Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Адчыніла дзверы паўднёва-заходняя вежа Лідскага замка

Адчыніла дзверы паўднёва-заходняя вежа Лідскага замка

14 ліпеня 2020, 16:24 Культура 26
Адчыніла дзверы паўднёва-заходняя вежа Лідскага замка

Пасля завяршэння комплексу рэстаўрацыйных работ ва ўрачыстай абстаноўцы адчыніла дзверы вежа Гедыміна. Сімвалічна, але значная падзея адбылася ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дакрануцца да сярэднявечнай гісторыі змаглі не толькі жыхары горада, але і шматлікія яго госці.

На працягу многіх гадоў не спыняліся работы па аднаўленні замка. Унікальны помнік абарончага дойлідства прайшоў доўгі шлях да адраджэння. У 2001 годзе на рэспубліканскім узроўні было прынята рашэнне пра распрацоўку праекта па правядзенні першачарговых супрацьаварыйных работ. А ўжо ў 2005 годзе ўпершыню на тэрыторыі замка было праведзена маштабнае мерапрыемства – рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”. У наступныя гады яно не аднойчы збірала ўдзячных гледачоў, рыцарскія клубы, гасцей з іншых краін. Падзеяй канца 2017 года для горада стала адкрыццё вежы Вітаўта. А сёння даступная для наведвання вежа Гедыміна.

– Паралельна з будаўнічымі работамі (унутраным аздабленнем, правядзеннем цепла-, электра-, вентыляцыйных, супрацьпажарных і іншых сістэм) праводзілася праца і па музеяфікацыі вежы, – распавядае дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Вольга Піліпчук. – Як вынік: падрыхтавана выставачная экспазіцыя, канцэпцыя якой выклікае пэўную цікавасць. Першы ярус паўднёва-заходняй вежы цалкам прысвечаны князю Гедыміну. Экскурсія пачынаецца з агляду ўсталяванай тут скульптурнай кампазіцыі скульптара Вадзіма Вераб’ёва (варта адзначыць, што ідэя пра ўсталяванне помніка заснавальніку горада лунала яшчэ трыццаць гадоў назад). Тут жа змешчана скульптура Гедыміна, аўтарам якой з’яўляецца Аляксандр Лышчык. І ўжо вядуцца перамовы з уладальнікамі праектных даку-ментаў, якія падаваліся на конкурс “Заснавальнік замка – князь Гедымін” два гады назад. Магчыма, яны таксама зоймуць ганаровае месца ў гэтай экспазіцыі.

 Як вядома, для абароны земляў Вялікага Княства Літоўскага ад ворагаў (а ў XIV стагоддзі беларускія тэрыторыі падвярга-ліся масаваму нашэсцю крыжакоў) і будаваліся замкі. Экспазіцыя другога паверха цалкам прысвечана гэтаму перыяду гісторыі. Наведвальнікі змаглі даведацца, як зараджалася Вялікае Княства Літоўскае ў кантэксце Еўропы, развівалася, пашырала свае межы. У зале размясціліся макеты замкаў, прыведзены цікавыя факты пра будаўніцтва магутных сярэднявечных сцен. Тут жа ўсталявана інтэрактыўная панэль, на якой дэманструюцца ўсе этапы станаўлення дзяржавы ад яе вытокаў.

 На трэцім паверсе вежы можна ўбачыць аўтэнтычныя прадметы, якія былі знойдзены на тэрыторыі аб’екта падчас археалагічных раскопак. Напрыклад, прадстаўлена цэгла-пальчатка. Захаваўся да нашых дзён і сам раствор – фрагмент застылага вапнавага раствору той пары. Тут жа працуе інтэрактыўная зона, дзе дзеці змогуць паспрабаваць зляпіць цагліну, даведацца тэхналогію вытворчасці цэглы.

 – Некаму можа здацца, што ў вежы шмат вольнай прасторы, – заўважыла Вольга Піліпчук. – Гэта звязана з тым, што мы і ў далей-шым намераны вывучаць гэты аб’ект, аб’яднаўшы высілкі не толькі з беларускімі музеямі, але і з калегамі з іншых краін. Запланавана, што абавязкова будзем весці абмен выставамі і аўтэнтычнымі прадметамі, таму што не можам пахваліцца велізарнымі калекцыямі. У розныя часы, не толькі айчынныя навукоўцы вывучалі Лідскі замак і вялі тут раскопкі. Гэта былі і польскія навукоўцы, і Пецярбургская акадэмія навук. Таму шмат унікальных артэфактаў знаходзіцца сёння ў Літве, Польшчы, Расіі.

 Далей – больш. Чацвёрты паверх вежы па праве займаюць пакоі князя. Галоўная задача, якую ставілі перад сабой музейшчыкі, – узнаўленне тых інтэр’ераў, якія былі, а значыць, і духу збудавання. Як ужо гаварылася вышэй, замак выконваў абарончую функцыю. Таўшчыня яго сцен – ад двух да паўтара метраў. Натуральна, абагрэць такія сцены стандартным камінам было нерэальна. У пакоях увесь час трымалася высокая вільготнасць і падтрымліваць камфортную тэмпературу паветра для пражывання было вельмі складана. У экспазіцыі можна ўбачыць ложак з полагам, стол, лаўкі, куфар, шкуры жывёл на сценах, якія служылі для ўцяплення. Гэта ўся абстаноўка? Сапраўды, уся! Князь спыняўся ў замку на некалькі дзён. Па гэтых прычынах убранне яго пакояў не ўражвала багаццем. Ніякіх вычурнасцяў, пампезнасці наведвальнік не ўбачыць. Уся мэбля лічылася паходнай: яе можна было разабраць і павезці.

І на закуску – выстава менскага выдаўца, блогера і фотамастака Сяргея Плыткевіча, які таксама прысутнічаў на адкрыцці вежы. Аўтар праекта “Планета Беларусь” ажыццявіў больш за сто авіяпалётаў над самымі маляўнічымі куткамі краіны. У фотаработах прадстаўлены ўнікальныя, найпрыгажэйшыя месцы нашай краіны – помнікі архітэктуры, культуры, прыродныя запаведнікі. Пазнаёміўшыся з Лідскім замкам, госць горада абавязкова зможа скласці сваю асабістую карту падарожжа, пазначыўшы на ёй свой далейшы шлях. Яшчэ адна разыначка верхніх ярусаў – гэта тое, што яны з’яўляюцца ўнікальнай назіральнай пляцоўкай, з якой можна ўбачыць замкавы двор, горад, помнікі архітэктуры, размеш-чаныя ў непасрэднай блізкасці да вежы Гедыміна з 25-мятровай вышыні. Магу запэўніць: дух займае.

DCIM101MEDIADJI_0347.JPG

  – Гэтая экспазіцыя – не канчатковы вынік працы калектыва. У перспектыве будзем рабіць усё магчымае, каб любімы ўсімі жыхарамі горада аб’ект маглі наведаць як мага больш людзей. Ну і, вядома, прагназуем значнае павелічэнне ліку гасцей, у тым ліку замежных, – заўважыла Вольга Піліпчук.

Вольга Капцэвіч,

lidanews.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас