Адметна, цікава, па-пісьменніцку адмыслова адзначыў мінулы год вядомы беларускі пісьменнік, перакладчык і даследчык гісторыі Юры Кур’яновіч. На радзіме, а гэтаксама ў Літве і Украіне ён прэзентаваў адразу тры свае новыя кнігі: “Старасвецкая Лошыца”, “Тураў. Старажытны і сучасны” і “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар”. Пляцоўкамі іх зацікаўленага, грунтоўнага, пазнавальна-павучальнага, душэўнага абмеракавання сталі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, VIII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Вільні, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік “Нагуевічы” ў Драгобыцкім раёне Львоўскай вобласці, Львоўскі нацыянальны літаратурна-мемарыяльны музей Івана Франко і літаратурна-мемарыяльны музей І. Франко ў сяле Крыварыўня Верхавінскага раёна Івана-Франкоўскай воб-ласці.
ЗНАЧНАЙ падзеяй у франказнаўстве, якая безумоўна будзе спрыяць узмацненню ўкраінска-беларускіх культурных сувязяў, з’явілася кніга “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар”. Гэта першае беларускамоўнае выданне пра аднаго з выдатных прадстаўнікоў галіцкай інтэлігенцыі, адданага сына ўкраінскага народа Пятра Франко (1890 – 1941) – нашчадка вялікага літаратара Івана Франко (1856 – 1916). Акрамя нарыса пра жыццё і дзейнасць героя выдання ў ім змешчаны асобныя літаратурныя творы Франко-малодшага, у тым ліку яго ўспаміны пра бацьку “Іван Франко зблізу”. Цалкам па-беларуску яны друкуюцца ўпершыню. Пераклад з украінскай зрабіў сам аўтар, які з’яўляецца першым перакладчыкам твораў П. Франко на нашу мову. Гэтая ды іншыя акалічнасці атрымалі ў знакавых для ўсходняй краіны-суседкі музейных комплексах высокую адзнаку дзеячаў культуры.
Што тычыцца непасрэдна самога выдання, то яно прысвечана светлай памяці Надзеі Франко – праўнучкі вялікага Каменяра і ўнучкі яго сына Пятра.
– Са спадарыняй Надзеяй Франко мы, як кажуць, сябравалі сем’ямі, – распавядае Юры. – Дый цяпер пан Андрэй, яе муж, – мой лепшы сябар. Пачатак сяброўства – асобная гісторыя. Украіну, і менавіта Заходнюю, я ведаю са школы. І тады ў нас там былі вельмі блізкія людзі-сябры. Я планаваў нават паступаць у Чарнавіцкі дзяржуніверсітэт.
Між іншым, Юры Кур’яновіч – сёння адзіны ў Беларусі пісьменнік, які падтрымлівае цесныя сувязі з нашчадкамі Пятра Франко, твор якога ўпершыню ў перакладзе нашага даследчыка з’явіўся ў “Літаратурнай Беларусі” (дадатак да газеты “Новы час”) 29 чэрвеня 2012 года. Гэта было пераўстварэнне апавядання “Руды пацук” (“Рудий щур”). А неўзабаве нарадзіўся зборнік перакладаў “Цвітуць сланечнікі”. У яго ўвайшлі згаданы твор, а таксама пераклады (падкрэслю, упершыню) заходнеўкраінскіх аўтараў Івана Грэкуляка і Наталлі Радыш. Дарэчы, пераўстварэнні часткі згаданых вышэй успамінаў П. Франко пра бацьку друкаваліся ў 2017-м у часопісе “Верасень” і газеце “Звязда”.
Добра ведаю, што цягам доўгіх гадоў Юрась падтрымлівае цесныя сувязі з літаратурна-мемарыяльным музеем класіка ўкраінскай літаратуры Марка Чарамшыны ў Снятыне і літаратурна-мемарыяльным музеем І. Франко ў Крыварыўні. Да нядаўняга зусім часу беларускі пісьменнік сябраваў з дырэктарам музея ў Снытыне Русланай Кірэевай, якая памерла ў мінулым годзе, і колішнім дырэктарам вядомай культурнай установы ў Крыварыўні Міколам Дзуракам, які пакінуў гэты свет у 2014-м. З імі беларус не толькі перапісваўся, але па-мажлівасці папаўняў калекцыю фондаў гэтых музейных устаноў.
У 2008-м у Снятыне нават была арганізавана часовая экспазіцыя, на якой былі прадстаўлены асабістая перапіска Кур’яновіча з музеем, яго падарункі (кнігі беларускіх аўтараў), беларускія сувеніры. Сярод іх – “Апавяданні” М. Чарамшыны ў перекладзе Валянціна Рабкевіча. Гэта першае і адзінае пакуль выданне твораў украінца ў Беларусі, якое перадаў па просьбе Юрася яго першы настаўнік у літаратуры, знаны беларускі перакладчык Васіль Сёмуха, які пайшоў з жыцця ў мінулым годзе. Кніга, дарэчы, з дарчым подпісам Рабкевіча Сёмуху.
