Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ПІЛІГРЫМКА ДА НЯСВІЖСКІХ СВЯТЫНЯЎ

ПІЛІГРЫМКА ДА НЯСВІЖСКІХ СВЯТЫНЯЎ

19 снежня 2019, 00:21 ТБМ 24
ПІЛІГРЫМКА ДА НЯСВІЖСКІХ СВЯТЫНЯЎ

І зварухнецца Беларусь

Ад той хады на славу Богу.

С. Суднік.

 

У чарговы раз наведвальнікі  Нясвіжскага раённага аддзялення з дзённым перабываннем для людзей сталага ўзросту здзейснілі аўтобусную вандроўку па Нясвіжчыне. І зноў экскурсійнае абслугоўванне ўзялі на сябе сябры ТБМ. Прахалоднае паветра  перадзім’я не стала перашкодай, каб адправіцца па свежыя ўражанні і нечаканыя адкрыцці.

Першы прыпынак на маршруце – хата мастака Юзафа Мысліцкага, што ў Сейлавічах (фота).

Цяпер тут жыве яго сын Іван. Ён і паказаў даўнія бацькавы маляванкі, якія некалі ўпрыгожвалі хаты сейлаўцаў і  жыхароў  суседніх вёсак.

Другі прыпынак – касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На яго цвінтары збудавана невялікая  каплічка. У ёй захоўваецца  драўляная фігурка Есуса самотнага. Па даўняй сейлаўскай легендзе, яна цудадзейным чынам аб’явілася ў ваколіцах вёскі і стала праз стагоддзі заступніцай за яе жыхароў.

Верыў цвёрда люд наўкольны

                            цудадзейнай сіле,

Каб бяду ці грэх адолець,

                          моцы тут прасілі.

Да фігуркі з найпільнейшай

                   просьбай прыступалі,

Бо Хрыстос быў свой, тутэйшы,

                           ён паможа, зналі.

 

Гэтыя ды і іншыя радкі з краязнаўчага сказа “Пілігрымка дадому”  ўраджэнца Сейлавіч Станіслава Судніка з асаблівай душэўнасцю прамаўляліся ля святых сцен касцёла і каплічкі. Хоць яшчэ за колькі дзён да вандроўкі для яе ўдзельнікаў тымі ж сябрамі ТБМ  было праведзена літаратурнае знаёмства з творам і яго аўтарам.

Нечаканым было даведацца, што той жа Юзаф Мысліцкі размаляваў сцены сейлаўскага касцёла і намаляваў для яго абраз Найсвяцейшага Сэрца Есуса. 

Трэці аб’ект вандроўкі – Дабравешчанская царква ў Кунасе. Гэты надзіва прыгожы, з ажурнымі лініямі драўляны храм  мае даўнюю гісторыю. Пра яе напоўніцу даведаліся вандроўнікі.

Вярталіся ў Нясвіж з усведамленнем, што сваю блізкую  зямлю яшчэ адкрываць ды адкрываць, спасцігаць ды вывучаць… як і родную мову.

Вольга Карчэўская.

Нясвіж.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З літаратурнай спадчыны. Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову
літаратура

З літаратурнай спадчыны. Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову

11 студзеня 2025, 05:0616
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4715
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4914
МЫ ПАМЯТАЕМ!
Грамадства

МЫ ПАМЯТАЕМ!

18 ліпеня 2026, 21:4114
Далучайцеся да нас