Старэйшыя жыхары Менска, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні канцлагераў і дзеці вайны, якія ў гэтым годзе не могуць наведваць святочных вечарын і канцэртаў, падзяліліся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі па тэлефоне.
Антон Іванавіч Быстрык, 1928 г.н.
– Я сустрэў Дзень Перамогі ва Усходняй Прусіі, недалёка ад Кёнігсберга. Быў паранены і знаходзіўся ў шпіталі. Але хутка выздаравеў і вярнуўся на радзіму. Вайну я прайшоў сувязістам. Нарадзіўся ў вёсцы Лекараўка Заслаўскага раёна Менскай вобласці. Трыццаць гадоў працаваў у Менску на велазаводзе, завод мяне не забывае. А з маёй жонкай Зінаідай Васільеўнай я пражыў разам каля 70 гадоў!
Аляксандр Дзмітрыевіч Дзянісаў, 1928 г.н.
– Ваенныя гады мы правялі на акупаванай тэрыторыі. Фашысты адчынілі канцэнтрацыйны лагер на тэрыторыі аэрадрома паблізу ад Магілёва.
Добра памятаю, як войскі вызвалялі нашу вёскі Палыкавічы 26 чэрвеня 1944 года!
23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя “Багратыён” па вызваленні Беларусі. Пасля цяжкіх баёў на рэках Проня і Бася войскі 2-га Беларускага фронта выйшлі да Магілёва. У раёне нашай вёскі нямецкія войскі аказвалі моцны супраціў, ішлі гарачыя баі.
У час абстрэлаў нас, хлапцоў, засыпала зверху зямлёй, і мы засталіся ў жывых. Вёска была ўжо напалову спаленай. Раніцай 27 чэрвеня савецкія войскі вызвалілі яе ад фашыстаў.
27 чэрвеня па ўсім фронце ад Шклова да Быхава ішло фарсіраванне Дняпра. Магілёў нашы войскі занялі 28 чэрвеня 1944 го-да…
У мірны час я быў спецыялістам па электроніцы, працаваў на прадпрыемстве радыёэлектроннай прамысловасці “Белвар”.
Антаніна Васільеўна Грыгор’ева, 1930 г.н.
– Выдатна памятаю дзень у красавіку, калі нас вызвалялі нашы войскі з канцлагера, які знаходзіўся недалёка ад Вены ў Аўстрыі. Мы радаваліся, падкідвалі адзін аднаго ў паветра!
9 мая мы сустрэлі ўжо ў дарозе, цягніком нас адправілі дадому. А вярнуліся мы з матуляй на папялішча! Ні кала, ні двара, выжывай, як можаш. Нашу вёску Міхалькі Гомельскай вобласці фашысты спалілі да шчэнту. Але ж мы выжылі! Я пераехала ў Менск да сястры, вучылася ў школе, адпрацавала ўсё жыццё на заводзе імя Леніна. А потым, на пенсіі, яшчэ 25 гадоў – у першым клінічным шпіталі. Выгадавала трох дачок, дапамагла ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Упэўнена, што мы перажывем каронавірус, бо перажывалі і больш цяжкія часы. Жадаю ўсім здароўя!
Марк Васільевіч Маслакоў, 1927 г.н.
– Мы жылі ў Магілёўскай вобласці ў Краснаполлі. Нас вызвалілі ў верасні 1943 года. Да гэтага мне давялося пазмагацца ў партызанах з лета 1943 года. Моладзь і падлеткі сышлі ў лясы. У адной з партызанскіх аперацый я здабыў вінтоўку, якая паслужыла мне яшчэ доўгі час, калі я ахоўваў калгасных коней на стайні. Пасля вызвалення я працаваў у прамысловым камбінаце, навучыўся сталярнай справе, вырабляў мэблю. Пайшоў у войска і там асвоіў спецыяльнасць радыёмеханіка.
Юліян Юліянавіч Ступакевіч, 1937 г.н.
– Наша вёска Навасёлкі знаходзілася ў Шчучынскі раёне Гарадзенскай вобласці недалёка ад Нёмана. Памятаю, як ішлі баі на другім баку Нёмана, як выганялі немцаў, вызвалялі нашу мясцовасць.
Пасля вызвалення ў вёсцы адкрылі школу, і я пайшоў у першы клас. Даводзілася шмат працаваць, нарыхтоўваць кармы, даглядаць жывёлу. У хуткім часе моладзь заахвоцілі паехаць на будоўлю сталіцы.
Пасля службы ў войску я адбудоўваў Менск. 43 гады адпрацаваў у будаўнічым трэсце № 1. Наш трэст будаваў дамы на Камароўцы, у Чыжоўцы, і ў іншых раёнах сталіцы. Двойчы я атрымоўваў званне лепшага будаўніка трэста. Будавалі мы 1-шы і 5 клінічныя шпіталі ў Менску. У пазнейшыя гады давялося папрацаваць ў Лівіі на будаўніцтве вайсковых гарадкоў.
Усё жыццё жыву з Богам, чытаю Біблію, не выхожу на вуліцу без малітвы, бо я нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара, мой малодшы брат – святар.
З жонкай Нінай Аляксееўнай мы пражылі больш за 60 гадоў, выгадавалі сына і дачку. Жадаем усім добрага здароўя, берагчыся і быць уважлівымі!
– Валянціна Іванаўна Салавей, 1939 г.н.
– Некалькі гадоў запар я выходжу 9 мая на плошчу Перамогі з партрэтамі родных. Дзень Перамогі быў для іх найвялікшым святам!
Мае бацькі Іван Трафімавіч Салавей і Вольга Аляксееўна Міхайлоўская былі медыкамі. Да вайны мы жылі ў вёсцы Урэчча Слуцкага раёна. Мама і тата працавалі ў мясцовай бальніцы, з пачаткам вайны сталі членамі падпольнай арганізацыі, перадавалі медыкаменты ў партызанскі атрад, і потым сышлі ў любанскія лясы. Маленькай дзяўчынкай я знаходзілася разам з імі ў партызанскім атрадзе № 5 імя Лазо брыгады № 64 імя Чкалава, зведала голад і холад. Нават у часы вайны тата быў вельмі прынцыповым і патрабава-льным да пытанняў гігіены, у яго ў атрадзе ніхто не захварэў на тыф, ён вельмі дбайна даглядаў параненых, аказваў дапамогу мясцовым жыхарам.
У чэрвені 1944 года атрад злучыўся з 64 партызанскай брыгадай пад кіраўніцтвам М.М. Розава і 100 брыгадай пад кіраўніцтвам А. І. Шубы.
Гэтыя падраздзяленні разам з вайсковымі часткамі 30 чэрвеня вызвалілі Слуцк. Тата вызваляў горад, а мама засталася ў лесе даглядаць параненых. Яна моцна хвалявалася за іх і за сябе, бо была цяжарнай. Праз тры месяцы нарадзіўся мой брат Валодзя. Мой тата і доктар Аляксей Іванавіч Шуба надоўга засталіся добрымі сябрамі.
У мірны час я скончыла медыцынскі інстытут у Пяцігорску і ўсё жыццё працавала фармацэўтам у розных аптэках Менска. Усім жадаю моцы і здароўя!
Гутарыла Эла Дзвінская.
На здымку: Антаніна Васільеўна Грыгорьева. Фота аўтара.