Прыхільнікі беларускай мовы, сярод якіх удзельнікі літаратурна-песенных і чытацкіх конкурсаў, сакратары раённых камітэтаў БРСМ, школьнікі – усе, хто з павагай і пашанай ставіцца да нацыяналь-най культуры і спадчыны, – прыехалі ў Смалявічы на абласное свята “Дзень роднай мовы”.
– Пішам з чырвонага радка, з вялікай літары… – калі пачула гэтыя словы, міжволі страпянулася: “Няўжо зноў школа?”.
Першы сакратар Менскага абкама БРСМ Кірыл Шык патлумачыў:
– Калі прыехалі на Дзень роднай мовы, трэба праверыць вашы веды: напішам невялікую дыктоўку. Заданне нескладанае, так што не хвалюйцеся. Мы выбралі публіцыстычны твор Янкі Купалы “Ці маем мы права выракацца роднай мовы”. Напісаны ён быў у 1914 годзе.
Удзельнікам свята раздалі аркушы – і дыктоўка пачалася. Супакоеная Кірылам Шыкам, я таксама вырашыла праверыць веданне роднай мовы. Шчыра кажучы, некалькі памылак усё ж зрабіла: як-ніяк, школу больш за дзесяць год таму скончыла. А вось сярод “вучняў” знайшліся і тыя, хто напісаў дыктоўку на выдатна. Сярод іх – выканавец абавязкаў першага сакратара Крупскага райкама БРСМ Алена Дубава:
– Люблю сваю краіну і люблю мову, – кажа дзяўчына. – Мова не толькі самая прыгожая, але і багатая. Калі ў літаратурнай налічваецца каля 500 тысяч слоў, дык у дыялектнай – дзесьці два мільёны!
Першы сакратар Слуцкага райкама БРСМ Кацярына Барысевіч беларускую мову чула з дзяцінства – у сям’і ўсе на ёй размаўлялі. А вось сапраўдная любоў да матчынага слова ёй перадалася ад настаўніцы. Кацярына ўдзельнічала ў алімпіядах, а пазней і сама стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
– У нас дзве дзяржаўныя мовы, але ж мы – беларусы, і для мяне асноўная мова менавіта беларуская, – кажа першы сакратар. – Мы свядома яе папулярызуем, пэўны час пісалі навіны і посты, звязаныя з дзейнасцю маладзёжнай арганізацыі, толькі па-беларуску.
Дарэчы, адзнак за пісьмовы іспыт на гэты раз нікому не ставілі: як патлумачыў Кірыл Шык, сэнс дыктоўкі не ў тым, каб праверыць свае веды, а каб яшчэ раз усвядоміць, што мы – беларусы і павінны ганарыцца гэтым.
– Я штодзённа размаў-ляю па-беларуску з дзецьмі, бацькамі, калегамі – і яны падтрымліваюць мяне ў гэтым. Нам пашчасціла, што ў нас ёсць не толькі дзяржава, але і мова. Таму мы вельмі багатая і шчаслівая нацыя.
Мілагучная, сакавітая, цёплая беларуская мова… Тое ж самае можна сказаць і пра абласное свята. Панаваў пазітыўны настрой, выступалі ўдзельнікі конкурсаў на найлепшае выкананне вершаў і песень.
Затым удзельнікам свята прапанавалі адказаць на некалькі пытанняў кшталту “З якой камандай гуляла БАТЭ 2 кастрычніка 2012 года?”. У барацьбу-гульню “Мая радзіма – Беларусь”, што прайшла ў фармаце паб-квіза, уступілі 8 аб’яднаных каманд, па 6-8 чалавек у кожнай. Вядовец – галоўны спецыяліст абкама БРСМ Вячаслаў Клімковіч не шкадаваў – сыпаў пытаннямі, як з рога. Далёка не ўсе каманды ведалі адказы…
Першае месца занялі “Зубры” (удзельнікі з Бярэзінскага, Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў).
На другім месцы – “Кропка” (Стаўбцоўскі, Нясвіжскі, Валожынскі і Любанскі раёны).
Трэцімі сталі “Светлякі” (Уздзенскі, Смалявіцкі, Менскі і Любанскі раёны).
Пераможцы атрымалі зборнікі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.
– Спецыяльна не рыхтаваўся, проста выдатна ведаю родную мову і гісторыю сваёй краіны, – кажа Алег Якушаў, педагог-арганізатар Мар’інагорскай гімназіі, валанцёр саюза моладзі, удзельнік каманды-пераможцы. – Беларуская мова – гэта крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці, светапогляду. Я ўпэўнены, што родная мова злучае нас з папя-рэднімі пакаленнямі, іх духоўнымі набыткамі, з’яўляецца пад-муркам этнічнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Скончылася абласное свята роднай мовы праглядам кінастужкі “Адзін дома” па-беларуску.
Галіна Наркевіч.
Фота: Святланы Курэйчык.
Млын.by.