Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Германіі ў Беларусі Манфрэд ХУТАРЭР адказаў на пытанні галоўнага рэдактара газеты “Народная Воля” Іосіфа СЯРЭДЗІЧА.
– Спадар Амбасадар, паколькі ў гэтыя дні ўсе вакол толькі і гавораць, што пра каронавірус, то не магу не спытаць пра Ваша самаадчуванне і самаадчуванне супрацоўнікаў Вашага дыпкорпуса ў Беларусі.
– Дзякуй богу, пакуль усе супрацоўнікі пасольства здаровыя. На дадзены момант гэта самае галоўнае. Вядома, у сувязі з рызыкай заражэння нам прыйшлося некалькі скараціць колькасць персаналу, які працуе ў офісе. Многія калегі працуюць дыстанцыйна, з дому. Нягледзячы на няпростую сітуацыю, настрой ва ўсіх даволі пазітыўны. Мы імкнёмся адначасова клапаціцца пра абарону здароўя і пра функцыянаванне пасольства.
Паколькі на сённяшні дзень крызіс вакол каронавіруса з’яўляецца дамінантнай тэмай, то ў сувязі з гэтым хацелася б сказаць пару слоў. Для Германіі, як і для многіх краін свету, пандэмія каронавіруса ўяўляе сабою велізарны выклік. Гаворка ідзе пра тое, каб абараніць здароўе насельніцтва і адначасова захаваць грамадзянскія свабоды і эканамічны росквіт. І тут кожная краіна павінна знайсці свой шлях барацьбы з вірусам. Адзінай мадэлі для ўсіх не існуе. Аднак, як мне здаецца, важна давяраць СААЗ і выконваць яе рэкамендацыі.
Не думаю, што гэта пандэмія вызначыць эпахальны паварот, але яна пацягне за сабой сур’ёзныя наступствы ў сферы міжнародных адносін і глабальнай эканомікі. Існуе небяспека таго, што разрыў паміж паўночным і паўднёвым паўшар’ямі стане яшчэ глыбейшым. Адначасова ўзнікае рызыка, што з прычыны пандэміі канкурэнцыя паміж буйнымі дзяржавамі – ЗША, Расіяй і Кітаем – абвострыцца яшчэ мацней. Гэта, у прыватнасці, асабліва датычыцца адносін паміж ЗША і Кітаем. Мы, вядома ж, не можам быць зацікаўлены ў такім развіцці падзей. Нам неабходна ўнесці свой унёсак у зняцце абвастрэння гэтых супярэчнасцяў.
Думаю, што пандэмія падала нам і некаторыя важныя ўрокі. Беспрэцэндэнтным чынам была прадэманстравана ўразлівасць ланцужкоў паставак у глабальным працэсе ства-рэння дададзенага кошту. Перад ЕС, такім чынам, устае задача вярнуць вытворчасць у жыццёва важных, ключавых абласцях (такіх як медыцына) назад ў Еўропу. Адначасова варта зыходзіць з таго, што ў адносінах да адпаведных грамадскіх тавараў (грамадскіх выгод) нельга кіравацца выключна логікай дасягнення прыбытку і яго максімальнага павелічэння.
Яшчэ адзін урок складаецца ў тым, што нам, у Еўропе, неабходна ўмацоўваць цэнтральную ролю дзяржаў у прафілактыцы захворванняў і абароне здароўя насельніцтва.
Падчас эпідэміі атыповай пнеўманіі ў 2003 годзе я быў дыпламатам у Пекіне. Выдатна памятаю кітайскую прыказку “З добрага можа вырасці дрэннае, а з дрэннага – добрае”. І сапраўды, за гэтым крызісам крыюцца і шанцы. У сэнсе: я ўпэўнены ў тым, што цяперашні крызіс, якім бы хваравітым ён ні з’яўляўся, можа зрабіць нас мацней пры ўмове, што зараз мы будзем супрацоўнічаць яшчэ цясней, чым раней. Так, напрыклад, гісторыя ЕС паказала, што Еўрасаюз станавіўся мацней пасля кожнага крызісу. Новыя ўстановы і механізмы ствараліся менавіта пасля крызісных перыядаў.
Пандэмія з’яўляецца сігналам да дзеяння для міжнароднага супрацоўніцтва. Толькі разам мы зможам перамагчы пандэмію. Тут дэвізам павінна стаць не “ўлада над іншымі”, а “ўлада разам з іншымі”. Салідарнасць і ўзаемадапамога асабліва важныя – у рамках асобных дзяржаў, у ЕС, у стаўленні суседніх з ЕС дзяржаў, у прыватнасці Беларусі, і ва ўсім свеце.
– Ну а калі Вы, спадар Амбасадар, і ўсе супрацоўнікі дыпкорпуса ў добрым здароўі, то, мяркую, і працуецца ў нашай краіне плённа. Ці ёсць нейкія праблемы?
– Усе супрацоўнікі пасольства з задавальненнем працуюць у Беларусі і лічаць прывілеем працаваць на паглыбленне германа-беларускіх адносін. Гэта нескладана дзякуючы адкрытасці, сардэчнасці і прыязнасці беларусаў.
– Да прыезду ў Менск Вам прыйшлося папрацаваць дыпламатам у такіх буйных краінах, як Расія, Кітай, ЗША, Польшча. Прызначэнне ў Беларусь было для Вас нечаканасцю ці амбасадары не выбіраюць краіну знаходжання? І наогул – значнасць місіі змяняецца ў залежнасці ад месца службы?
– Прызначэнне Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Германіі ў Беларусі не стала для мяне неспадзеўкай. Мы з жонкай сапраўды хацелі атрымаць прызначэнне сюды, бо нам падабаецца жыць у славянскай культурнай прасторы. Размешчаная ў самым сэрцы Еўропы, па суседстве з ЕС, паміж Усходам і Захадам, Беларусь з’яўляецца вельмі важнай краінай для Германіі. Перакананы, што са сваёй гісторыяй, культурай і ментальнасцю Беларусь можа быць вельмі моцным мостам паміж Усходам і Захадам.
– На Ваш погляд, цяперашнія вынікі двухбаковых адносін Германіі і Беларусі ўражваюць?
– За апошнія гады германа-беларускія адносіны развіваліся адназначна станоўча, і гэта закранула ўсе сферы ўзаемадзеяння: палітычную, культурную і вобласці ўзаемадзеяння грамадзянскіх супольнасцяў нашых краін. Неабходна захаваць і паглыбіць гэтую дынаміку. Менавіта ў гэтым складаецца, я лічу, мая першачарговая роля як амбасадара. У тым, што датычыцца глыбейшага разумення Беларусі, то ў нас у Германіі, ды і ва ўсім ЕС, ёсць жаданне і неабходнасць нагнаць упушчанае. Беларусы значна больш ведаюць пра немцаў, чым немцы – пра беларусаў. У Германіі і ў ЕС яшчэ занадта мала заўважаюць дынаміку развіцця эканомікі і грамадства ў Беларусі.
Таму я надзвычай рады, што падчас візіту міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў Германію ў кастрычніку 2019 года было прынята рашэнне працягваць стратэгічнае развіццё нашых адносін. Для гэтай мэты мы стварылі стратэгічную кансультатыўную групу, якая сёлета будзе сустракацца напераменку ў Берліне і ў Менску з мэтай распрацаваць стратэгічныя праекты ў палітычнай, эканамічнай і культурнай абласцях. Вядома, мы таксама будзем абмяркоўваць і тыя тэмы, па якіх у нас часам рознае разуменне, як, напрыклад, грамадзянскія правы і правы чалавека. Я рады, што адкрыты дыялог на гэтыя тэмы з беларускім бокам магчымы.
– Якія рэзервы варта задзейнічаць абедзвюм дзяржавам, каб замежнагандлёвыя адносіны прынеслі больш дывідэндаў?
– Беларусь павінна стаць яшчэ больш вядомай у Германіі як інвестыцыйная пляцоўка з вялікай колькасцю пераваг. Дарэчы, магчыма, у выніку пандэміі вырасце гатоўнасць нямецкіх прадпрымальнікаў больш інвеставаць у краіны, размешчаныя ў непасрэднай блізкасці да ЕС, каб вытворчыя ланцужкі заставаліся геаграфічна бліжэй да Германіі.
Акрамя таго, важна спрасціць для беларускіх прадпрыемстваў выхад на нямецкі рынак. Я бачу вялікі патэнцыял для больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва ў многіх сферах: напрыклад, у вобласці інфармацыйных тэхналогій. Так, скажам, мы маглі б мацней развіваць супрацоўніцтва і наладжванне сувязяў паміж нямецкімі стартапамі і беларускімі IT-кампаніямі. У Германіі назіраецца вялікая неабходнасць у дыгіталізацыі, і беларускія фірмы маглі б у гэтым дапамагчы. Але і ў вобласці энергетыкі, у стварэнні эканомікі замкнёнага цыклу ў адпаведнасці з прынцыпамі ўстойлівага развіцця і ў галінах навукі і тэхнікі існуе шмат магчымасцяў. На мой погляд, адмысловую ўвагу пры гэтым неабходна надаваць падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. У гэтым у Германіі багаты досвед, якім мы можам падзяліцца.
Словам, Германія зацікаўлена ў незалежнай, моцнай і квітнеючай Беларусі.
– Ці ёсць перадумовы для абмену ў найбліжэйшай перспектыве афіцыйнымі візітамі Канцлера Германіі і Прэзідэнта Беларусі?
– Германія зацікаўлена ў далейшым развіцці палітычнага дыялогу з Беларуссю на ўсіх узроўнях. Стратэгічная кансультатыўная група экспертаў унясе свае прапановы па гэтым пытанні. Важнай падзеяй стаў візіт у Беларусь Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера ў чэрвені 2018 года, які спрыяў узнікненню многіх ініцыятыў для далейшага развіцця двухбаковых адносін. Так, напрыклад, былі дасягнуты дамоўленасці з Прэзідэнтам Лукашэнкам пра стварэнне двухбаковай камісіі гісторыкаў і захаванні Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. Таксама ўжо згаданы візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Берлін стаў важным стымулам для далейшага развіцця супрацоўніцтва. Я настроены аптымістычна і лічу магчымым стварэнне ўмоў для далейшых сустрэч на найвышэйшым узроўні.
– Умацаванню сувязяў паміж краінамі спрыяюць і “Тыдні Германіі ў Беларусі”. Не маглі б Вы сцісла пракаментаваць іх значнасць?
– “Тыдні Германіі ў Беларусі” – штогадовая кульмінацыя нашых рознабаковых культурных сувязяў. Гэта мноства культурных сустрэч, якія праходзяць не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Я вельмі рады, што 10 сакавіка бягучага года ў Палацы мастацтва ў Менску адкрылася выдатная выстава пра гісторыю нямецкага мастацтва пачынальна з 1949 года, якую арганізаваў Інстытут імя Гётэ ў супрацоўніцтве з Інстытутам сувязяў з замежнымі краінамі (IFA). Адкрыццё гэтай выставы выклікала неверагодны рэзананс. Нажаль, з-за пандэміі каронавіруса нам прыйшлося адмяніць усе астатнія запланаваныя мерапрыемствы. Але я ўпэўнены, што мы нагонім упушчанае, калі з’явіцца такая магчымасць.
– Выбачайце, але не магу не закрануць тэму, якая, мабыць, адно-лькава хвалюючая і ў некаторай ступені балючая і для нас, беларусаў, і для вас, немцаў, – гэта вяртанне да той вайны, калі нашы краіны апынуліся па розныя бакі. Мінула 75 гадоў. Здабываючы ўрокі з той страшнай трагедыі, якімі прынцыпамі, на Ваш погляд, павінны кіравацца цяперашнія пакаленні людзей, каб на планеце былі мір і спакой?
