Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ушанаванне памяці шляхетнага фатографа і літаратара Яна Булгака

Ушанаванне памяці шляхетнага фатографа і літаратара Яна Булгака

14 кастрычніка 2019, 23:23 Культура 45
Ушанаванне памяці шляхетнага фатографа і літаратара Яна Булгака

У апошнія гады апантаныя людзі і даследчыкі ўшаноўваюць памяць такіх знакамітых асобаў, як М. Агінскі, С. Манюшка, і зараз да іх можна далучыць Яна Булгака. Шмат зрабіў для адраджэння памяці пра яго Францішак Баляслававіч Жылка, прадпрымальнік, дырэктар ТАА “ФраМіл”, шчыры католік. У супрацоўніцтве з Міханавіцкім сельскім саветам ён ініцыяваў усталяванне памятнага каменя з мемарыяльнай дошкай. Аўтарам выявы на дошцы з’яўляецца скульптар Валеры Калясінскі.

Ян Булгак быў вядомым у Еўропе фотамастаком, тэарэтыкам фотасправы, публіцыстам.  Ён нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 года ў вёсцы Асташын на Наваградчыне. Пасля заканчэння гімназіі ён вучыўся на філасофскім факультэце ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце. У 1899 годзе ён з прычыны фінансавых цяжкасцяў перасяліўся ў маёнтак, атрыманы  ў спадчыну ад стрыечнага дзеда Адама Грынеўскага. Тут ён непасрэдна заняўся фатаграфіяй  і стаў сапраўдным майстрам. У 1910 годзе Я. Булгак упершыню ўдзельнічаў у сусветнай фотавыстаўцы ў Бруселі. У 1915 годзе выйшаў альбом у 6 тамах “Літва ў здымках Яна Булгака”. Ён вельмі выразна здымаў Наваградак, Мір, Нясвіж, Свіцязь, Крэва, Вілейку, Трокі, Вільню.

PHOTO: KAROL SZCZECINSKI/EAST NEWS
Jan Bulhak, lata 40.

Памятны камень Яну Булгаку быў ўсталяваны ў вёсцы Пярэсека пад Менскам. Урачыстая падзея адкрыцця мемарыяльнай дошкі адбылася  6 кастрычніка на месцы былой сядзібы Я. Булгака ў прысутнасці прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, мастацкіх калектываў, прадстаўнікоў Згуртавання беларускай шляхты.

У халодны ветраны дзень на пачатку імпрэзы гасцей сагравалі спевамі і заахвочвалі да танцаў “Крупіцкія музыкі”. Адкрыў мерапрыемства кранальнымі словамі Мікола Котаў,  а працягнуў сваім выступленнем фальклорны тэатр “Матуліна хата”.

Да прыстутных з прывітальнымі словамі звярнулася  старшыня Міханавіцкага сельскага савета Святлана Уладзіміраўна Давальцова. Яна падзякавала за карысную ініцыятыву, якая зацікавіла мясцовых жыхароў.

 – Ідэя ўшанаваць памяць Яна Булгака з’явілася ў мяне тры гады таму, – падзяліўся з прысутнымі сп.Францішак Жылка.- Я хацеў расказаць пра тых таленавітых людзей, якія нарадзіліся і жылі на нашай зямлі і вядомыя ва ўсім свеце. Дзякуючы падтрымцы старшыні сельсавета, я змог адрадзіць гэту мясціну, ачысціць і аднавіць. Камень давялося прывезці з Менскага раёна з дапамогай суседзяў – Ірыны і Дзмітрыя. Вядомы беларускі скульптар Валеры Калясінскі пагадзіўся пасупрацоўнічаць.

Пасля адкрыцця ганаровай дошкі дыпломамі былі ўзнагароджаны скульптар Валеры Калясінскі і спадар Францішак Жылка. Прадстаўнік Згуртавання беларускай шляхты Ігар Шакалаў-Шыдлоўскі ўручыў Ф. Жылку памятны знак. Прагучала пяцікратнае “Віват!”. “Служу Айчыне! Адкажу перад Богам!” – прамовіў спадар Францішак Жылка.

– Добра, што мы ўспомнілі пра такога выбітнага чалавека праз 70 гадоў пасля яго смерці,- адзначыў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч. – “Краязнаўчая газета” друкавала на сваіх старонках шмат артыкулаў пра яго. Ён заслугоўвае, каб пра яго з’явілася кніга.

Пра літаратурную дзейнасць Яна Булгака распавяла даследчыца і перакладчыца, дацэнт БДУ Ірына Багдановіч:

– Я займалася перакладам на беларускую мову паэмы Яна Булгака “Мая Зямля”. На яе старонках я знайшла радкі пра страчаны рай: пра маляўнічыя куткі прыроды, шляхецкія фальваркі з партрэтамі продкаў і гадзіннікамі. Ян Булгак праявіў сябе таленавітым літаратарам.

На імпрэзе прысутнічала маладая даследчыца Маргарыта Петухова. Яна распавяла:

– Ян Булгак пачаў рабіць першыя фотаздымкі фотаапаратам сваёй жонкі Ганны. Гэты былі выявы навакольных двароў, здымкі блізкіх людзей. У яго аб’ектыў патрапілі і мясцовыя жыхары. Потым ён адчыніў тут, у Пярэсецы, мастацкую фотастудыю.

– Сёння мы бачым прыклад таго, як можна быць удзячным сваёй радзіме. Францішак Баляслававіч Жылка адрамантаваў млын у Жодзішках, паставіў капліцу ў роднай вёсцы – адрадзіў зямлю, дзе жыў Ян Булгак, і ўшанаваў яго памяць.  Пярэсека, якая была закінутай многія гады, можа стаць цікавым турыстычным аб’ектам, дзе ёсць пра што распавесці нашым людзям і шматлікім турыстам з іншых краін. Няхай гэта места вабіць нас усіх, каб мы яшчэ прыязджалі сюды! – адзначыў старшыня Беларускага Фонда ку-льтуры Тадэвуш Стружэцкі.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

  1. Камень з мемарыяльнай дошкай Яну Булгаку;
  2. Францішак Баляслававіч Жылка і госці імпрэзы;
  3. Ян Булгак.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1416
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас