У бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла 13 кастрычніка прайшла навукова-папулярная чытацкая канферэнцыя па кнізе М. І. Дзенісевіча “Фінская пастка”. Яе мэтай было вяртанне гістарычнай праўды пра лёсы беларусаў – былых вязняў фінскіх канцлагераў і развіццё культуры памяці ў адносінах да лёсаў былых вязняў. Чытачам была прапанавана выстава літаратуры, якая выкрывае антычалавечую практыку фашысцкага генацыду ў гады Другой сусветнай вайны і перадае шматлікія сведчанні дзяцей вайны пра іх шматпакутныя лёсы.
На канферэнцыю былі запрошаны аўтарытэтныя гісторыкі: Леанід Міхайлавіч Лыч, Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч, Кузьма Іванавіч Козак, Вячаслаў Дзмітрыевіч Філіменеў, Мікалай Іванавіч Савіцкі і іншыя.
Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк дабраславіў удзельнікаў канферэнцыі.
Мерапрыемства адкрыла ўрачыстае выступленне хору былых непаўнагадовых вязняў фашызму “Лёсы”, лаўрэатаў спецыяльнай прэміі прэзідэнта Беларусі 2019 года.
Госці канферэнцыі прагледзелі дакументальны фільм “Вязень лагера Hepasuo”, пастаўлены па кнізе “Фінская пастка”. Пасля савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гадоў з тэрыторыі БССР у Карэлію перасяліліся беларускія сялянскія сем’і (і сярод іх сям’я М.І. Дзенісевіча). У 1941 годзе многія беларусы апынуліся ў фінскіх канцэнтрацыйных лагерах. Толькі зараз гісторыкі і валанцёры высвятляюць дакладную колькасць беларусаў і імёны людзей па архівах.
Пра лёс сваёй сям’і і іншых вязняў фінскіх канцлагераў распавяла ў сваім выступленніі Галіна Ігнатаўна Змушко, старшыня Першамайскай раённай суполкі былых вязняў г. Менска. У той перыяд Галіне Ігнатаўне было 3 гады і 3 месяцы. Яна апынулася ў канцэнтрацыйным лагеры Hepasuo разам з маці Таццянай Дзенісевіч, з братамі і сёстрамі, дзе правяла 1004 дні і ночы. Маленькая Галя зазнала знясіленне ад голаду, яе ратавалі маці і старэйшы брат, якія дзяліліся з ёй сваім кавалачкам хлеба.
Мікалаю Ігнатавічу Дзенісевічу ў час вызвалення ў 1944 годзе было 14 гадоў. Яму ўдалося першаму вырвацца з лагера і вярнуцца ў Менскі раён у вёску Лекараўку, а пазней вярнулася дадому ўся сям’я. У роднай вёсцы спакутаваны хлопчык праявіў незвычайную волю да жыцця і мужнасць, за кароткі час засвоіў школьную праграму за страчаныя гады, у 1950 годзе паступіў у Менскі медыцынскі інстытут і доўгі час працаваў лекарам-педыятрам, санітарным лекарам і тэрапеўтам.
Гэтага добразычлівага чалавека памятаюць супрацоўнікі Менскай гістарычнай майстэрні, куды ён прыходзіў падзяліцца сваімі ўспамінамі. Пра гэты факт нагадаў у сваім выступленніі дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Кузьма Іванавіч Козак.
У 80-я гады Мікалай Ігнатавіч настойліва рупіўся пра тое, каб захаваць памяць пра пакуты беларусаў-вязняў канлагераў на тэрыторыі Карэла-Фінскай ССР. Ён звяртаўся па дакументы ў архівы Беларусі і Расіі, Фінляндыі. Былі знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць факты генацыду славянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Карэліі ў кнізе фінскага гісторыка Ю. Куломаа.
“Разам з намі ў лагеры Hepasuo было шмат перасяленцаў 1940-1941 гадоў у старыя раёны Карэла-Фінскай ССР, – напісаў ва ўспамінах Іван Ігнатавіч Дзенісевіч. – Лёсы іх былі розныя. Многія назаўжды засталіся ў карэльскай зямлі ў невядомых магілах, не вытрымаўшы пакутаў, якія выпалі на іх долю. Частка сямей вярнулася на радзіму ў Беларусь. Некаторых з іх мне ўдалося адшукаць і заахвоціць да ўздзелу ў грамадскім аб’яднанні былых непаўнагадовых вязняў канцлагераў Карэліі ў складзе Беларускага аб’яднання непаўнагадовых вязняў фашызму.” Сястра М.І. Дзенісевіча Галіна Ігнатаўна ўсе гэтыя гады вяла актыўную працу ў сваім мікрараёне па псіхалагічнай і матэрыяльнай падтрымцы былых вязняў фашызму, арганізоўвала ўрокі мужнасці ў школах, выступленні хору “Лёсы” ў Беларусі і ў краінах Еўропы.
Выкладчыца гісторыі сярэдняй школы № 137 горада Менска Людміла Іванаўна Шчэнікава распавяла пра досвед валанцёрскай працы з вучнямі, якія запісвалі ўспаміны былых вязняў канцлагераў. Яе выхаванцы, дзякуючы кантактам з былымі вязнямі, выраслі чулымі да чалавечай бяды і спагадлівымі, а адна з вучаніц скончыла гістарычны факультэт БДУ і працуе ў школе.
– Мэта кнігі і фільма – звярнуць увагу на каштоўнасць чалавечага жыцця, – адзначыў дацэнт БДУ Кузьма Іванавіч Козак.
– Мы пачулі жахлівыя сведчанні дзяцей вайны, яны кранулі нашыя сэрцы і мы павінны зрабіць усё, каб такое ніколі не паўтарылася ў гісторыі! – падкрэсліла куратар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла Галіна Фёдараўна Івуць.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.
На здымках:
- Я.К. Касмовіч і Г.І. Змушко (Дзенісевіч);
- Кніжная выстава;
- Спявае хор “Лёсы”.