У горадзе Магілёве 10 ліпеня 2020 года адбылася сустрэча грамадскасці з намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Кунцэвічам Андрэем Міхайлавічам. У мясцовы “Дом друку” былі запрошаны кіраўнікі грамадскіх арганізацый, якія ўваходзяць у склад Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і партый. Я задаў некалькі пытанняў, якія тычацца праблем нацыянальнай культуры.
Пытанне 1. У апошні час вельмі шмат на ўсіх узроўнях кажуць пра важнасць незалежнасці нашай краіны. У гэтым месяцы 27 ліпеня адзначаецца 30 год, як была прынята дэкларацыя аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь Вярхоўным Саветам 12 склікання. Ці плануюцца з гэтай нагоды якія мерапрыемствы ў нашай дзяржаве?
Андрэй Міхайлавіч паведаміў, што з гэтай нагоды мерапрыемствы абавязкова будуць, бо дата сапраўды вельмі істотная.
Пытанне 2. Пра Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах і стан беларускай мовы. Штогод мы з сябрамі наведваем дзяржаўнае свята Дзень беларускага пісьменства. І варта адзначыць, што ў апошні час гэтае свята значна дэградавала: пераважае музычная папса, дужа шмат пачалі прадаваць спіртных напояў, мала запрашаюць вядомых пісьменнікаў і дзеячоў культуры. Зачастую нават новыя шыльды да Дня пісьменства вырабляюць на рускай мове. У чым тады сэнс гэтага свята? У чым яго сутнасць? Прапанаваў перагледзець фармат гэтага мерапрыемства, каб з папсовага гэтае свята ператварылаўся ў элітарнае, на якім можна будзе пазнаёміцца з лепшымі набыткамі беларускай нацыянальнай культуры. Таксама было адзначана, што многія чыноўнікі ў сферы культуры, ідэалогіі і адукацыі не валодаюць дзяржаўнай нацыянальнай беларускай мовай, што парушае нашае заканадаўства.
Андрэй Міхайлавіч часткова пагадзіўся з заўвагамі і папрасіў дасылаць свае канкрэтныя прапановы па Дні пісьменства.
Пытанне 3. Аб катастрафічным стане помнікаў архітэктуры на Магілёўшчыне. У самым цэнтры нашага горада на вуліцы Лазарэнка, развальваецца некалькі дарэвалюцыйных будынкаў. У 1996 годзе на вуліцы Грамадзянскай, 13 знеслі сінагогу 19 стагоддзя. У аварыйным стане ў мястэчку Княжыцы касцёл 18 стагоддзя, які ў любы момант можа абрынуцца. І надалей руйнуецца Быхаўскі замак 17 стагоддзя. І калі мы перад чыноўнікамі ўздымаем гэтыя пытанні, то нам адказваюць, што няма сродкаў. Але сродкі ёсць. Проста яны не эфектыўна трацяцца. Напрыклад, у Магілёве на Плошчы славы нядаўна палажылі гранітную плітку, якую літаральна праз паўгода давялося мяняць. Некаторыя аграгарадкі ў нашай вобласці, якія зусім нядаўна пабудавалі, ужо на палову разваліліся. Зачыняюца новыя школы і дзіцячыя садкі, якія папрацавалі ўсяго 5-6 гадоў. Палова новых жылых будынкаў пустуе і прыходзіць у заняпад, бо пераважная большасць жыхароў – гэта пенсіянеры, і моладзі з кожным годам усё менш. А якія велізарныя сродкі былі выдаткаваны на гэтую інфраструктуру, якая паслужыла народу ўсяго некалькі год?! І хто за гэтае марнатраўства будзе адказываць? А ніхто!
Андрэй Міхайлавіч прапанаваў правесці ў Магілёве асобную сустрэчу па праблемах захавання гістарычнай спадчыны прадстаўнікоў грамадскасці з галоўным архітэктарам горада Магілёва.
У дыскусію таксама ўступіў магілёўскі чыноўнік Анатоль Глаз, які абвінаваціў мяне і ТБМ-цаў у тым, што мы не правялі ніводнага мерапрыемства па добраўпарадкаванні касцёла ў Княжыцах, а толькі займаемся размовамі. На што я адказаў, што мерапрыемствы ладзіліся і паабяцаў у бліжэйшы час у фэйсбуку выставіць нашы фотаздымкі з талакі ў Княжыцах.
Спадзяюся, што плён ад дадзенай сустрэчы будзе, бо Кунцэвіч Андрэй Міхайлавіч – кампетэнтны і сучасны чалавек, які, у адрозненне ад многіх нашых бюракратаў цікавіцца беларускай нацыянальнай культурай.
Вось фота з нашай ТБМ-аўскай талакі 2011 года. Фота Людмілы Папковай, Алесі Баранкевіч і Надзеі Бацілавай
Алег Дзьячкоў.
Магілёў. Ліпень 2020 г.