• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 25 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Пра роднае слова ў Дзень роднай мовы

Пра роднае слова ў Дзень роднай мовы

10 сакавіка 2020, 17:29 Мова 2
Пра роднае слова ў Дзень роднай мовы

Тое, што для многіх народаў здаецца звычайным і зразумелым, нам, беларусам, трэба спасцігаць. Напрыклад тое, што было вядома значна раней, што “наша мова для нас святая”. Мы ўсё стараемся яе замяніць, карыстаючыся іншай, няхай сабе вельмі прыгожай і цудоўнай, але ж не роднай. Але, дзякуй Богу, ёсць дзень, калі пра тое, што павінны ведаць заўсёды, успамінаюць усе, хто на справе, а хто хаця б у думках – сусветны Дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Нагадаць усім пра даўно вядомае паспрабавалі і супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, запрасіўшы чытачоў бібліятэкі і ўсіх аматараў роднага  слова прыняць удзел у Тыдні роднай мовы, які прайшоў у бібліятэцы з 18 па 24 лютага.

Людзі розных узростаў удзельнічалі ў акцыях: “Сэлфі па-беларуску”, падчас якой неабходна было зрабіць фота ці відэа з беларускімі словамі і апублікаваць у сацсетках з #Нясвіжчытае, “Любімае беларускае слова”, якое наведвальнікі бібліятэкі запісвалі на рознакаляровыя паперкі і замацоўвалі на лічбе 21. Цікавымі былі і сумесныя акцыі з аўтамабільным паркам № 8 у грамадскім транспарце “Вучымся размаўляць па-беларуску разам” і “Пазнай больш сакавітых слоў” (сумесна з БРСМ на вуліцах горада).

Але самае цікавае адбылося менавіта ў Дзень роднай мовы – 21 лютага.

Малодшыя чытачы бібліятэкі  сустрэліся з беларускай пісьменніцай  Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, якая прэзентавала сваю новую кнігу “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”, а таксама пазнаёміла з героямі сваіх кніг, якія ўжо знайшлі свайго чытача.

Вучні пачатковых класаў  паўдзельнічалі ў майстар-класе “Нясумнае чытанне: чытаем і ствараем” па стварэнні герояў дзіцячых беларускіх кніг і паспрабавалі сябе ў ролі найлепшых чытальнікаў твораў на роднай мове .

Старшакласнікі і навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа мелі магчымасць праверыць свае веды падчас традыцыйнай дыктоўкі, якую правяла для іх пісьменніца, сябра Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў раённага і літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Зоя Кулік.

Завіталі ў той дзень у бібліятэку і маладыя інваліды, наведвальнікі Нясвіжскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам са сваімі кіраўнікамі Таццянай Георгіенай Хоміч і Аксанай Юр’еўнай Пяткевіч. Бібліятэкар дарослага абанемента Аксана Леанідаўна Кунаш прапанавала ім інтэлектуальную гульню “Мова родная – мова модная”. Дзеці слухалі беларускія вершы і песні ў выкананні вядомых беларускіх артыстаў, тлумачылі значэнне беларускіх слоў, паспрабавалі сябе і  ў ролі перакладчыкаў з рускай на беларускую мову. Дарэчы, лепшым перакладчыкам паказаў сябе снаўчанін Дзяніс Бушмялёў.

Многія ўдзельні гульні – даўнія чытачы бібліятэкі. У той дзень, пасля мерапрыемства, яны ўзялі для чытання кнігі беларускіх аўтараў, якія размяшчаліся на выставах “Смак беларускай мовы”, “Да кніжных скарбаў дакраніся”, “Роднага слова святло”, “Будзь у трэндзе: чытай беларускае”.

Не засталіся ўбаку і сельскія бібліятэкары. Сустрэча з кнігай на роднай мове “Кніга – шлях да ведаў” прайшла ў Высокаліпскай бібліятэцы, віктарына “Знаўца роднай мовы” ў Заазерскай. Супрацоўніца бібліятэкі вёскі Ужанка  Людміла Казіміраўна Гуленка запрасіла сваіх чытачоў на літаратурную гасцёўню “Багата, родная ты мова..”.

У Юшавіцкай сельскай бібліятэцы  імя Івана Гурбана адбыўся конкурс знаўцаў роднай мовы, у якім прынялі ўдзел вучні 2-7 класаў. Бібліятэкар Ганна Канстанцінаўна Халопіца загадвала ім загадкі, прапаноўвала разгадаць шарады, чым найхутчэй прагаварыць скорагаворку, узгадаць і сабраць з прапанаваных слоў прыказку і многае іншае. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія прызы, а вынікі дружна  падвялі за салодкім сталом.  І самае цікавае тое, што ў гэтым конкурсе не было пераможаных – перамаглі ўсе.

Як бы хацелася, каб і на шчырай зямлі нашай роднай беларуская мова таксама не была пераможанай. Каб гаварылі на ёй людзі, вырашалі грамадскія пытанні, вялі важныя перагаворы, каб роднымі словамі выказвалі свае пачуцці да каханых, прызнаваліся ў любові да роднай зямлі, суцяшалі ў сумныя хвіліны, раздзялялі радасць. Яно так і будзе, асабліва калі мы станем як мага больш чытаць па-беларуску, і, канешне ж, не забывацца, што самыя цікавыя сустрэчы і з кнігамі, і з іх аўтарамі адбываюцца менавіта ў бібліятэцы. Завітвайце да нас  часцей, не пашкадуеце.

Валянціна Шчарбакова,

бібліятэкар І катэгорыі

Нясвіжскай цэнтральнай раённай

бібліятэкі імя Паўлюка  Пранузы.

Фатаграфіі Святланы Польскай.

На здымку: з Зояй Кулік Анастасія Бунцэвіч, Яраслава Грыцэль, Ганна Жукоўская, Таццяна Глусценка, Дар’я Буйко, навучэнцы Нясвіжскага каледжа, група Н-22.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1219
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0317
У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца
ТБМ

У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца

11 лютага 2020, 23:4216
Далучайцеся да нас