларуская непазбежна апынецца на задворку, стане лішняй, правялі ў год, калі спаўнялася 300-годдзе, як прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай забаранілі выкарыстоўваць яе ў службовым справаводстве (1696 г.), чым наканавалі апошняй паступовае адміранне. А. Лукашэнка, як гісторык, не мог не ведаць пра такое дзікае моваедства. Паўтарэнне ганебнай польскай практыкі, відаць, толькі надавала яму моцы ў арганізацыі рэферэндуму. Польскія забойцы беларускай мовы асабліва не афішавалі сваю расправу над ёй. Нашыя ж горапалітыкі вынікі лістападаўскага рэферэндуму давялі народу, як вялікае дасягненне ў правядзенні нацыянальнай палітыкі, хаця самі выдатна разумелі, што забілі асінавы кол у сэрца беларускай мовы. Ад людзей жа гэтую горкую праўду ўтойвалі.
Лістападаўскі рэферэндум стаў сапраўдным святам для многіх расіян, бо яны ніколькі не сумняваліся: на дзесяцігоддзе закінутай на сметнік беларускай мове не вытрымаць канкурэнцыі з рускай па абслугоўванні афіцыйнага жыцця. Радаваліся, што хоць у адной са створаных на постсавецкай прасторы дзяржаў руская мова будзе выступаць у ролі гаспадыні. За забеспячэнне ёй такога прэстыжнага, панавальнага становічша ўлады Беларусі мелі ад Расіі пэўныя прэферэнцыі.
Прадвызначыўшы бела-рускай мове паступовы адыход у нябыт, А. Лукашэнка не толькі не карыстаўся ёю пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, але і стараўся пры любым зручным выпадку сказаць штосьці абразлівае на яе адрас. Балазе, і ў часы Расійскай імперыі, і ў міжваеннай Польшчы хапала ў беларускай мовы зацятых ворагаў. За гэта ім добра плацілі, забяспечвалі хуткае прасоўванне па службовай лесвіцы. І ўжо самае агіднае: спрадвеку беларускую мову хаялі Руская праваслаўная царква і Польскі каталіцкі касцёл, на што маем права глядзець, як на вялікае злачынства гэтых канфесій перад самім Богам. Беларусы могуць толькі пазайзросціць здзейсненаму імі ўкладу ў фармаванне, развіццё, кансалідацыю рускай і польскай нацый.
Палітыкі міжваеннай Польшчы, імкнучыся хутчэй пераўтварыць беларускі абшар – “усходнія крэсы” ў тыповы польскі нацыянальны рэгіён накшталт таго, як сёння прэзідэнцкая вертыкаль падганяе – на няшчасце, даволі вынікова – нашую краіну пад рускія культурнамоўныя стандарты. У сваім інтэрв’ю карэспандэнту адной з французскіх газет польскі міністр замежных спраў Бэк сказаў (думаецца, з вялікім задавальненнем) наступнае: “Мы закрываем у Заходняй Беларусі школы і замяняем іх польскімі (якое падабенства з тым, што адбывалася з другой паловы 1990-х гадоў з беларускімі і рускімі школамі ў Рэспубліцы Беларусь!) таму, што беларусы – народ адсталы, беларуская мова неразвітая (а калі б і сапраўды было так, дык ці ж не мелі тут віны польскія асімілятары! – Л.Л.) і мала карысці прыносіць яна тым, хто ёю валодае і хто на ёй вучыцца”. Як па-добна да поглядаў на беларускую мову палітыкаў сучаснай Рэспублікі Беларусь! Такога роду ахінею нёс на беларусаў “усходніх крэсаў”, іх родую мову і другі добра вядомы ў міжваеннай Польшчы палітык Уладзіслаў Студніцкі. Яму належаць такія абразлівыя словы: “Этнаграфічная беларуская мова павінна быць безумоўна асімілявана, і беларусы павінны пакінуць мары аб нацыянальным існаванні. Ні аб якім беларускім народзе не можа быць і размовы, таму што беларусы не маюць уласных традыцый”.
