У надзвычай складанай сітуацыі апынулася Беларусь. Як уратавацца ад каранавіруса, што трэба зрабіць, каб не абвалілася зканоміка, якія неабходны захады, каб не паглыбляўся раскол у грамадстве? На гэтыя і многія іншыя вострыя пытанні шукае адказы “Народная Воля”, звяртаючыся да самых розных людзей. Сённяшняя размова – з Алегам Трусавым, гісторыкам, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, які многія гады ўзначальваў грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы”.
– Алег Анатольевіч, як вы асабіста ацэньваеце сітуацыю з каронавірусам у Беларусі?
– Па тэмпах распаўсюджвання каронавіруса ў апошнія дні Беларусь абагнала некаторыя краіны. Але афіцыйная статыстыка сцвярджае, што ў параўнанні з іншымі дзяржавамі ў нас даволі нізкі працэнт лятальных выпадкаў.
– Скажыце, а як схаваць праўдзівую статыстыку ў часы інтэрнэту?
– У інтэрнэце, будзем шчырыя, вельмі шмат хлусні. А таму ўлада супрацьпастаўляе сваю інфармацыю. Наколькі яна рэальная – пакажа час.
– Сусветная арганізацыя аховы здароўя апублікавала рэкамендацыі для Беларусі па змаганні з каронавірусам, але яны выконваюцца не цалкам...
– Можа, і добра, што яны да канца не выконваюцца. Паглядзіце, як такія ж рэкамендацыі выконвае Масква, калі паліцыя за парушэнне каранціну збівае людзей дручкамі. Таму я супраць татальнага каранціну пры сённяшняй нашай уладзе. Нават у дэмакратычных краінах прымусіць здаровых людзей увесь час знаходзіцца дома не вельмі атрымліваецца. Ды і спецыялісты сцвярджаюць, што 80 працэнтаў людзей, а магчыма, і болей, перахварэюць на гэты вірус бессімптомна альбо ў лёгкай форме.
– Тым не менш сітуацыя з кожным днём ускладняецца. Якія меры, на вашу думку, варта прыняць неадкладна?
– У першую чаргу трэба мацаваць медыцыну. Добра, што павысілі заробкі дактарам, медсёстрам, санітаркам, але гэтага мала.
Трэба паглядзець, як у надзвычай складанай сітуацыі прявілі сябе кіраўнікі самых розных сфер. Лічу, што трэба неадкладна адхіліць ад пасады міністра адукацыі спадара Карпенку, які так і не змог наладзіць дыстанцыйнае навучанне ў школах. Відавочна, што гэты чалавек ад пачатку не на сваім месцы.
– А. Лукашэнка падпісаў указ № 143, у адпавед-насці з якім будуць мінімізаваны страты ад каронавіруса для эканомікі. А ці атрымае канкрэтную падтрымку ў гэтай сітуацыі бізнес?
– А давайце зірнём на праблему шырэй. З пункту гледжання Лукашэнкі ён робіць усё правільна. Бо, калі спыніць вялікія заводы, здарыцца тое, што было ў 1991-м годзе, – людзі выйдуць на плошчу. Таму ён па-ранейшаму перш-наперш звяртае ўвагу на буйныя прадпрыемствы, а што датычыцца праватнага бізнесу, то для яго падтрымка будзе мінімальная, у бюджэце грошай няма.
– А як вы ацэньваеце ролю грамадскай супольнасці ў сітуацыі, звязанай з пандэміяй?
– Грамадская ініцыятыва мяне парадавала: ад афіцыйных прафсаюзаў да тых людзей, якія шыюць маскі для медыкаў, рыхтуюць ім абеды, збіраюць грошы на патрэбы шпіталяў. Беларусь паказала, што мы не горшыя за іншых еўрапейцаў, асабліва мяне кранула тое, як вайскоўцы па-беларуску дзякуюць медыкам. У цяжкія часы ў нас прачынаецца гістарычная памяць.
– А што вы можаце сказаць наконт чарговых прэзідэнцкіх выбараў?
– Большасць людзей, хутчэй за ўсё, пойдзе на выбарчыя ўчасткі. А вось ці прагаласуюць за Лукашэнку – цяжка сказаць. А калі Ярмошына ў чарговы раз аб’явіць нейкія 80 працэнтаў, то ёй ніхто не паверыць.
Міхал Карневіч.
Паводле“Народнай Волі”.