На кніжных паліцах у бібліятэках з’явілася новае выданне. Пісьменніца, журналістка і тэатральны крытык Таццяна Мушынская выдала ў 2020 годзе дакументальна-мастацкую аповесць “Сямейны партрэт на фоне эпохі”, прысвечаную бацькам: члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару філалагічных навук, прафесару, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Міхасю Іосіфавічу Мушынскаму і яго жонцы Тамары Фёдараўне.
Цягам многіх гадоў М.І. Мушынскі (1931-2018) ўзначальваў аддзел выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства. Пад яго кіраўніцтвам была ажыццёўлена падрыхтоўка шматтомных выданняў класікаў нацыянальнай літаратуры: зборы твораў Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа. З цёплымі пачуццямі ў абразках і нататках дачка навукоўца Таццяна Міхайлаўна ўспамінае яркія эпізоды з жыцця бацькоў. Для многіх чытачоў кніга – нагода для развагі, як найлепшым чынам захаваць памяць пра адышоўшых бацькоў, якія жыццёвыя ўрокі засвоіць.
Сілуэты
Першакласнік Міша Мушынскі – вясковы хлопчык з наіўным і крыху праставаным тварам. У часы маладосці на студэнцкіх здымках у яго абліччы шмат акрыленасці, рамантычнасці, расхінутасці свету. На фотаздымках больш позняга часу, на пачатку новага стагоддзя, выраз яго твару часцей засярожданы і строгі.
Бабуля Марфа Іванаўна называла майго бацьку “Мішачка- сыночак”, жонка “Міхаська”, я “татка і папусік”. Дзмітрый Іванавіч Сыракваш, муж Валянціны Іосіфаўны, бацькавай сястры, звяртаўся так: “Пан прафесар”.
Міхась Іосіфавіч любіў прастор поля і лугу, вандроўкі па лесе, цішыню і засяроджанасць. Любіў не мітусіцца, а займацца любімай справай. Цаніў унутра-нае адчуванне сябе як героя. Як філосафа і чалавека, што шырока і фундаментальна мысліць. Ён быў інтэлектуалам, для якога кніга і літаратура з’яўляліся цэнтрам, вакол якога круцілася ўсё астатняе.
Многія з калег і вучняў бацькі згадваюць яго вясёлы, жыццярадасны характар, уменне быць душой кампаніі.
Такім раскаваным, абаяльным, свецкім тата ад прыроды не быў. Яго характар асабліва ў першай палове жыцця не выглядаў лёгкім. Меліся і празмерная крыўдлівасць і схільнасць губляцца ў нечаканых жыццёвых сітуацыях, іх празмерна драматызаваць. Але бацька ўсё жыццё свой характар “ляпіў”, карэкціраваў, мяняў, габляваў і шліфаваў. Шмат чым пад уплывам мамы, неверагоднай аптымісткі, чалавека тактоўнага і жыццярадаснага.
Пасля заканчэння БДУ бацька марыў паступіць у аспірантуру, бо ў студэнцкія гады хацеў займацца навукай. Але месца ў аспірантуры мелася адно, і нечакана яго аддалі Міхасю Ткачову. Тата, рамантык і летуценнік, арыентаваны на будучы поспех, поўны ідэй і задум, не рэалізаваўшы мары, моцна захва-рэў. Выявілася нярвовае знясіленне і дэпрэсія.
Дыягназ і прысуд дактароў аказаўся страшным: “Рассяны склероз”. На шчасце, дактары памыліліся ў дыягназе і ў прагнозах. Дапамаглі выпісаныя лекі. Бацька некалькі разоў ездзіў у санаторый у Друскенікай. У тым, што ачуняў і вярнуўся да навуковай працы, паспяхова напісаў кандыдацкую, а потым і доктарскую галоўнай была любоў і непахісная вера маці ў тое, што яе дарагі Міхаська паздаравее, павесялее. І наперадзе ў іх доўгае жыццё – незвычайнае і шчаслівае.
Пасля драматычнага перыяду, які, на шчасце, скончыўся ап-тымістычна, бацька і маці зрабілі грунтоўныя высновы. Яны фар-муляваліся не словамі, але істотна ўплывалі на лад жыцця. Бацька ніколі не імкнуўся працаваць праз сілу. Строгасць, сабранасць, пэўны педантызм, засяроджанаць на працы – гэтыя рысы вызначалі бацькаў характар. А дысцыпліна, нармальны сон абавязковыя, штодзённыя прагулкі на свежым паветры зрабіліся звыклымі рысамі ўкладу сям’і. Менавіта строгасць і спакойны, цвярозы рацыянальны падыход да працы зрабіліся прычынай бацькавага даўгалецця, чалавечага і навуковага.
Маці бачыла: бацька адчувае сябе свабодна і разняволена ў свеце кніг, літаратуры, у свеце складаных філасофскіх пытанняў, але не надта любіць побыт. Таму мама заўжды імкнулася ўзяць на сябе большасць паўсядзённых і побытавых клопатаў.
