Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ПРАГРАМА святкавання 400-годдзя Хацінскай бітвы 1621 г.

ПРАГРАМА святкавання 400-годдзя Хацінскай бітвы 1621 г.

30 сакавіка 2020, 21:11 Грамадства, Культура 21
ПРАГРАМА святкавання 400-годдзя Хацінскай бітвы 1621 г.

У канцы 2019 г. у Менску адбыліся першыя паседжанні Беларускага грамадскага арганізацыйнага камітэта па святкаванні 400-годдзя Хацінскай бітвы, якое будзе адзначацца ў верасні – кастрычніку 2021 года.

Заснавалі Аргкамітэт мастак Мікола Купава, святар і краязнавец Леанід Акаловіч, палітык Рыгор Кастусёў, ваенны гісторык Віталь Чырвінскі, гісторык-журналіст Мікола Багадзяж, гісторык, кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка, літаратар Ірына Масляніцына. Старшынём аргкамітэта адзінагалосна абраны Мікола Купава. Спіс сяброў аргкамітэта папаўняецца і адкрыты для далучэння. Чакаем вашых карысных прапаноў, свежых ідэй і падтрымкі.

 

Аргкамітэт плануе:

  1. У траўні 2020 г. арганізаваць вандроўку ў Хацін беларускіх гісторыкаў, краязнаўцаў і мастакоў для доследу і працы са зборам матэрыялаў пра бітву на месцы ў Хаціне, у бібліятэках, у архівах і музеях Украіны.
  2. Правесці ў Беларусі міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную юбілейнай даце бітвы, з наступным выданнем зборніка дакладаў (кастрычнік 2020 г. або жнівень 2021 г.).
  3. Ад імя Беларускага грамадскага арганіцыйнага камітэта па святкаванні 400-годдзя Хацінскай бітвы аб’явіць 2021 год у Беларусі годам Яна-Караля Хадкевіча.
  4. Ініцыяваць вяртанне імя сусветнавядомага палкаводца вялікага гетмана ВКЛ Яна-Караля Хадкевіча адной з вуліц гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца ў Гарадзенскай вобласці (цяпер гэта вуліца Дзяржынскага). Да 1940 года гэта вуліца насіла ганаровае імя Хадкевічаў.
  5. Ініцыяваць наданне імя Яна-Караля Хадкевіча праспектам або вуліцам у Менску, Берасці, Баранавічах, Быхаве, Ляхавічах, а таксама адной з вулак у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці, дзе будучы палкаводзец правёў свае дзіцячыя гады.
  6. Ініцыяваць наданне ў Полацку і Смаргоні адной з вуліц імя героя Хацінскай бітвы полацкага кашталяна Багуслава-Мікалая Зяновіча (уладальніка Смаргоні). Прапанаваць гарадскім уладам Чачэрска і Слаўгарада (былога Прапойска) увекавечыць памяць пра вялікага палкаводца ў сваіх гарадах.
  7. Ініцыяваць наданне ў Воршы адной з вуліц імя героя Хацінскай бітвы Аляксандра-Дажбога Сапегі, чашніка літоўскага, сына аршанскага падкаморыя, які ў 1621 годзе прывёў пад муры Хаціна ваяроў з Воршы і Аршанскага павета.
  8. Прапанаваць Наваградскаму райвыканкаму назваць адну з гарадскіх вуліц ці плошчаў імем наваградскага кашталяна Яна Рудаміна-Дусяцкага альбо ў гонар бра-тоў Яна і Георга Рудамінаў-Дусяцкіх – герояў Хацінскай бітвы.
  9. Ініцыяваць усталяванне коннага помніку вялікаму гетману ВКЛ Яну-Каралю Хадкевічу ў Менску, а таксама помнікаў (памятных знакаў) у Берасці, Быхаве і Баранавічах.
  10. Прапанаваць Беларускаму саюзу мастакоў падрыхтаваць і правесці Міжна-родную мастацкую выставу, прысвечаную Хацінскай бітве 1621 года.
  11. Прапанаваць Рыма-Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве штогод ладзіць 10 кастрычніка адмысловую імшу ў гонар герояў Хацінскай бітвы (традыцыя правядзення такой імшы існавала аж да канца ХІХ стагоддзя).
  12. Звярнуцца да кіраўніцтва Бе-ларускай Праваслаўнай Царквы з прапановай правядзення штогод 10 кастрычніка службы ў гонар герояў Хацінскай бітвы ў праваслаўных храмах Беларусі.
  13. Прывезці капсулу з зямлёй, узятай з-пад муроў Хацінскага замка, і ганарова залажыць яе ў крыпце “Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі ўратаваньню Айчыны нашай”.
  14. Прапанаваць беларускім выдавецтвам да юбілею бітвы выдаць маляўнічы каляндар на 2021 год.
  15. Заахвоціць сродкі масавай інфармацыі прыняць актыўны ўдзел у асвятленні 400-гадовага юбілею бітвы.
  16. Прапанаваць Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь, а таксама іншым абласным, раённым, гарадскім і школьным музеям, падрыхтаваць экспазіцыі на гэтую тэму.
  17. Прапанаваць кіраўніцтву Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” аб’я-віць конкурс на лепшы сцэнарый паўнаметражнай мастацкай стужкі, тэлевізійнага серыяла, анімацыйнага фільма, прысвечаных жыццю вялікага гетмана ВКЛ Яна-Караля Хадкевіча.
  18. Прапанаваць дырэктару студыі гістарычных фільмаў Уладзіміру Бокуну дадаць імя Яна-Караля Хадкевіча ў свой дакументальны праект “100 імёнаў Беларусі”.
  19. Прапанаваць кіраўніцтву Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь выпусціць памятную манету, прымеркаваную да 400-годдзя Хацінскай бітвы, а серыю “Умацаванне і абарона дзяржавы” дапоўніць манетай, прысвечанай Яну-Каралю Хадкевічу.
  20. У кастрычніку-лістападзе 2021 года арганізаваць выезд дэлегацыі з Беларусі ў горад Хацін (Украіна) на ўрачыстыя юбілейныя мерапрыемствы.
  21. Прапанаваць Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Беларусі выдаць серыю паштовых марак, паштовак, канверт, а таксама выпусціць спецыяльны штэмпель, якім пагасіць маркі 9 кастрычніка 2021 года.
  22. Прапанаваць Беларускаму саюзу мастакоў падрыхтаваць і выпусціць юбілейны медаль, прысвечаны Хацінскай бітве 1621 года, для ўручэння творцам і гісторыкам, якія вызначыліся ў гэтай тэме.

Мікола Купава, сябра Беларускага саюза мастакоў, старшыня Аргкамітэт;

Віталь Чырвінскі, ваенны гісторык;

Леанід Акаловіч, краязнавец;

Алесь Жлутка, кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Беларусі.

 

Інфармацыйныя нататкі пра ўдзел ліцвінаў-беларусаў у Хацінскай бітве 1621 года

Увосень 1621 года каля замка Хацін на малдаўскім правабярэжжы Днястра адбылася адна з самых масавых і значных бітваў XVII стагоддзя. Вынікам бітвы стала завяршэнне вайны, якую ў другой палове 1620 года Асманская імперыя і Крымскае ханства развязалі супраць Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у барацьбе за ўкраінскія і польскія землі.

Гэта вайна пачалася бітвай пад Цацорай на рацэ Прут (17 верасня – 7 кастрычніка 1620). Кароннае войска, узмоцненае ўкраінскімі рэестравымі казакамі, было разбіта. У дадатак палякі страцілі сваіх галоўных военачальнікаў. Вялікі каронны гетман Станіслаў Жалкеўскі загінуў у баі (яго адсечаную галаву разам з сядлом і шабляй паслалі ў Стамбул султану Асману ІІ), а польны каронны гетман Станіслаў Канецпольскі быў захоплены туркамі ў палон.

Татары ўварваліся ў Падолле, Валынь і Малую Польшчу. Заахвочаны перамогай султан Асман ІІ пачаў рыхтаваць вялікі паход на поўнач з мэтай дайсці да берагоў Балтыйскага мора.

Рэч Паспалітая пачала збіраць сілы для адпору. Паўстала пытанне, хто здольны ўзначаліць аб’яднанае войска. У Польшчы па вядомых прычынах такой асобы не было. Выбар выпаў на вялікага гетмана літоўскага Яна-Караля Хадкевіча. У снежні 1620 года ён прыняў галоўнае камандаванне над аб’яднаным войскам Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Узброеныя сілы ВКЛ (каля 11 тыс. чалавек), якія рухаліся з-пад Вільні, Полацка і Смаленска, злучыліся ў Берасці. Ужо пад Варшавай да  польскага войска далучыліся аддзелы легендарных лісоўчыкаў (першага літоўска-беларускага спецназу). Па ўспамінах удзельніка бітвы каралеўскага камісара Якава Сабескага Ян-Караль Хадкевіч прывёў пад Хацін 34 987 чалавек. Пазней да яго далучылася войска запарожскіх казакоў.