– Беларусь асабліва моцна пацярпела ў развязанай Германіяй захопніцкай вайне на знішчэнне супраць Савецкага Саюза. Злачынствы, здзейсненыя ў адносінах да насельніцтва Беларусі ў перыяд нацысцкай акупацыі, ніколі не павінны быць забыты. Германія безумоўна прызнае сваю гістарычную адказнасць за ўсё гэта. Гэтыя цёмныя старонкі – частка нашай гісторыі, гэтак жа, як яе светлыя старонкі. Нельга пераставаць памятаць пра гэта. Толькі тыя, хто сумленны з сабой і гатовы ўсвядоміць сваё мінулае, змогуць разам па-но-ваму будаваць будучыню. Гэта асабліва датычыцца маладога пакалення. Менавіта таму настолькі важна існаванне такіх арганізацый, як Гістарычная майстэрня ў Менску, у якіх ахвяры і сведкі злачынстваў нацыянал-сацыялізму распавядаюць моладзі пра тое, што ім прыйшлося перажыць. Нядаўна па даручэнні Прэзідэнта Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера на прыёме ў рэзідэнцыі я ўручыў сямі такім сведкам ордэн “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіі”. Гэта жудасная трагедыя павінна першым чынам навучыць нас рашуча выступаць супраць любых праяў расізму і дыскрымінацыі іншадумцаў. У міжнароднай палітыцы на першым месцы заўсёды павінны стаяць дыялог і дыпламатыя. Пагроза ўжывання гвалту ці яго ўжыванне ніколі не павінны станавіцца сродкам дасягнення мэт на міжнароднай арэне.
– А зараз, з Вашага дазволу, я задам некалькі пытанняў іншага парадку. У Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара шмат функцый, але адна з іх – як мага бліжэй знаёміцца з сітуацыяй у краіне знаходжання, пры гэтым не толькі наносячы візіты высокім службовым асобам, але і выкарыстоўваючы наведванне рэгіёнаў, асобных прадпрыемстваў. Якія Вашы агульныя ўражанні пра Беларусь, яе людзей?
– За 28 гадоў службы ў Федэральным міністэрстве замежных спраў Германіі я папрацаваў у многіх краінах. Як вы ўжо заўважылі, сярод іх былі Расія, Кітай, ЗША і Польшча. Нідзе яшчэ я не сустракаў людзей з такой шчырай зычлівасцю і адкрытасцю, як у Беларусі. У беларусаў сапраўды адмысловы характар. Людзі, якіх мы сустракаем, уражваюць нас сваёй дабрынёй і людскасцю, гасціннасцю і здольнасцю суперажываць у спалучэнні з высокім узроўнем адукацыі і практычнасцю.
– Як адаптоўвалася ў Беларусі Ваша сям’я? Цікаўныя чытачы “Народнай Волі” хацелі б ведаць, хто Ваша жонка па прафесіі, калі Вы з ёй пазнаёміліся, ці не сумуе яна ў Менску. Наколькі мне вядома, разам з Вамі тут і 11-гадовы сын. Дзе ён працягвае вучобу, чым захапляецца?..
– Мая сям’я вельмі добра пачуваецца ў Менску. Для маёй жонкі як славіста і гісторыка, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе, гэта таксама падхадзяшчае месца. Менавіта штодзённыя сустрэчы з самымі рознымі людзьмі дазваляюць нам адчуць, што нам тут радыя. Дарэчы, я пазнаёміўся са сваёй жонкай у 1999 годзе ў Германіі на рускім спектаклі – адаптацыі “Мёртвых душ” Гогаля. Мой сын вучыцца ў міжнароднай школе і вельмі любіць спорт. Тут, у Менску, у яго выдатныя ўмовы для спартовых заняткаў.
– І традыцыйнае пытанне: праца працай, але здараецца ж і вольны час, які можна выкарыстоўваць і для хобі, і для чаго-небудзь іншага…
– Нажаль, на хобі застаецца не вельмі шмат часу, але мне падабаецца ездзіць на ровары па Менску і наваколлях і заходзіць у кнігарні. Мая жарсць – гістарычная і палітычная літаратура. Я вырашыў, што, калі скончу працу ў Федэральным міністэрстве замежных спраў, сам вазьмуся за пяро.
– Вашы, спадар Амбасадар, пажаданні чытачам …
– Жадаю ўсім добрага здароўя і такога жыцця, каб была магчымасць рэалізоўваць усе свае планы.
– Дзякуй за інтэрв’ю! І вам моцнага здароўя і поспехаў у працы на дыпламатычнай ніве!
Газета “Народная Воля”
№ 40 (4498).