МЕСЦА для першай прэ-зентацыі кнігі пра Пятра Франко было абрана зусім не выпадкова. Ён быў трэцім, малодшым сынам вялікага Івана Франко і адзіным з яго дзяцей, хто нарадзіўся там, дзе і бацька, – у вёсцы Нагуевічы Драгобыцкага павета на Львоўшчыне. На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і вядомыя грамадска-культурныя дзеячы. У іх ліку – перакладчык беларускай паэзіі, паэт і літаратуразнаўца Міхайла Шалата – сябра Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры і тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Драгобыцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Франко, публіцыст, паэт, краязнаўца, літаратуразнаў-ца, сябра саюза пісьменнікаў Ра-ман Пастух, дэкан гістфака згаданага ўніверсітэта прафесар Леанід Тымашэнка, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры сусветнай літаратуры і славістыкі філфака той жа навучальнай установы Галіна Сабат, дырэктар універсітэцкай бібліятэкі Ігар Разлуцкі, грамадская дзяячка, ідэйная натхняльніца кніжна-літаратурнага фестывалю “Трускавецкі Літфэст” Ганна Літвін.
ШМАТЛІКІЯ прадстаўнікі львоўскай інтэлігенцыі разам з нашчадкамі Пятра Франко прысутнічалі на прэзентацыі кнігі ў Львоўскім нацыянальным літаратурна-мемарыяльным музеі Івана Франко. Мерапрыемства адбылося напрыканцы мінулага года. Нашага творцу прадстаўляла вядомы львоўскі навуковец, франказнавец Наталля Тыхалоз. Яна падкрэсліла важнасць выдання пра Пятра Франка беларускай мовай, у прыватнасці, спынілася на навуковай каштоўнасці публікацыі. Адзначыла, што ўпершыню (і не толькі ў Беларусі!) надрукаваны ўспаміны праўначкі Івана Франко і ўнучкі яго сына Пятра – Іванкі Міліянчук пра сваю сястру Надзею Франко. А сам аўтар з’яўляецца да таго ж яшчэ і мастаком. Яго карціна “Невыказнае” знаходзіцца ў фондах музея.
Варта адзначыць, што ўпершыню творы Пятра Франко ўбачылі свет, дзякуючы намаганням Пятра Міхайлавіча Франко – ганаровага старшыні Усеўкраінскага Таварыства палітычных вязняў і рэпрэсаваных, даследчыка, пісьменніка, грамадскага дзеяча. У гэтым ёсць свая знакавасць – шырокай грамадскай папулярызацыяй Пятра Франко заняўся яго аднафамілец – другі Пятро Франко. Ён з’яўляецца складальнікам і рэдактарам двухтомніка выбраных твораў П. Франка “Доробок”. Прэзентацыя першага тома, які склалі літаратурныя творы, адбылася ў 2010 годзе ў Палацы мастацтваў Львова з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Пятра Франко. Другі том (навуковыя і навукова-папулярныя творы) пабачыў свет у 2017-м. Пятро Міхайлавіч Франко не змог прысутнічаць на прэзентацыі – хварэў, але потым сустрэўся з аўтарам і падпісаў яму свае кнігі. На адной з іх з удзячнасцю за кнігу пра сына вялікага Камяняра напісаў: “Славному синові Білоруської нації Юрію Кур’яновичу дарує автор”.
У КРЫВАРЫЎНІ прэзентацыю ў выставачнай зале вяла дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франко Ганна Луцюк. І дарослая аўдыторыя, і старшакласнікі агульнаадукацыйнай школы імя М. Грушэўскага мелі магчымасць даведацца пра малавядомыя старонкі біяграфіі Пятра Франка і атрымалі асалоду ад мілагучнай беларускай мовы беларускага госця.
Ганна Луцюк расказала пра даўняе сяброўства Юрыя Уладзіміравіча з музеем і яго колішнім дырэктарам Міколам Дзуракам. Яна адзначыла, што ў беларускім часопісе “Верасень” у 2017 годзе былі надрукаваны ўспаміны Юрыя Кур’яновіча пра Крыварыўню і Міколу Дзурака. Кур’яновіч неаднаразова адпачываў у Крыварыўні. Для яго, як і для вялікага Івана Франко, гэта сяло, можна сказаць, стала ўлюбёным. Вядоўца прадэмантсравала ўсім фотаработу Кур’яновіча з серыі “Подых Карпат”, якую ён прывёз на прэзентацыю ў якасці падарунка музею.
Варта адзначыць, што менавіта ў Крыварыўне Юрась пазнаёміўся ў жніўні 2009 года з унучкай Пятра Франко спадарыняй Надзеяй і яе мужам Андрэем, калі разам адпачывалі ў прысёлку Зарэчча (гэта частка Крыварыўні) у сям’і Васіля і Васіліны Зеленчукоў, якія таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. Менавіта гэтая сустрэча стала, відавочна, своеасаблівым штуршком для глыбейшага даследавання творчасці і лёсу Пятра Франко. Пацвярджэнне таму – і дарчы надпіс на кнізе, якую аўтар падараваў музею: “…З любов’ю до України і Криворівні, де почався мій шлях до пізнання особистості сина великого Каменяра… Юры Кур’яновіч”.
ДЫРЭТАР Крыварыўнянскай школы Міхайла Федарчак назваў Кур’яновіча за яго асветніцкую дзейнасць Героем Крыварыўні. Для прадстаўнікоў украінскай культуры стала вялікім задавальненнем тое, што імёны іх вядомых дзеячаў знаходзяць сваю павагу ў краіне, якая ўзбагаціла літаратуру імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. І сёння адным з яскравых папулярызатараў украінскай літаратуры, яе здабыткаў у Беларусі з’яўляецца Юры Кур’яновіч.
Уладзімір Барысенка.