Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Беларуская мова – гарант нашай незалежнасці

Беларуская мова – гарант нашай незалежнасці

4 лютага 2020, 08:35 Мова 106
Беларуская мова – гарант нашай незалежнасці

26 студзеня 1990 г. ВС БССР 11 склікання апошнім у СССР прыняў Закон “Аб мовах у БССР” у адпаведнасці з якім пасля доўгага перапынку ад 1927 г. беларуская мова зноў стала дзяржаўнай.

Сітуацыя ў краіне на той час была вельмі складанай. Усе ВНУ рэспублікі яшчэ ў 30-х гадах ХХ ст. гвалтоўна зрабілі рускамоўнымі, пры гэтым рэпрэсавалі беларускамоўных выкладчыкаў і студэнтаў.

У 1959 г. закрылі ўсе беларускія школы ў гарадах, пакінуўшы родную мову толькі ў вясковых школах. Некаторым катэгорыям жыхароў Беларусі дазвалялі вызваляць сваіх дзяцей ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры ў рускамоўных школах.

Асабліва пацярпелі маладыя беларускія хлопцы, з якіх літаральна выбівалі беларускую мову ў савецкім войску і міліцыі.

Тым не менш народ не хацеў паміраць і канчаткова русіфікавацца. Закон “Аб мовах” планаваў вярнуць родную мову ў штодзённы ўжытак на працягу 10 гадоў. І справа пайшла, асабліва калі Беларусь стала незалежнай краінай. У 1994-95 гг. больш за палову вучняў у першых класах вучылася па-беларуску. Беларуская мова паступова вярталася ў ВНУ, справаводства, на радыё і БТ.

Аднак майскі рэферэндум 1995 г., які праводзіўся са шматлікімі парушэннямі, спыніў гэты працэс, і абвешчанае ім двухмоўе за пару гадоў ліквідавала ўсе дасягненні, зробленыя ў моўнай сферы, а ў 1998 г. унеслі такія змены ў Закон “Аб мовах”, што ён практычна перастаў дзейнічаць.

Адначасова з гэтым на палітычную сцэну выйшла дамова аб стварэнні так званай “саюзнай дзяржавы”, якая прадугледжвала паступовую анексію Беларусі і ператварэнне яе ў “Северо-Западный край”, дзе нічога беларускага ўжо не будзе.

Дзякуючы шматтысячным дэманстрацыям і мітынгам беларускіх патрыётаў асноўныя палажэнні, запісаныя ў “саюзнай дамове”, беларуская ўлада паклала пад сукно, мяняючы пры гэтым беларускую мову і культуру на танную нафту і газ. Захаванне беларускай мовы легла на плечы грамадскасці, і яна зрабіла немагчымае, ператварыла імідж беларускай мовы з сялянскай, адсталай і калгаснай у мову гарадской эліты, інтэрнэта, камп’ютараў, Вікіпедыі, Касцёла і Уніяцкай царквы. Гэтая з’ява ў апошнія гады атрымала назву “мяккая беларусізацыя” і вельмі занепакоіла маскоўскіх імперыялістаў. Таму яны выцягнулі з пыльнай тэчкі старую “саюзную дамову” і год таму прад’явілі нам ультыматум, каб мы пагадзіліся дабраахвотна, “шасцю губернямі” стаць чарговай ахвярай “русского мира”.

Лепшыя прадстаўнікі нашага народа адказалі на гэта масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі падчас святкавання сотай і стопершай гадавіны БНР, удзелам у перапахаванні ў лістападзе мінулага года ў Вільні Кастуся Каліноўскага і пратэстамі ў Менску і іншых гарадах супраць т.зв. інтэграцыі ў снежні 2019 г.

Аднак усходняя пагроза нікуды не дзелася і “дамоклаў меч” “русского мира” як і раней вісіць над нашымі галовамі.

Суайчыннікі! Нашыя грамадзяне розных палітычных поглядаў і веравызнанняў! Калі Вы хочаце і далей жыць у незалежнай краіне і карыстацца ўсімі яе перавагамі – ужывайце беларускую мову ў сваім жыцці і зрабіце ўсё неабходнае, каб яе захаваць для нашчадкаў.

За апошнія 50 гадоў наша краіна з сялянскай дзяржавы, дзе беларусы пераважна жылі ў вёсках і менавіта там захавалі родную мову, ператварыліся ў трэцюю краіну Еўропы пасля Вялікабрытаніі і Бельгіі, дзе пераважае гарадское насельніцтва.

Упершыню за апошнія 200 год наш горад, які не гаварыў па-беларуску, бо беларусаў там было менш за палову, стаў беларускім. Асабліва гэта датычыцца нашай сталіцы, дзе ў 2-х мільёнах насельніцтва беларусы складаюць значную большасць.

Вясковае насельніцтва вельмі хутка знікае, і разам з ім знікаюць шматлікія беларускія дыялекты і носьбіты нашай мовы. Таму малыя дзеці нашах гараджанаў ужо не маюць беларускамоўных дзядуль і бабуль, не чуюць беларускіх казак, песень і калыханак.

Таму менавіта мы, асабліва жыхары Менска і вялікіх гарадоў павінны захаваць сваю мову, навучыць гаварыць на ёй нашых дзяцей і ўнукаў, бо рускамоўная школа гэтага зрабіць не ў стане.

Таму я заклікаю Вас вярнуцца да родных беларускіх каранёў і не саромецца карыстацца беларускай мовай перш-наперш дома, а таксама ў стасунках з уладамі ўсіх узроўняў, каб яны не забываліся, у якой краіне жывуць.

Будзе паўсюль гучаць беларуская мова, і аматары аншлюсу адмовяцца ад сваіх планаў і імперскіх амбіцый.

Ганаровы старшыня ТБМ,

кандыдат гістарычных навук

Алег Трусаў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0026
З Ражством праваслаўных вернікаў!
Грамадства

З Ражством праваслаўных вернікаў!

7 студзеня 2020, 18:2224
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0923
Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВАЯ  ГРАФІКА
літаратура

Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВАЯ ГРАФІКА

29 студзеня 2026, 22:5021
Далучайцеся да нас