Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі. Радавод нямецкага Дзеда Мароза

Навіны Германіі. Радавод нямецкага Дзеда Мароза

31 снежня 2019, 09:33 У свеце 7
Навіны Германіі. Радавод нямецкага Дзеда Мароза

Калядныя і навагоднія святы немагчыма ўявіць без Дзеда Мароза, які прыносіць падарункі. Праўда, радавод нямецкага Дзеда Мароза дагэтуль выклікае спрэчкі.

 

Нямецкі Дзед Мароз прыходзіць не пад Новы год, як у нас, а напярэдадні Каляд. Клічуць яго Санкт-Нікалаўс – Святы Мікалай, і 6 снежня адзначаецца яго свята. Ёсць адно толькі “але”: у Германіі ніхто дагэтуль толкам не ведае, як выглядае Санкт-Нікалаўс (Sankt Nikolaus). То ён – добры белабароды дзед у касматым футры і чырвоным каптуры, то – каталіцкі біскуп у сутане з тыярай на галаве і жазлом у руцэ.

Пачалася гэтая блытаніна яшчэ ў старадаўнія часы. Пачнём хоць бы з таго, што пад імем Святога Мікалая шануюць адразу двух святых. Адзін з іх, біскуп Нікалаўс з Міры, жыў у IV стагоддзі н.э., а другі, яго цёзка, біскуп Нікалаўс Сіёнскі – у V стагоддзі. Пазней Св. Мікалай шанаваўся ў Германіі як заступнік мараходаў, купцоў, пекараў і школьнікаў. А ў XIV стагоддзі ў школах пры каталіцкіх манастырах кожны год пачалі адзначаць 6 снежня Дзень святога Мікалая Мірлікійскага. Свята суправаджалася пышнымі працэсіямі, у якіх удзельнічалі манахі, дзеці і дарослыя вернікі. Ужо тады ў гэты дзень раздавалі падарункі.

Але ў вёсках сярэднявечнай Германіі просты люд аддаваў перавагу таму, каб падарункі дзецям прыносіў не каталіцкі біскуп, а легендарны парабак Рупрэхт, які вонкава вельмі моцна паходзіць на нашага Дзеда Мароза. Гэты звычай пераняла і перайначыла на свой лад пратэстанцкая царква, якая з’явілася ў выніку царкоўнай рэфармацыі. Таму ў каталіцкіх рэгіёнах ФРГ Санкт-Нікалаўс дагэтуль часта паўстае перад дзятвой у сутане біскупа, а ў пратэстанцкіх – у сялянскім кажусе.

З плынню стагоддзяў парабак Рупрэхт трансфармаваўся ў памочніка Нікалаўса (замест Снягуркі, якая нямецкага Дзеда Мароза не суправаджае). Зараз Рупрэхт носіць за гаспадаром мяшок з падарункамі для паслухмяных дзяцей і пучок дубцоў для гультаёў і хуліганаў.

Але на гэтым блытаніна з Санкт-Нікалаўсам у Германіі не заканчаецца. Да пачатку XX стагоддзя ў Германіі ў яго быў яшчэ адзін моцны канкурэнт – Weihnachtsmann (Калядны дзед), дакладная копія Дзеда Мароза. Ён таксама прыносіў дзецям падарункі, але рабіў гэта не ў першай палове снежня, а пад самыя Каляды. З гадамі постаці гэтых чараўнікоў зліліся ў адну. Зараз Weihnachtsmann – своеасаблівы “псеўданім” Санкт-Нікалаўса. Ці наадварот? Увогуле, гэта адзін і той жа сівабароды дзед, які суправаджае святы ўвесь снежань. Зрэшты, каталіцкія святары не стамляюцца казаць пра тое, што Святы Мікалай – біскуп, а Калядны дзед – незразумела хто.

Ухіліць гэта раздвойванне асобы шмат у чым дапамаглі амерыканцы, якія прыдумалі ўласнага Дзеда Мароза і назвалі яго Санта-Клаўсам. Кажуць, што ўпершыню яго апісаў у 1822 годзе амерыканскі прафесар грэцкай літаратуры Клемент Кларк Мур. У вершы, які ён склаў да Каляд для сваіх дочак, навуковец сцвярджаў, што Санта-Клаўс – гэта гладкі, вясёлы, сівабароды стары, што прыязджае на санках, якія цягне за сабой васьмёрка хуткіх паўночных аленяў.

Сугучча імёнаў Санта-Клаўса (якое амерыканцы перанялі ў галандскіх імігрантаў) і Санкт-Нікалаўса, а таксама ўплыў амерыканскай культуры, які ўзрастаў на працягу ўсяго XX стагоддзя, спрыялі таму, што за некалькі дзесяцігоддзяў памяць пра хрысціянскага біскупа IV стагоддзя ў Германіі прыкметна сцерлася, і Святы Мікалай усё часцей змяняе сутану на вясёлы ўбор Каляднага дзеда.

Сёння беласнежная барада і чырвонае футра нямецкага Дзеда Мароза ўвесь час мільгаюць на калядных кірмашах і ў таўкучцы перадсвяточнага распродажу ў нямецкіх крамах. У Германіі няма, мабыць, ніводнага буйнога ўнівермага, які паважае сябе, дзе свой, “фірмовы” Санкт-Нікалаўс не частаваў бы дзяцей ласункамі і садавіной.

Ну, а ў Каляды ён кладзе для іх падарункі пад ёлку. Праўда, і тут не абыходзіцца без канкурэнцыі. Многія дзеці ў Германіі лічаць, што падарункі пад ёлку кладзе не Санкт-Нікалаўс і не Калядны дзед, а Christkind, якога, у сваю чаргу, хтосьці лічыць Немаўлём Ісусам, хтосьці – анёлам. Зрэшты, ні таго, ні другога пакуль нікому не ўдалося ўбачыць…

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3418
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0218
Далучайцеся да нас