Вясна – пара вялікіх святаў. Вялікдзень, 1 Мая, Дзень Вялікай Перамогі. У гэтым годзе ён юбілейны: 75 гадоў мінула, як свет перамог нацызм. Звыш 50 мільёнаў жыхароў планеты сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны. Найбольшую ахвяру на алтар перамогі выпала пакласці Беларусі. Загінуў кожны трэці грамадзянін краіны. Трагічны лёс фактычна закрануў кожную сям’ю, кожны населены пункт, а сотні іх былі цалкам спалены разам з усімі жыхарамі. Літасці не мелі ні дзеці, ні дарослыя, ні мужчыны, ні жанчыны, ні старыя, ні калекі. Каб наша родная Беларусь больш ніколі не зведала жахаў вайны, каб заўчасная смерць, гора, пакуты не паўтарыліся, трэба слухаць і чытаць успаміны людзей, якія ўдзельнічалі ў ёй, а гэта найперш пісьменнікі-франтавікі Васіль Быкаў, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Алесь Адамовіч, Юрый Бондараў, Канстанцін Сіманаў і дзясяткі іншых, пераглядваць ваенныя кінастужкі, наведваць мясціны малых і вялікіх бітваў, пабываць у лясах, дзе дыслакаваліся партызаны, шукаць праўдзівую інфармацыю ў архівах і музеях, хоць раз у год класці кветкі да абеліскаў, помнікаў і магіл змагароў і ахвяр той вайны.
Гэты юбілей Вялікай Перамогі Беларусь рыхтавалася адзначыць годна і шырока, з размахам, але пандэмія, нібы новая вайна, уварвалася ў гэтае святкаванне. Таму мы, група дзятлаўскіх аматараў падарожжаў, вырашылі прысвяціць гэтай даце, а таксама і Дню фізкультурніка водны паход на байдарках па нашай прыгажуні-рацэ Моўчадзі ад старажытнага мястэчка Дварэц да знакамітага санаторыя Радон. Падумалі і пра асноўныя правілы перасцярогі, у першую чаргу ад каранавіруса. У байдарках было па два чалавекі на адлегласці як мінімуім два метры адзін ад аднаго, а дыстанцыя паміж лодкамі на вадзе – 15-20 метраў. Кожны ўдзельнік быў забяспечаны выратавальнай камізэлькай і маскай (імі карысталіся толькі пры выхадзе на бераг), асабістым посудам, сродкамі гігіены.
Загадзя запланавалі падчас сплаву наведаць магілы ахвяраў Халакосту каля вёскі Коцькі і магілу ваяроў у Наваельні. У склад каманды ўзялі школьнікаў 5-8 класаў, якія разам з бацькамі і дзядамі падчас вандроўкі не толькі пераадольвалі водныя перашкоды ў выглядзе карчоў, паваленых бабрамі дрэў, рэшткаў грэбляў старых млыноў, сваяў мастоў, кладак, але і ўскладалі палявыя веснавыя кветкі, стаялі, схіліўшы галовы, аддаючы даніну павагі загінулым, замучаным, расстраляным ці закатаваным.
Асабліва ўразіў усіх мемарыял каля вёскі Коцькі. Тут за пару сотняў метраў ад правага берага, акурат насупраць кладкі цераз раку, на ўскрайку лесу пакоіцца звыш 10 тысяч чалавек рознага ўзросту і полу яўрэйскай нацыянальнасці, дастаўленых сюды з Наваградка, Баранавічаў, Любчы, Карэлічаў, Міра, Гарадзеі, Снова, Новай Мышы, Івацэвічаў і іншых мясцін. На працягу некалькіх тыдняў іх расстрэльвалі, а целы пакавалі, нібы сілас, у даўжэзныя глыбокія траншэі, загадзя выкапаныя жыхарамі Коцькаў і навакольных вёсак. Пасля таго, як трупы былі закапаны, па словах сведкаў, зямля яшчэ некалькі дзён “уздрыгвала”.
Падчас хвіліны маўчання, якая прыкметна зацягнулася, усе прысутныя задумаліся пра лёс бязвінна загінулых тут, пра сваіх дзядоў і прадзедаў, пра ўсіх тых, хто стаў ахвярай ці па-геройску загінуў у баях, адстойваючы свабоду Айчыны.
Прадаўжаючы сплаў амаль да самой Наваельні, дзеці задавалі пытанні накшталт: за што? чаму менавіта тут іх расстралялі? Праз паўзу рабілі вывад: каб гэтага больш ніколі не паўтарылася. Ці не найлепшае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне?
Такім разважанням садзейнічала і натхняла наваколле. Ап’яняючы водар беласнежных, нявестаў-прыгажунь чаромхаў, спевы і шчэбет сотняў дробных птушак, занятых вясновымі клопатамі, светла-ружовая квецень яблынь-дзічак, жоўты, часта суцэльны дыван, сатканы дзьмухаўцамі, сакавітая зеляніна маладой прыбярэжнай расліннасці і лістоты дрэў міжволі стваралі спрыяльную атмасферу для паглыблення ў разважанні пра сэнс жыцця, пра вечнае. У адным месцы ўнучка папрасіла “пасушыць вёслы” і ўключыла дыктафон, пасля з асалодай сама і ўсе разам некалькі разоў слухалі непаўторную птушыную сімфонію.
Гэты паход для дзіцячай паловы ўдзельнікаў стаў у дадатак да ўсяго і шмат-гадзіннай практычнай работай па замацаванні ведаў, атрыманых па многіх школьных прадметах. Юныя падарожнікі на свае вочы ўбачылі, што такое даліна ракі, яе карэнны бераг, русла, хуткасць плыні, воднасць, прыток, водасховішча, ГЭС, вадзяны млын, бачылі дзясяткі відаў раслін, птушак і звяроў (праўда, назваць змаглі зусім няшмат), а такія словы і іх сэнс, як “вайна, Халакост, брацкія магілы, абеліскі” запомняцца на ўсё жыццё, але самае галоўнае – з’явіцца жаданне жыць і рабіць усё, каб вайны больш ніколі не было.
Паглыбіўшыся ў разважанні, непрыкметна наблізіліся да Наваельні і апынуліся на ціхай вадзе вадасховішча Новаельненскай ГЭС. Тут нас гасцінна вітала пара белых лебедзяў, што плылі непадалёку паралельным курсам, падлятаючы на сотню метраў наперад увесь час да самага будынка ГЭС.
За левабярэжнай вёскай Навасёлкі прыпыніліся на перакус. Пройдзена палова запланаванага шляху. Я пачаў задумвацца, як правесці “абрад” пасвячэння ў турысты-воднікі, бо ў складзе групы была пара навічкоў. Звычайна ў канцы паходу іх знянацку абліваюць вадой. А тут, падсілкаваўшыся і трошкі асмялеўшы, яны вырваліся наперад і на адным з крутых паваротаў перавярнуліся. У воднікаў гэта называецца “аверкіль”. Абрад хрышчэння адбыўся сам сабой. А выратавальныя камірэлькі, які павінны быць у кожнага падарожніка на вадзе і якія не ўсе з ахвотай апраналі, зрабілі сваю справу. Моўчадзь у гэтым месцы аказалася даволі глыбокай, а вада “мокрай” і не вельмі цёплай. Дапамагалі навічкам стаць на кіль, перапрануцца і хутка закончыць маршрут. На прыгожым абрывістым беразе ракі ў хваёвым бары побач з санаторыямі ўсіх чакаў святочны стол з гарачай гарбатай і кавай, варанай бульбай і смажанымі каўбаскамі. Некалькі гадзін “бурна” падводзілі вынікі дня, дзяліліся ўражаннямі, меркаваннямі, далейшымі планамі. Тут жа нарадзілася ідэя стварыць турысцкі клуб на грамадскіх пачатках, прыдумаць яму назву, распрацаваць маршруты па рэках нашага раёна (а гэта, акрамя Маўчадкі, Шчара і Нёман) і весці іх прапаганду, тым больш што для гэтага з’явіліся пэўныя ўмовы: дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб набыў пяць пластыкавых турысцкіх байдарак, які за невялікую плату будуць здавацца напракат. Плануецца на рэках у межах раёна абсталяваць навесамі, месцамі для вогнішчаў, прычаламі на некалькі стаянак на самых маляўнічых берагах, падрыхтаваць падрабязныя апісанні маршрутаў, цікавых экскурсійных аб’ектаў на іх, рэкамендацыі, дзе можна папоўніць запасы харчавання і як зняцца з паходу пры непрадказальных абставінах.
Водна-турыстычны сезон у Дзятлаве адкрыты. Запрашаем усіх аматараў актыўнага адпачынку далучыцца да нас. Стаж водных паходаў у мяне набліжаецца да 50 гадоў. У актыве падарожжы па рэках Карэліі і Карпатаў, Каўказа і Кольскага паўвострава, Саянаў і Алтая, Далёкага Усходу і Паміра, і, канешне ж, роднай Беларусі. Без перабольшвання скажу, што прыгажэйшай за Моўчадзь, магчыма, і няма. Безліч на яе берагах і цікавых турысту аб’ектаў: старажытныя гарадзішчы і курганы, прыгожыя каталіцкія і праваслаўныя храмы, рэшткі вадзянога млына, дзе паўстанцы Каліноўскага хавалі зброю, дзве дзейныя ГЭС, музей “Дзеці ліхалецця” ў Новаельненскай школе, вядомыя санаторыі Радон і Альфа-Радон. Тут можна ўбачыць баброў, андатраў, белых і чорных буслоў, лебядзяў і чапляў, драпежных і сотні дробных пеўчых птушак, у тым ліку і зімародка. Калі падчас сплаву весці сябе ціха, то на прыбярэжных лугах позірк не раз натрапіць на прыгажунь – дзікіх козаў. Зрэдку можна застаць на вадапоі лася ці аленя. Моўчадзь і яе прытокі Ятранка, Паніква, Промша – звыклае месца для такіх прадстаўнікоў Чырвонай Кнігі, як стронга і харыюс (па-мясцоваму мірон).
Сардэчна запрашаем на рэкі Дзятлаўскага раёна прыхільнікаў воднага турызму нашай краіны, у першую чаргу з бліжэйшых гарадоў: Слоніма, Наваградка, Ліды, Баранавічаў.
Даведкі па тэлефонах: 80156362195; +375445927175. Пытаць Васіленка Вольгу.
Валерый Петрыкевіч,
краянавец, турыст-воднік,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.