Ах, як многа ў гэтым накірунку зроблена прэзідэнцкай вертыкаллю! Не сумняваюся і Бэк, і Студніцкі з вялікім задавальненнем паставілі б ёй за гэта “5” з плюсам. Але было б несправядлівым не заўважыць ў далёкім і блізкім мінулым сярод польскіх, рускіх навукоўцаў і асобаў справядлівых аб’ектыўных поглядаў на беларускую мову. Такіх хапала. Гэта сёння на іх востры дэфіцыт, бо першым трэба падтрымаць ўлады ў падгонцы беларускіх этнічных тэрыторый пад польскі манер, а другім не перашкаджаць А. Лукашэнку ў за-вяршэнні абрусення сваёй краіны. Што тычыцца царскай Расіі, дык хоць у ёй такі курс таксама лічыўся актуальным, надзённым, навукоўцы не зна-ходзіліся, як сёння, у поўнай залежнасці ад улады. Калі б усё гэта было не так, акадэмік Расійскай акадэміі навук Д. Языкаў (1773-1845) не зрабіў бы пасля наведвання беларускіх губерняў такога смелага справядлівага заключэння: “Сапраўдная мова беларуская ёсць вельмі цікавая, якую нашыя навукоўцы павіннны старанна вывучаць таму, што яна многае тлумачыць у рускіх летапісах (г.зн. старажытная. – Л.Л.) і філалогіі нашай мовы (рускай. – Л.Л.): яе можна называць бацькам вялікарасійскага дыялекту“ (падкрэслена мною. – Л.Л.). Далей акадэмік піша, што ў варажскія часы на беларускай мове размаўлялі ў Пскове і Ноўгарадзе. Нам усім, у тым ліку і Прэзідэнту краіны, трэба было кленчыць перад беларускай мовай, а не шукаць ёй “сяброўку”, з дапамогай якой вытурылі сапраўдную родную мову дзяржаўнага народа з афіцыйнага жыцця і загубілі яе. Сорам!
Па-за ўсялякіх сумненняў беларуская мова – гэта мова самабытная, арыгінальная, на некалькі стагоддзяў старэйшая за рускую. Апошняя ў сваім нараджэнні, развіцці ў многім абавязана ўкраінскай, беларускай мовам. А іншага ж і быць не магло: Маскоўскае княства фармавалася на фіна-ўгорскіх землях, дзе нельга дапусціць, каб адбываўся працэс утварэння ў якімсьці фармаце славянскай мовы. Жыхарства гэтых земляў карысталася рознымі фіна-ўгорскімі дыялектамі, якія так і не перараслі ў афіцыйную мову Маскоўскага княства. Такой яна стала дзякуючы ўплывам украінскай і беларускай моваў, культурнаму супрацоўніцтву з іх прыроднымі носьбітамі. Трэба мець на ўвазе, што пад гэты час у Маскоўскім княстве па самых розных прычынах апынулася багата адукаваных людзей з Украіны і Беларусі, якія не маглі не зрабіць вялізнага ўплыву на яго духоўнае жыццё.
Яно, дзякуючы заўжды спрыяльнаму палітычнаму фактару пасля вызвалення ад татара-мангольскага прыгнёту, ніколі не зведвала на сябе такога негатыўнага ўздзеяння, якое выпала на долю беларусаў і ўкраінцаў з-за суседства з ваяўнічай Польшчай, а пазней з-за іх знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай. Рускай культуры і мове дужа пашчасціла і сёння шчасціць, што на іх баку заўджы стаяла і стаіць дзяржаўная машына. Культуру ж і мову беларусаў яна вельмі часта ігнаравала, прыгнятала, што характэрна і для сучаснай вертыкалі.
Адабраўшы ў беларусаў праз афіцыйнае двухмоўе родную мову, улады пазбавілі іх прва быць самабытным народам і нават насіць сваё традыцыйнае імя. На пошукі яго шмат часу не спатрэбілася Прэзідэнту. Ад яго было пачута, што паколькі амаль усе беларусы з’яўляюцца рускамоўнымі – значыцца яны ёсць нацыя руская. Логікі дастаткова, бо мова ж – асноўны крытэрый вызначэння нацыянальнасці. Кожны з народаў, не будучы да канца засіміляваным, карыстаецца сваёй мовай: немцы – нямецкай, палякі – польскай, рускія – рускай, французы – французскай… Паколькі прэзідэнцкай вертыкалі ўдалося ледзве не пагалоўна зрабіць усіх беларусаў рускамоўнымі, А. Лукашэнка натуральна меў падставы назваць беларусаў рускімі. Каб і астатніх падахвоціць да такой этнічнай трансфармацыі, ён для рускамоўных беларусаў вынайшаў вельмі ўдалы этнонім: “рускія са знакам якасці”. Праўда, па старой звычцы ўсё яшчэ ўжываецца мёртвы, неадпаведны рэальнаму жыццю этнонім “беларус”.
І што дзіўна: накінуты А. Лукашэнкам на беларусаў этнонім “рускія са знакам якасці” не выклікаў ніякіх пярэчанняў у шматлікага афіцыйнага корпусу айчынных навукоўцаў гуманітарнага профілю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў у т. л. і саміх этнографаў. Яны нібыта не ведалі пра трохтомную працу нашага славутага навукоўца акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук Яўхіма Карскага “Беларусы”, вялікую колькасць кніг па этнагенезу беларусаў, выдадзеных калектывам Інстытута этнаграфіі, мастацтва і фальклору Акадэміі навук БССР, шэрагу змястоўных дэфініцый “Беларусы” ў энцыклапедычнах выданнях, у т. л і ў маскоўскіх. Сказаў Прэзідэнт краіны, што беларусы – гэта рускія, так яно і быць павінна.
На добры лад штучна, беспадстаўна накінутай А. Лукашэнкам бе-ларусам назве “рускія” павінны былі б запярэчыць і навукоўцы Расіі. Праўда ж для іх павінна быць даражэй за ўсякую хлусню, з чыіх бы вуснаў яна не сыходзіла. Відаць, абрадаваліся, што рускіх у Еўропе прыбавілася блізу на 9 мільёнаў і што ўзніклі больш спрыяльныя ўмовы для аб’яднання і рускіх, і колішніх беларусаў (то зараз рускіх) у адну дзяржаву. Бо які ж гэта сэнс аднаму і таму народу жыць у дзвюх краінах?
Ніколькі не сумняваюся: партыйна-савецкая, інтэлектуальная эліта і навата менш уплывовыя колы насельніцтва БССР, нягледзячы на свой страх перад Масквой, запратэставалі б супраць Лукашэнкаўскага атаясамлення беларусаў з рускімі, зліцця іх у адзін народ – рускі. І як жа мы здалі ў сваёй нацыянальнай свядомасці, як аддаліліся ад уласнай нацыянальнай ідэнтычнасці!!! Во якая сілішча ў прэзідэнцкай палітычнай сістэмы, запанаваных у ёй аўтарытарызму, таталітарызму!
Адзначым, што небяспечная гульня ў адзіны руска-беларускі народ мае даволі глыбокія карані. Гэ-тую карту асабліва любілі разыгрываць палітыкі царскай Расіі пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Прагрэсіўныя сілы Еўропы не маглі дараваць імператарам Расіі, Прусіі, Аўстрыі за незаконнае, гвалтоўнае расцягванне па сваіх кватэрах тэрыторыі адной з найбуйнейшых на еўрапейскім кантыненце краіны – Рэчы Паспалітай. Міналі гады, а ніхто не мог дараваць гэтым злым імперыям за ўчыненае злачынства. Вядомы палітычны дзеяч таго часу Карл Маркс назваў іх кіраўнікоў разбойнікамі з вялікай дарогі. Ва ўнісон яму Уладзімір Ленін характарызаваў іх нават каранованымі разбойнікамі. Найбольшую тэрыторыю Рэчы Паспалітай урваў сабе рускі разбойнік, “таму што быў тады (паводле ленінскай адзнакі) мацнейшы.”
У апошнія дзесяцігоддзі існавання РП афіцыйнай назвай нашага народа ў ёй была ліцвіны (літоўцы). Толькі на самым крайнім усходзе Магілёўшчыны ўжываўся этнонім беларусы (беларусцы), што ім было блізка па вымаўленні да “рускі“, які з дапамогай свецкай і царкоўнай уладаў выцясніў з афіцыйнага ўжытку назвы маскоўцы, маскавіты, масквіцяне і падобныя. Таму царызму нялёгка было апраўдацца ў развале РП. Каб хоць трохі зняць з сябе віну, ён пагаджаецца на стварэнне на базе Полацкай і Магілёўскай губерняў Беларускай губерні з цэнтрам у Віцебску. Пэўны час слова “Беларуская” прысутнічала ў назве навучальнай акругі. І неабходна адзначыць, што пазітыўна ўплывала на фармаванне ў нашых людзей праўдзівага погляду на сябе, як на адметны ад рускіх этнас. Каб быць далей ад гэтай бяды, цар Мікалай І забараняе афіцыйнае ўжыванне тэрміна “Беларусь”. Дзякуй рускім навукоўцам: на старонках іх прац часта прысутнічала слова беларусы, не атаясамлівалася з рускімі і так ніколі не адышло ў нябыт. Верыцца, што тыя навукоўцы, не ў прыклад сучасным, жывога месца не пакінулі б ад гістарычнага адкрыцця А. Лукашэнкі: беларусы – гэта тыя ж самыя рускія.
Не сакрэт, сярод навукоўцаў царскай Расіі ўсё ж хапала прыхільнікаў правядзення глабальнай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі ўсяго нярускага жыхарства імперыі. Аднак сярод іх было дастаткова і тых, хто лічыў непатрэбным правядзенне падобнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў, не бачачы ў апошніх якіх-небудзь асаблівых этнакультурных адрозненняў ад рускіх. Як мне падаецца, больш за ўсё праўды ў поглядах на гэтае няпростае, свядома заблытанае пытанне ў рускага этнографа, акадэміка Пецярбргскай акадэміі навук Аляксандра Пыпіна (1833-1904). Ён выказаў такую думку, што пасля далучэння Беларускага краю да Расіі тут на яго “глядзелі хутчэй як на польскі (заслуга паланізацыі! – Л.Л.), чым як на рускі”, “лічыі зусім альбо па большай частцы польскім і чужым”, “самі рускія… слаба прыпаміналі і ў маскоўскія, і ў найноўшыя часы сваё адзінства з беларусамі” (падкрэсліна мною. – Л.Л.). Невыпадкова такога жаданага для рускіх русіфікатараў адзінства даводзілася стагоддзямі дамагацца з-пад палкі, пусціўшы ў ход увесь рэсурс дзяржаўнага чыноўніцкага апарату, рускай сістэмы народнай адукацыі, Рускай праваслаўнай царквы. У савецкі час русіфікатарскай палітыкай на Беларусі займаліся бальшавікі, на змену якім прыйшла магутная прэзідэнцкая вертыкаль і практычна завяршыла гэты пачварны працэс.