Сымон-музыка і вядро трускалак
У 1963 годзе бацька абараніў кандыдацкую. Назва фармулявалася так – ” Творчая гісторыя паэм Якуб Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Міхасю Іосіфавічу – 32 гады. Гэта быў пачатак яго даследванняў спадчыны паэта, якім ён будзе займацца ўсё сваё жыццё. Напярэдадні з Быхава, з радзімы прыехаў Анатоль, бацькаў малодшы брат. Прывёз вялікае вядро на дзесяць літраў трускалак і штосьці кшталту смажанага ці вэнджанага кумпяка. У 1964 годзе пасля абароны ў сям’і адбылася важная падзея – нарадзіўся малодшы брат Андрэй.
Мама як сонца
Для кожнай істоты, асабліва малой, мама – галоўны чалавек у жыцці. Сустрэча з ёй – самая важная, істотная і вызначальная. У дзіцячым узросце ўспрыманне бацькоў і блізкіх ідзе на падсвядомым ці энергетычным узроўні. Не можаш патлумачыць, чаму так адчуваеш, а не іначай.
Мама ў маленстве ўспрымалася мной як сонца. Ласкавае, добрае, шчодрае, цёплае. Сонца патрэбна ўсім – дрэву, кветцы, дзіцяці. Мама ўваходзіць у пакой – і ўсё ажывае. Асвятляецца яе радасцю, прыязнасцю, грацыёзнымі жарцікамі. Усё пачынае граць новымі фарбамі. Пералівацца і ззяць, як ззяе на сонцы кропля расы. Карцінка, якая трывала засталася ў памяці: мама сядзіць у кухні каля печы, дзе цёпла. Трымае на руках скрутак-немаўля – майго малодшага брата. У хату асцярожна заходзяць Марыя Іванаўна і Фёдар Фёдаравіч. На тварах адлюстраваны цікавасць, хваляванне, усведамленне ўрачыстасці моманту…
Зялёны Луг. Краны, катлаваны, будоўля
У жніўны 1964 года сям’я перабралася з Грушаўкі ў Зялёны Луг. Пачыналася новае жыццё. Тэрыторыя ў межах вуліц Каліноўскага, Сядых і Коласа ў другой палове 1960-тых гадоў актыўна забудоўвалася. У мікрараёне атрымлівалі кватэры пераважна сем’і з дзецьмі. Там, дзе заканчваліся дамы, услед за балотцам і нізінкай знаходзіўся зялёны лужок. Ля самага лесу стаялі хаты вёскі Падбалоцце. Цяпер на тым месцы – вуліцы Карбышава і Цікоцкага, шматпавярховікі Зялёнага Лугу-5. Не засмечаная прыгарадная зона, а сапраўдны лес. Светлы, пераважна сасновы, дзе панавалі велізарныя гонкія дрэвы. Тут прастора аказвалася чыстай, некранутай. Бацька часта тымі сцежкамі хадзіў. І сам, і мы разам з ім. Маршруты лясных вандровак кожны раз аказваліся рознымі.
У 1965 годзе ў выдавецтве “Навука і тэхніка” выйшла першая манаграфія бацькі “Ад задумы да здзяйснення. Творчая гісторыя “Новай зямлі” і “Сымона – музыкі”.
Працаваць для Гісторыі
На чым грунтавалася выключная працаздольнасць бацькі? Па-першае, у яго былі трывалыя і здаровыя гены. Марфа Іванаўна, ягоная маці, пражыла амаль 90 гадоў. Яна была рухавай, гаспадарлівай жанчынай, працавала да глыбокай старасці. Існуе такі выраз: “Вялікая энергія нараджаецца для вялікай мэты”. Мне здаецца, што стыль жыцця Міхася Іосіфавіча выдатна яе ілюструе. Бацька ўсведамляў, што працуе для гісторыі. Што акадэмічныя выданні, новая “Гісторыя літаратуры” будуць арыенцірам для наступнага пакалення даследчыкаў. А грунтоўныя распрацоўкі Інстытута літаратуры паўплываюць на праграмы школьныя і гуманітарных факультэтаў ВНУ. Гэтая акалічнасць, выдадзеныя кнігі і шматлікія прыкметы грамадскага прызнання натхнялі і ўсцешвалі. Давалі новыя імпулься і штуршкі для руху наперад.
Сябры
Пра маштаб асобы сведчыць тое, з кім кантактуе і сябруе чалавек. Мой бацька заўсёды меў самыя добразычлівыя стасункі з калегамі. З літаратуразнаўцамі і пісьменнікамі Алесем Адамовічам і Віктарам Каваленкам, Іванам Навуменкам і Дзмітрыем Бугаёвым, Васілём Жураўлёвым і Вячаславам Рагойшам. Вельмі любілі Міхася Іосіфавіча супрацоўнікі Коласаўскага музея.
