Гістарычная праўда жыцця сцвярджае: адбяры ў народа мову – і народа паступова не стане. Менавіта па гэтай прычыне кіраўнікі ў нашай дзяржаве ўзялі курс на знішчэнне нацыянальнай мовы беларусаў. I для гэтага вышэйшая ўлада здрадніцкі прыдумала сумнавядомае двухмоўе.
Стагоддзямі знішчальнага панавання чужынцаў у Беларусі ішло апантанае знішчэнне беларускай мовы. Знакаміты Ядвігін Ш. сказаў: “Мова – гэта кроў народа”. I чужаземныя захопнікі і свае трымальнікі вышэйшай ўлады ў краіне вякамі смакталі гэтую кроў беларусаў. Калі чужынцаў яшчэ неяк можна зразумець: яны – захопнікі чужой зямлі, парабаціцелі народа. А рабоў лёгка эксплуатаваць, гнабіць, знішчаць.
Што самае крыўднае дык гэта тое, як гэтае знішчэнне роднай мовы беларусаў вядзецца ў апошнія дзесяткі гадоў, калі Беларусь юрыдычна набыла незалежнасць і стала сувярэннай дзяржавай. Па асноўным законе – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – беларуская мова стала дзяржаўнай мовай. Адзінай! Але…
Але па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, пры маўклівай згодзе чыноўнікаў і народа быў праведзены антынацыянальны рэферэндум, які надаў расійскай мове дзяржаўнасць. I панеслася татальнае знішчэнне нацыянальнай мовы беларусаў. І пацякла ракою кроў народнай мовы, кроў нацыі.
Удумайцеся, людцы добрыя, у словы першага і пакуль адзінага Прэзідэнта, якія ён прамовіў у 1995 годзе ў інтэрв’ю карэспандэнту “Советской Белорусии”: “Мне прекрасно известно, как трагически складывались судьбы белорусских просвятителей – песняров, ясно понимаю значение белорусского языка в совершенствованнн нации… Мы пошли по самому демократическому пути, предоставив возможность людям говорить, писать, петь на том языке, который более всего удовлетворяет их самих”.
Так і дыхае адсюль падказаным з Расіі цынізмам, шавінізмам, здрадніцтвам. I каб паскорыць знішчэнне беларускай мовы вышэйшая улада дзяржавы расколвае саюз беларускіх пісьменнікаў на два саюзы: “правільны” і “няправільны”.
“Правільным” саюзам даручана кіраваць рускамоўнаму генералу, дзе сабраліся лаяльныя творцы з уласнымі амбіцыямі, інтарэсамі, для многіх з якіх, не для ўсіх, нацыянальная культура, мова, літаратура сталі разменнай манетай для вырашэння шкурных выгад. Творчыя людзі здрадзілі нацыі. Яны сталі фактычна забойцамі роднай мовы, забойцамі нацыі. I ўсе яны не могуць, а прасцей сказаць, не хочуць зразумець той жыццёвай ісціны: некалькі стагоддзяў ворагі нацыі беларускай імкнуліся задушыць яе. I не змаглі!
На жаль, у гэты час пакідаюць зямное жыццё лепшыя сыны, таленавітыя, народныя пісьменнікі: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Не стала і першых двух старшынь ТБМ імя Ф. Скарыны Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна.
Адступіліся ад нацыянальных інтарэсаў многія навукоўцы, мастакі, кампазітары, спевакі, артысты. I складваецца ўражанне, што на абароне нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі стаіць толькі ТБМ.
Боль і трывога, крыўда і роспач прымушаюць усіх нас, каму дарагая наша мова, наша культура, наша нацыя, узняцца на барацьбу супраць тых, хто сёння знішчае і мову, і культуру, і нацыю беларусаў. Хочацца нагадаць мудрыя словы генія беларускай паэзіі, нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы: ” На беларускай зямлі было і цяпер ёсць шмат фальшывых прарокаў, шмат ренегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам… Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыйдуць новыя людзі, новыя прарокі… Дык не згаджайцеся на здраду, а пойдзем далей сваім цярністым, але светлым шляхам”…
Хочацца верыць, што хутка будуць змены і ва ўладных кабінетах, зменяцца адносіны да роднай мовы, да нацыянальнай культуры, да гісторыі нашай Бацькаўшчыны, да нашай дзяржаўнасці.
I час ідзе. I ён пакажа, як перад судом Божым і народным стануць усе ворагі беларушчыны, гандляры, махляры нашай мовай, незалежнасцю і суверэнітэтам, нашай дзяржаўнасцю.
Паэт Генадзь Бураўкін вельмі трапна сказаў:
Перажыла наша родная мова
I Бенкендорфа, і Мураўёва,
Панскія здзекі,
Чэкісцкія чысткі,
Рогат імперскі,
Вырак фашысцкі…
Тых,
Што з мякінаю ў галаве,
Перажыве!..
Дэмакратычныя сілы Беларусі павінны разумець, што змаганне за родную мову – гэта змаганне за нашу свабоду. Менавіта мова, нацыянальная свядомасць змогуць згуртаваць народ, яго духоўныя сілы на барацьбу за незалежнасць нашай дзяржавы.
Трэба ўсведамляць, што нацыя, якая страціла свой нацыянальны гонар, пазбаўляецца будучыні і аўтарытэту ў свеце. Выратаванне роднай мовы – наш маральны і грамадзянскі абавязак. I памятаць: ” Жыве мова народа – жыве Беларусь!”
У нашай дзяржаве ідзе моўная дыскрымінацыя. Балгарскі лінгвіст, прафесар С. Джуджаў сказаў: “Моўная дыскрымінацыя старая, як гісторыя цывілізацыі”. Сённяшні бядова-гаротны стан беларускай мовы – гэта вынік шматвекавой дыскрымінацыі. I першыя яе праявы адчуліся яшчэ ў XV стагоддзі, калі польскія каралі, якія ў той час з’яўляліся і князямі ВКЛ, не маглі змірыцца з тым, што беларуская мова істотна апераджала польскую. I ўжо ў 1569 годзе Польская Карона схіліла палітычных дзеячоў ВКЛ да аб’яднання на федэратыўнай аснове ў адну дзяржаву – Рэч Паспалітую. I пачалася дыскрымінацыя з боку дзяржавы і нацыянальнай мовы ліцвінаў-беларусаў. Улады Рэчы Паспалітай пачалі хітра і тонка выціскаць беларускую мову з дзяржаўнага, палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця.
Як вядома, у 1795 годзе царска-імперская Расія далучыла амаль усю Беларусь. Але нават і кроку не зрабіла для вызвалення з-пад дыскрымінацыйнага моўнага ўціску. I ўжо ў 1867 годзе Расія пайшла на поўную забарону друкаваць любыя літаратурныя творы на беларускай мове. I толькі пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў дзяржаўны дыскрымінальны ўціск над беларускай мовай трохі аслабеў. Але трэба зазначыць, што ніводная нацыя ў Расіі не цярпела такога ўціску, як беларуская. Вось як расійскі прафесар П. Кавалеўскі пісаў: “Мова ў школе, у судзе, у дзяржаўных і дзелавых адносінах у Расійскай дзяржаве павінна быць безумоўна і непахісна расійскай”.
А што было з мовай пасля рэвалюцыі 1917 года! Адступаць ад такой палітыкі дзяржаўныя дзеячы не хацелі і пасля таго, як у Беларусі была ўсталявана савецкая ўлада.
А што ж з мовай адбываецца ў сучаснай Беларусі? Ці ёсць моўная дыскрымінацыя ў незалежнай і суверэннай беларускай дзяржаве?
Давайце зірнём на некаторыя лічбы. 1993-1994 навучальны год. У першых беларускамоўных класах навучалася 75,3% дзяцей. А ўжо 1997- 1998 навучальным годзе засталося толькі 28,7% . Жах! Але сёняшнія лічбы гавораць яшчэ пра больш жахлівае становішча. А дзяржаўная дакументацыя практычна ўся пераведзена на расійскую мову. Так паслядоўна ідзе знішчэнне беларускай мовы ў дзяржаве. Знішчаецца мова, а разам з ёй знішчаецца нацыя, знішчаецца Беларусь як дзяржава. А гэта значыць, няма мовы народа – няма Беларусі, няма і дзяржавы Беларусь. Выходзіць, што дзяржава знішчае сама сябе. Гэта трагедыя народа, нацыі, краіны, дзяржавы. Спаніць гэтую трагедыю павінны мы самі: народ, нацыя, дзяржава.
Сёння ў краіне ідзе выбарчая кампанія. I важна, каб да ўлады прыйшла нацыянальна арыентаваная асоба. Толькі чалавек з нацыянальнымі, беларускімі генамі, нацыянальнымі інтарэсамі зможа захаваць нацыянальную дзяржаву, захавае свабоду, незалежнасць, суверэнітэт. Людзі, не праспіце спрыяльны час для захавання нацыі, дзяржавы, Беларусі!
Уладзімір Гук, пенсіянер.