Трагічны сыход беларусаў са сваёй нацыянальнай нівы на рускую – гэта не іх выбар, а вынік злачынных дзеянняў чужых і собскіх русіфікатараў у асобе дзяржаўных дзеячоў самых высокіх рангаў. Спасылка на нейкую надуманую міфалагічную этнакультурную тоеснасць паміж беларусамі і рускімі, як прычыну растварэння першых у асяроддзі другіх, не мае пад сабой ніякага грунту. У маскоўскія часы, г.зн на стадыі фармавання беларускай і рускай народнасцяў, гэта былі зусім непадобныя адна на адну этнічныя супольнасці, якіх аддзялялі сотні вёрстаў. Сёння на сур’ёзнае членства ў такой супольнасці народаў Маскоўскай дзяржавы прэтэндуюць татары ў асобе дэпутата Дзярждумы РФ, аўтара кнігі “Татарыя і татары” Фаціха Сібагатуліна. Ён выказвае думку, што Арда – гэта рускае рэгулярнае войска, а татары, разбаўленыя полаўцамі і магчыма булгарамі, яе ваяры. Сваіх знайшлі! Ну ці ж нам, беларусам з магутнай балцка-славянскай этнічнай асновай, лезці ў гэтую гушчу цюрскіх народаў?! Супраць іх я нічога кепскага не маю, бо ў маіх унука, праўнука (сын адышоў у замагільны свет), якія жывуць у Башкартастане), больш татарскай крыві, чым беларускай. Праўда, на маю вялікую радасць беларускага паходжання прозвішча Лыч захоўваюць.
У нас няма ніякіх падстаў бачыць штосьці прыроднабіялагічнае, агульнаэтнічнае з рускімі не толькі ў маскоўскія, але і ў больш познія часы, калі мелі адасобленую ад іх унітар-ную, уласную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае ці як яно ўваходзіла ў статусе палітычнага суб’екта ў склад Рэчы Паспалітай. Калі войскі Маскоўскага княства ўрываліся на нашую тэрыторыю, яны заўжды з лютай жорсткасцю распраўляліся і з мірным жыхарствам, чаго не могуць рабіць браты-народы. У вайне Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654-1667 гг. Беларусь страціла палову свайго жыхарства, у Вялікую Айчынную – адную трэцюю або чацвёртую частку. Розніца вялікая.
Бяспрэчна, не толькі сёння, а і некалькі стагоддзяў таму ў беларусаў і рускіх, паколькі жылі ў межах агульных краін Расійскай імперыі і СССР, не магло не з’явіцца шмат агульнага ў культуры, мове, побыце і г.д., што не можа не спрыяць усталяванню паміж імі сяброўскіх дачыненняў. Калі ж узнікалі, прычым нават і сур’ёзныя канфлікты, дык гэта толькі па віне палітыкаў.
Як бы на сэрцы не было балюча, неабходна прызнаць: ва ўсёй сваёй масе беларусы не валодаюць, не карыстаюцца базавай, роднай мовай бацькоўскай зямлі. Гэтая злыбеда закранула нават абсалютную бальшыню палітыкаў, інтэлектуальнай эліты. Паводле галоўнага вызначальнага крытэрыю нацыянальнай прынадлежнасці – мовы, і яны разам з усім народам знаходзяцца на апошняй стадыі этнічнага вымірання. І ўсё ж давайце не мірыцца з гэтым, дакажам усяму цывілізаванаму свету, што беларусы, накшталт птушкі фенікса, могуць паўстаць з попелу. Рыхтуючыся да здзяйснення такой высокароднай гістарычнай місіі, мы не маем права памыляцца ў абранні вартага ёй Прэзідэнта краіны. Ім найперш за ўсё павінна быць асоба цвёрдай беларускай нацыянальнай арыентацыі. Асоба, здольная на 180о павярнуць кола айчыннай гісторыі. Годзе з ўдзелам уласнага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату так бязлітасна разбураць нацыянальныя асновы жыцця беларусаў! Хоць і моцна спазніліся, але трэба нацыяруйнавальную дзейнасць дзяржавы замяніць нацыястваральнай! Для такой радыкальнай перабудовы патрэбны новы, нацыянальнаадказны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Леанід Лыч,
доктар гістарычных навук, прафесар