У аб’яднаным 60-тысячным войску значную па колькасці сілу складалі палякі (пад камандаваннем польскага магната Станіслава Любамірскага, які выконваў абавязкі польнага гетмана) і запарожскія  казакі (пад камандаваннем украінскага гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага). Таксама было шмат наймітаў з Германіі, Сілезіі і Прусіі. Былі і дабраахвотнікі з многіх краінаў Еўропы.  Літоўска-беларускіх ваяроў было каля 15 % ад агульнай колькасці ўсяго войска. Харугва Яна-Караля Хадкевіча (камплектавалася ўраджэнцамі Шклова, Быхава, Ляхавіч, Петрыкава і Копыся), полацкая харугва Мікалая-Багуслава Зяновіча, аршанская харугва Аляксандра-Дажбога Сапегі, пінская і чатыры харугвы нясвіжскага князя Аляксандра Радзівіла (камплектаваліся жыхарамі Нясвіжа, Слуцка, Капыля). Былі таксама ваяры з Вільні, Смаленска і літоўскія татары. Гэта былі вельмі баяздольныя сілы на чале з вопытнымі военачальнікамі, што і падцвердзіў затым ход бітвы.

Ян-Караль Хадкевіч, улічваючы стасункі сілаў (60 тысяч супраць 150 тысяч), выбраў пазіцыйную тактыку і адмыслова размясціў свой лагер на правым беразе Днястра, які прыкрываў яго тылы, каля сцен Хацінскага замка. Бліскуча арганізаваў актыўную абарону, прымяняючы контратакі і начныя вылазкі. На працягу месяца адбіваў асманскія штурмы, наносячы праціўніку вялізарныя страты. Нягледзячы на недахоп харчавання, разбуральныя артылерыйскія абстрэлы, зацятыя асманскія штурмы і сваю смяротную хваробу, якая прыціснула да ложка, Хадкевіч да апошняга гартаваў баявы дух войска і трымаў жорсткую дысцыпліну. У зацятых баях туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тысяч) і былі вымушаны спыніць ваенныя дзеянні. Гэта перамога стала апошняй у жыцці славутага літоўска-беларускага гетмана.

Пад мурамі Хаціна адзначыліся і іншыя нашы суайчыннікі.

Чашнік літоўскі Аляксандр-Дажбог Сапега, сын аршанскага падкаморыя, падчас турэцкіх штурмаў на чале свайго аршанскага палка стрымліваў праціўніка на левым крыле аб’яднанага войска, а пасля смерці Яна Караля Хадкевіча прыняў на сябе камандаванне войскам ВКЛ.

Стараста чачэрскі і прапойскі, кашталян полацкі Мікалай-Багуслаў Зяновіч (уладальнік Смаргоні) удала і мужна біўся на чале свайго палка (1800 чалавек). Падчас аднаго з баёў конь занёс яго ў самы гушчар ворагаў. Зяновіч страціў шлем, але працягваў бой. Акружаны з усіх бакоў праціўнікам, ён атрымаў дваццаць ранаў і памёр на трэці дзень у лагеры, “пакінуўшы вялікую славу свайго імя” (пра яго подзвіг многія ўдзельнікі бітвы пазней напішуць ва ўспамінах, а паэты ўславяць яго імя ў сваіх вершах і паэмах).

Яшчэ адзін з удзельнікаў Хацінскай бітвы наваградскі кашталян Ян Рудаміна-Дусяцкі пакінуў свае ўспаміны пра бітву ў вершаванай форме, а таксама замовіў і ўсталяваў у наваградскай капліцы Божага Цела мемарыяльную пліту ў памяць пра свайго роднага брата Георга Рудаміна-Дусяцкага і яго баявых паплечніках, якія восенню 1621 года загінулі пад мурамі Хаціна. Гэты помнік захаваўся да нашага часу і захоўваецца ў Фарным касцёле ў Наваградку.

Таксама трэба адзначыць, што шмат выхадцаў з беларускіх земляў было і сярод запарожскіх казакоў, якія мужна біліся ў складзе аб’яднанага войска.

У выніку перамогі пад  мурамі Хацінскага замка Еўропа была выратавана ад турэцкага нашэсця. Асман ІІ адмовіўся ад захопніцкіх планаў, адвёў сваю армію назад, а неўзабаве быў задушаны збунтаванымі янычарамі.

У гонар Хацінскай бітвы з дабраслаўлення Папаў Рымскіх (Рыгора XV і Урбана VIII) у каталіцкіх цэрквах Еўропы 10 кастрычніка кожнага года маліліся за душы ваяроў, якія гераічна загінулі ў бітве пад Хацінам. Гэта традыцыя, па некаторых звестках, працягвалася да канца ХІХ стагоддзя.

Прайшло чатыры стагоддзі, а памяць пра бітву жыве. Хацінская фартэцыя добра захавалася да нашага часу. Цяпер у сценах замка дзейнічае гістарычны музей, дзе галоўная экспазіцыя прысвечана падзеям 1621 года  і носіць гучную назву “Бітва за Цэнтральную Еўропу”.

Віталь Чырвінскі,

ваенны гісторык.

 

Аляксандр Радзівіл – камандзір чатырох харугваў у Хацінскай бітве

Князь Аляксандр Людвік Радзівіл (4 жніўня 1594, Нясвіж – 30 сакавіка 1654, Балоння) – дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, стольнік вялікі літоўскі (1626-1630), краўчы вялікі літоўскі (1630-1631), ваявода берасцейскі (1631-1635), маршалак надворны літоўскі (1635-1637), маршалак вялікі літоўскі (1637-1654), ваявода полацкі (1654), 5-ты ардынат Нясвіжскі (1642-1654), граф Шыдлавецкі (1642-1654) і 2-гі пан на Белай (1616-1654), войт магілёўскі (з 1632 года), стараста слонімскі (1635-1642), ліпіцкі, браслаўскі, шадэцкі, нававольскі, юрбаркаскі і аліцкі.

Прадстаўнік нясвіжскай лініі буйнога беларускага магнацкага роду Радзівілаў герба “Трубы”. Чацвёрты (малодшы) сын ваяводы трокскага і віленскага князя Мікалая Крыш-тафа Радзівіла “Сіроткі” (1549-1616) ад шлюбу з Эльжбетай Ефіміяй Вішнявецкай (1569-1596). Старэйшыя браты – кашталян трокскі Ян Ежы Радзівіл, кашталян віленскі Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл і ваявода наваградскі Жыгімонт Караль Радзівіл.

У 1616 годзе пасля смерці свайго бацькі Мікалая Радзівіла “Сіроткі” Аляксандр Людвік атрымаў у валоданне маёнткі Белая і Дадукаў у Берасцейскім ваяводстве, Грэск у Наваградскім ваяводстве, Крожы ў Жамойтыі, пасля смерці свайго старэйшага брата Яна Ежы ў 1625 годзе – Карэлічы. У 1642 годзе пасля смерці свайго другога старэйшага брата Жыгімонта Караля ўспадкаваў Нясвіжскую ардынацыю.

Вучыўся ў Нясвіжы і Германіі, затым падарожнічаў па Францыі і Італіі. У 1621 годзе Аляксандр Людвік Радзівіл удзельнічаў у разгроме турэцка-татарскага войска ў бітве пад Хацінам. У 1632-1634 гадах браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай за Смаленск.

Аляксандр Людвік Радзівіл удзельнічаў у абранні на польскі каралеўскі пасад Уладзіслава IV Вазы (1632) і Яна II Казіміра Вазы (1648). Дамогся Магдэбургскага права для свайго маёнтка – Белай, дзе пабудаваў замак і заснаваў акадэмію. У 1640 году ў Нясвіжы на юбілей Ордэна езуітаў у Фарным касцёле выставіў натуральнай велічыні сэрца, адлітае з золата.

У канцы сакавіка 1654 гады 59-гадовы ваявода полацкі Аляксандр Людвік Радзівіл сканаў у Балонні (Італія), дзе знаходзіўся на лячэнні. Яго сын Міхаіл Казімір перавёз цела свайго бацькі ў Нясвіж і пахаваў у радавым магільным склепе.

Вікіпедыя.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас