Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Шклове прайшла вечарына памяці аўтара шклоўскага гімна

У Шклове прайшла вечарына памяці аўтара шклоўскага гімна

6 красавіка 2020, 19:03 Культура, ТБМ 14
У Шклове прайшла вечарына памяці аўтара шклоўскага гімна

У мінулую нядзелю ў Шклове ў грамадскім цэнтры “Мост” раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” правяла вечарыну прысвечананую  памяці Заслужанага дзеяча культуры Беларусі Віталія Аляксеевіча Бабчанкі, чалавека, які доўгі час узначальваў Шклоўскую музычную школу і ўсё сваё жыццё прысвяціў адданай працы на ніве культурнага жыцця Шклоўшчыны. Нагода да мерапрыемства – 85-годдзе з дня яго нараджэння.

Віталь Аляксеевіч Бабчанка нарадзіўся 22 лютага 1935 года ў горадзе Гомелі ў сям’і рабочага-каваля. У 1954 годзе скончыў школу ў мястэчку Нова-Данбас на Украіне, куды пераехалі яго бацькі. Пасля тэрміновай службы ў арміі закончыў Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава і ў 1961 годзе быў размеркаваны ў Шклоў вы-кладчыкам па класу баяна ў  музычную школу.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

З 1970 года ён узначальвае шклоўскую музычную школу і працуе на гэтай пасадзе больш як чвэрць стагоддзя. Адначасова вучыцца ў Белдзяржкансерваторыі, якую скончыў у 1974 годзе. У 1969 годзе з выкладчыкаў музычнай школы ствараецца ансамбль народных інструментаў, нязменным яго кіраўніком на доўгі час становіцца Віталь Бабчанка. Ансамбль аб’ядноўвае каля 20 чалавек. У яго рэпертуары творы беларускіх і замежных кампазітараў. Галоўная задача калектыву – цікаўнасць да народнай музыкі і яе папулярызацыя. Ансамбль прымаў актыўны ўдзел у розных культурніцкіх мерапрыемствах раёна, абласных аглядах, конкурсах, рэспубліканскіх фестывалях, выступаў у іншых рэгіёнах і замежжы.  Кожная сустрэча з гледачамі заўсёды карысталася нязменным поспехам. Яго ўдзельнікі і кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі Міністэрства культуры Беларусі і ўпраўлення культуры аблвыканкама. Ганаровае званне “народны” ансамблю прысвоена ў 1980 годзе за высокі ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуару і выканаўчае майстэрства.

На мяжы 60-70 гадоў, сугучна з новай новамоднай хваляй па гарадскіх задворках загучалі куплеты пад славутыя тры гітарныя акорды. Адпаведна гітара становіцца ўжо не проста музычным інструментам. Яна набывае нейкі своеасаблівы модны брэнд. Па ўсёй дзяржаве вельмі хутка расце колькасць вакальна-інстументальных ансамбляў, дзе га-лоўным музычным інструментам з’яўляецца электрагітара. Віталь Аляксеевіч, як апантаны да музыкі чалавек, у адпаведнасці з духам таго часу, адначасова з народным стварае і эстрадны музычны калектыў пры клубе “Чырвоны Кастрычнік” папяровай фабрыкі “Спартак”.  Клуб “Чырвоны Кастрычнік” арганізоўвае рэгулярныя танцавальныя вечарыны, дзе гучаць сучасныя музычныя творы. Невялікі калектыў хутка становіцца папулярным у Шклове. Амаль у кожным гарадскім культурніцкім мерапрыемстве абавязкова прымае ўдзел новамодны ансамбль з бліскучымі гітарамі і элекрамузычным абсталяваннем. 

З успаміну Аляксандра Грудзіны: “У 1971-1972 гадах я быў у складзе музыкантаў-гітарыстаў калектыва пад кіраўніцтвам Віталія Бабчанкі.  Добра памятаю, з якім вялікім імпэтам праводзіліся рэпетыцыі, як усе ўдзельнікі хваляваліся перад кожным выступленнем. Безумоўна, галоўным завадатарам быў менавіта яго кіраўнік. Віталій Аляксеевіч пісаў музыку, рабіў аранжыроўкі, вучыў нас музычнай грамаце і вельмі строга патрабаваў ад нас дасканалага выканання парцітуры. Высокі ўзровень і дасканаласць выканання музычных твораў пасадзейнічалі таму, што ансамбль быў запрошаны ў Менск для запісу на рэспубліканскім радыё”.

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Віталь Аляксеевіч па-ранейшаму імкнуўся ўдзельнічаць у культурным і грамадскім жыцці раёана. У 1995 годзе ён стварае ансамбль народнай песні і музыкі “Бліскавіца” на базе раённага Дома культуры. Галоўная задача калектыву – народныя песні, самабытны беларускі фальклор, сучасная беларуская песня. Віталь Аляксеевіч піша музыку, робіць аранжыроўкі. Галоўнай візітоўкай музычнага калектыву становіцца яго песня “Шклаўчанка”, створаная на словы мясцовага літаратара Лявона Анціпенкі. Калектыў хутка набывае папулярнасць. “Бліскавіца” – лаўрэат рэспубліканскага фестывалю камернай музыкі ў Мсціславе, міжнародных фестываляў: “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне, “Вянок дружбы” ў Бабруйску. Удзельнічае ў рэспубліканскіх святах “Дзень беларускай пісьменнасці, “Дажынкі”, выступае ў многіх кутках Беларусі і ў замежжы. У 2002 годзе ансамблю прысвоена ганаровае званне “народны”. Праз два гады створаны ім музычны калектыў Віталь Алякеевіч перадае маладзейшаму пакаленню музычных творцаў.

Аднак, ужо не малады чалавек, Віталь Аляксеевіч не можа без творчасці. Ён прадаўжаў працаваць музычным кіраўніком у Кучарынскім сельскім Доме культуры, Шклоўскім прафесійным ліцэі № 12, заўсёды адклікаўся на прапановы нечым дапамагчы ў культурна-музычных мерапрыемствах. З’яўляўся актыўным удзельнікам “Літаратурнага салона”, які пэўны час працуе пры раённым гістарычна-краязнаўчым музеі.

За доўгі час, працуючы на ніве музычнай творчасці, Віталь Бабчанка паспрыяў таму, што вялікая колькасць жыхароў Шклоўшчыны, вучняў музычнай школы і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнай абудзілася да музычных здольнасцей і ўвогуле дакранулася да “яе вялікасці” культуры. Пад кіраўніцтвам Віталія Бабчанкі падрыхтавана шмат будучых прафесійных музыкантаў. Сярод іх народны артыст Беларусі Васіль Раінчык – прафесар, кампазітар, кіраўнік вакальна-інстументальнага ансамбля “Верасы”, маладзёжнага тэатра эстрады. Аднак 30 ліпеня 2010 года, пасля цяжкай хваробы, Віталь Бабчанка пакінуў гэты свет. Па ўспамінах яго жонкі Рымы Іванаўны, апошнім яго жаданнем было ўзяць у рукі баян.

Віталь Аляксеевіч Бабчанка ўзнагарожаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, знакамі I і II ступені Усесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці. У 1990 годзе ён атрымаў званне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі.  Разам з Лявонам Анціпенкам ён з’яўляецца аўтарам гімна горада Шклова.

У гэты вечар сваімі ўспамінамі пра жыццё і творчасць таленавітага музыканта і педагога падзяліліся былыя калегі, сябры і проста  жыхары Шклова, якія яго добра ведалі.

Пётр Мігурскі,

намеснік Шклоўскай арганізацыі ТБМ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Далучайцеся да нас