Бацька заўжды імкнуўся апранацца акуратна і элегантна. Касцюмы яму пасавалі, надавалі афіцыйны, у нечым строгі выгляд. Увага да знешняга выгляду мела шмат прычын. Па-першае, вымагалі пасады і грамадскі статус навукоўца. Немалая колькасць літаратурных, навуковых, грамадскіх мерапрыемстваў, у якіх трэба ўдзельнічаць, паседжанні вучонага савета Інстутута літаратуры і паседжанні прэзідыума Акадэміі навук. Па -другое, калі ў 1986 годзе Мушынскі стаў загадчыкам сектара тэксталогіі і выданняў, высветлілася: пераважная большасць яго супрацоўнікаў – жанчыны. Міхасю Іосіфавічу хацелася выгля-даць прадстаўніча, бо жаночае вока звычайна ў момант вызначае, добра клапоціцца пра мужа жонка ці не надта. Бацька заўсёды выглядаў дагледжаным. Маці за ягоным выглядам і гардэробам сачыла. Імкнулася, каб ён быў апрануты модна і па-сучаснаму.
Будні, святы і “нятленка”
У 2011-м Акадэмія навук выдала кнігу бібліяграфіі Міхася Мушынскага. У ёй пералік манаграфій ( іх 13). Зборнік займае 100 старонак дробным шрыфтам. Як можна ўсё гэта напісаць? Артыкул – кароткая дыстанцыя, а кніга ў 300 ці 500 старонак – марафон. Аб’ём зробленага ім і сёння здаецца абсалютна незразумелым. Свае артыкулы бацька заўжды пісаў ад рукі. Почырк у яго быў не ідэальны, не радасна-“круглы”, настаўніцкі, як мамін. На аркушах бацькавых рукапісаў шмат літар з вострымі вугламі.
Яшчэ ў 1991-м доктара навук Міхася Мушынскага абралі членам- карэспандэнтам Акадэміі навук. Адбываецца гэта звычайна на сесіі Акадэміі. Выберуць ці не, вырашаецца тайным галасаваннем вучоных, якія маюць званне членкораў і акадэмікаў. За Міхася Іосіфавіча прагаласавалі ледзь не адзінагалосна. Бацьку споўнілася толькі 60 гадоў. Вядома, калегі і сям’я былі рады! Віншавалі.
Вывучэнне творчасці Якуба Коласа было адным з магістра-льных напрамкаў навуковай дзейнасці Міхася Іосіфавіча. Дзвюм паэмам была прысвечана першая, даўняя манаграфія. Падрыхтоўкай збору твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах у Інстытуце літаратуры займаўся менавіта аддзел выданняў і тэксталогіі, які спадар Мушынскі ўзначальваў з 1979 па 2002 год. Кіраўнікамі праекта выступалі ён і Тарэза Голуб. Працаваў Міхась Іосіфавіч над “Летапісамі” жыцця і дзейнасці Якуба Коласа і Івана Шамякіна.
Маці, Тамара Фёдараўна, змагла абараніць дысертацыю ў сталым узросце, маючы дарослых дзяцей і ўнука. У дысертацыі Тамара Фёдараўна абагульніла свой педагагічны вопыт, назапашаны за чвэрць стагоддзя практыкі. Кнігу мамы “Беларуская літаратура 20-40-х гадоў ХХ стагоддзя. Дапаможнік для настаўніка” ў 2000-ым годзе апублікавала “Народная асвета” тыражом 5400 экземпляраў.
Міхась Іосіфавіч займаў такое велізарнае месца ў жыцці блізкага атачэння, сваіх сяброў, калег, вучняў і ў гісторыі беларускай крытыкі, літаратуразнаўства, тэксталогіі, выдання збораў твораў, што пустату, якая ўтварылася з яго сыходам, нельга нічым запоўніць. На думку калег, пісьменнікаў, музейных супрацоўнікаў, журналістаў, Міхась Мушынскі – такая маштабная асоба, што яго навуковую спадчыну доўга будуць асэнсоўваць. Яна будзе запатрабаваная пакуль жывая айчынная літаратура.
У ліпені 2018 года ў Коласаўскім музеі ладзілася вечарына памяці бацькі па ініцыятыве тагачаснага дырэктара музея Зінаіды Камароўскай. Імпрэза атрымалася душэўнай і кранальнай. За шклом шафаў стаялі яго кнігі, зборнікі і рукапісы артыкулаў, гучалі любімыя бацькавы песні Булата Акуджавы. А ўся атмасфера стварала адчуванне нябачнай прысутнасці галоўнага героя.
Падрыхтавала
Эла Дзвінская,
фота з архіва сям’і Мушынскіх.
На здымках:
- Міхась Мушынскі з бацькамі і стрыечным братам;
- М. Мушынскі – у маладосці;
- Ля будынка Акадэміі навук.