Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Іван Хруцкі: драма з салодкімі нацюрмортамі”: да 210-годдзя з дня нараджэння

“Іван Хруцкі: драма з салодкімі нацюрмортамі”: да 210-годдзя з дня нараджэння

25 лютага 2020, 20:53 Культура 25
“Іван Хруцкі: драма з салодкімі нацюрмортамі”:  да 210-годдзя з дня нараджэння

26 студзеня ў нядзелю 2020 г. у Магілёўскай абласной бібліятэцы адбылася імпрэза “Дзівосны пэндзаль акадэміка Хруцкага” да 210-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага мастака.

Хруцкі Іван Фаміч увайшоў у гісторыю сусветнага жывапісу як заснавальнік класічнага нацюрморта і як аўтар шматлікіх партрэтаў, пейзажаў, інтэр’ераў. Нарадзі-ўся будучы мастак у мястэчку Ула на Лепельшчыне (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара. Першапачатковую мастацкую адукацыю І. Хруцкі атрымаў у Полацкім калегіюме, пасля заканчэння якога ў 1827 г. паехаў у Пецярбург. Малады мастак удасканальваў сваё майстэрства, працуючы ў Эрмі-тажы, дзе рабіў копіі твораў вядомых еўрапейскіх жывапісцаў.

Мастак-беларус Іван Хруцкі праславіўся перш за ўсё як майстар нацюрморта. З яго імем звязаны прыгожыя дэкаратыўныя кампазіцыі, напісаныя рупліва, падрабязна. Большасць нацюрмортаў выканана ў час вучобы ў Пецярбургу. Першы поспех прыйшоў у 1836 годзе, калі Савет Акадэміі мастацтваў адзначыў яго работу-нацюрморт “Кветкі і плады” вялікім сярэбраным медалём, а ў 1838 г. – малым залатым медалём за нацюрморты “Кветкі і плады” і “Старая, якая вяжа панчоху”. У 1839 г. І. Хруцкаму было прысвоена званне акадэміка за выдатныя працы ў партрэтным і пейзажным жывапісе.

Што называецца, патрапіў у тэму: ягоныя нацюрморты цудоўна адпавядалі густам, сфарміраваным, з аднаго боку, жорсткай мікалаеўскай цэнзурай, а з другога – пашырэннем моды на імпартныя даброты. Кожны, хто імкнуўся не адстаць ад моды, жадаў мець у інтэр’еры нацюрморт ці хаця б пейзаж Хруцкага. Літаральна са студэнцкай лавы наш зямляк трапіў у “брэнды”. У сваіх нацюрмортах мастак адкрывае гледачу прыгажосць паўсядзённасці: немагчыма не залюбавацца цвёрдай, толькі што памытай, з бліскучай паверхняй морквай, сакавітымі яблыкамі або грыбамі, толькі што прынесенымі з лесу, і, вядома ж, гарбузом, важкасць і аб’ём якога падкрэслены святлаценню.

І. Хруцкі стварыў шмат партрэтаў, і нярэдка гэта выявы землякоў мастака. Парадныя партрэты ўніяцкіх мітрапалітаў І. Булгака і І. Сямашкі (1838) вылучаюцца пратакольнасцю паказу, засяроджаннем увагі на выпісванні ордэнаў і розных аксесуараў касцюмаў.

У гэты перыяд, калі паспяхова складвалася творчае жыццё мастака, памёр яго бацька. І. Хруцкі вымушаны быў пакінуць Пецярбург. У сакавіку 1840 года Іван Хруцкі едзе на радзіму ўладжваць справы сям’і, у якой становіцца старэйшым. Трэба падумаць, куды і як уладкаваць малодшых братоў (яны пойдуць па яго слядах: паступяць у Акадэмію мастацтваў), дзе пасяліцца асірацелай сям’і, дый пра жаніцьбу час падумаць. Піша ён у гэтыя гады не вельмі шмат, больш партрэты і значна радзей – нацюрморты.

У 1844 годзе мастак купляе маёнтак Захарнічы, што недалёка ад Полацка. Тут ён будуе класічны сядзібны дом, а потым 35-гадовы Хруцкі ажаніўся з 23-гадовай суседкай Ганнай Адравуж-Бубноўскай. Ён становіцца тут амаль пустэльнікам. Жыве сціпла, піша даволі мала, усё больш для сябе: інтэр’еры сядзібы, сямейныя партрэты.

Паспрабаваў сябе І. Хруцкі і ў сакральным жывапісе. Ён напісаў абразы для царквы Трох віленскіх пакутнікаў у Вільні, абразы для іканастасаў сабора Аляксандра Неўскага ў Коўне, царквы Святога Іосіфа ў Трынопалі, партрэты царкоўных дзеячаў для архіерэйскага дома ў Вільні.

Так мінае 30 гадоў. Адна з апошніх работ – напісаны ў 1884 годзе, за год да смерці, аўтапартрэт. Як і ў многіх партрэтах Хруцкага, тут ужыты прыём кантрастнага асвятлення – найбольш асветленыя твар і правая, “працоўная”, рука. У аўтапартрэце адчуваецца годнасць, пачуццё ўласнай значнасці і нейкая затоеная горыч…

Памёр Іван Хруцкі 13 студзеня 1885 года, не дажыўшы два тыдні да 75-годдзя. Жонка перажыла яго толькі на некалькі гадоў. Пасля рэвалюцыі нашчадкі паспелі ўцячы ў Польшчу. А маляўнічыя Захарнічы спачатку абрабавалі, а потым і зруйнавалі.

Вось прыкладна такую гісторыю пра таленавітага беларускага мастака распавяла прысутным загадчыца Аддзела мастацтва абласной бібліятэкі Таццяна Куранкова. Пры гэтым на экране дэманстраваліся здымкі работ Івана Хруцкага.

Значна ажывіла імпрэзу даўні сябар ТБМ Святлана Строгіна, дырэктар магілёўскага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, якая прафесійна і яскрава дадала яшчэ некалькі цікавых фактаў пра нашага вядомага і пры гэтым невядомага для большасці беларусаў мастака. 

Шамянкова Наталля,

Магілёў.

Фота Надзеі Бацілавай і Марыны Храмцовай.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3420
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0320
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1420
Далучайцеся да нас