Шаптала мова:
“Мяне не кінь”.
І я адказаў: “Цябе не кіну.
Ты – залатая мая латынь.
З табой жыву.
З табой загіну.”
( Л. Дайнека.)
21 жніўня адышоў у лепшы свет адзін з найвыдатнейшых гістарычных пісьменнікаў Леанід Дайнека, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Мележа, дзяржаўнай прэміі БССР, сябра Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён ствараў мастацкую гісторыю Бацькаўшчыны, перагортваючы пласт за пластом.
Яго раманы “Меч князя Вячкі”, “Жалезныя жалуды”, “След Ваўкалака”, “Назаві сына Канстанцінам” увасаблялі рэальных гістарычных асобаў, наталялі прагу чытачоў да спазнання беларускай даўніны і сусветнай гісторыі. Кнігі пісьменніка захаплялі дарослых і падлеткаў прыгодніцкімі хадамі, яскравай фантазіяй, закручанымі сюжэтамі, элементамі містыкі.
Леанід Мартынавіч нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Змітроўка 2-ая Клічаўскага раёна. У дзяцінстве, начытаўшыся цікавых кніжак пра Марка Пола, Калумба, Васка да Гама, Міклуху-Маклая, ён марыў стаць падарожнікам. Яшчэ ў школе пачаў ствараць вершы на беларускай мове. Упершыню надрукаваў верш у газеце Уральскай вайсковай акругі, дзе ён служыў. Паступаць на журфак Леанід Дайнека прыехаў у 1963 годзе ў вайсковай форме з блакітнымі пагонамі.
Штуршком да вяртання ў беларускасць для маладога літаратара паслужыў Рэспубліканскі семінар творчай і навуковай моладзі на беразе возера Свіцязь у чэрвені 1968 года, дзе выклад-чыкамі былі Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч. Пасля заканчэння БДУ Леанід Дайнека працаваў у Віцебску старшым рэдактарам на абласной тэлестудыі. З тэлебачаннем звязаў свой лёс і тады, калі перабраўся ў Менск. У 1972 годзе ён прыйшоў працаваць у рэдакцыю часопіса “Маладосць”, дзе на працягу 17 гадоў быў адказным сакратаром. Пэўны час ён загадваў рэдакцыяй паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Першы паэтычны зборнік “Галасы” Леанід Дайнека трымаў у руках у 29-гадовым узросце. Свежае дыханне маладога творцы натуральна ўлілося ў шматгалосы хор беларускай паэзіі. Кнігі “Бераг чакання”, “Начныя тэлеграмы”, “Мая вясна саракавая”, “Вечнае імгненне”, “Сняжынкі пад агнём” натхнялі чытачоў у 70-80-ых гадах. Л. Дайнека ўпэўнена дэбютаваў як празаік і сцвердзіўся як раманіст у першых сваіх творах “вялікага жанру” – “Людзі і маланкі” ( 1978), і “Запомнім сябе маладымі” (1981), што склалі дылогію. Затым выйшаў ягоны раман “Футбол на замініраваным полі” (1983).
У першым сваім гістарычным творы “Меч князя Вячкі” (1987) празаік заглыбіўся ў нацыянальную даўніну і адлюстраваў гераічную барацьбу гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.
У прадмове да кнігі аўтар сведчыў: “Цяжка плыць па рацэ, імя якой – Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да мясцін, дзе ракі, па сутнасці няма, а ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзясяткаў кіламетраў сатчэтца шырокі абрус ракі.”
У 2004 годзе ў Чырвоным касцёле ён разам з жонкай Зінаідай быў ахрышчаны кс. Уладыславам Завальнюком у каталіцкую веру. У пісьменніка трое сыноў – Зміцер, Сяргей і Сцяпан. Леанід Дайнека некалькі разоў наведваў Святую зямлю, дзе чэрпаў натхненне для сваіх твораў.
Героямі аднаго з лепшых раманаў пісьменніка “Назаві сына Канстанцінам”, які выйшаў у 2008 годзе, былі Канстанцін Вялікі, які спрыяў распаўсюду хрысціянства ў Рымскай імперыі ў IV стагоддзі, Канстанцін Палеалог – абаронца Канстанцінопаля ад нашэсця туркаў-заваёўнікаў, і вялікі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі, які шырока праславіўся сваімі дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў вя-домы як рупліўца праваслаўнай асветы, заснавальнік храмаў і манастыроў.
У захапляльным рамане “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”, развіваючы жанр нацыянальнай фантастыкі, Леанід Дайнека ўвасобіў мары і акрэсліў праблемы будучага чалавецтва. На 222 годзе Вялікай Эры Плюралізму Беларусь уваходзіць ў Індаеўрапейскую канфедэрацыю. Кожны яе грамадзянін павінен ведаць свой радавод да дзясятага калена. Кожны можа выбіраць сабе і сваім нашчадшкам новае імя і прозвішча: Гай, Пушча, Бярозка і Шыпшына. Героі новай эпохі вітаюць адзін аднаго воклічамі: “Жывуць Сонца і Кісларод!” Далёкі Космас прастрэлены трасамі зоркалётаў. На дне Балтыкі пабудаваны падводны горад Светавід. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмічнай Варты ўпаў з хмарыстага неба, разбіў ядзерны рэактар на поўдні Афрыкі і напалохаў усіх. Асабліва прыгожым быў помнік Плюралізму. На кветцы-пляцоўцы месціліся бюсты знаных асобаў: Платона, Гарыбальдзі, Напалеона, Бісмарка, Леніна, Троцкага, Рузвельта, Леха Валенсы.
Апошнімі творамі празаіка былі “Ілоты” пра старажытную Спарту і аўтабіяграфічны раман “Сын ільва, дачка Зеўса – Леанід і Зінаіда”.
Яго радкі ўмацоўвалі дух, служылі крыніцай натхнення і апірышчам волі.
Дарога месячным бляска залітая.
Быў на зямлі нашых продкаў Час.
Вялікае Княства
і Рэч Паспалітая,
Мы помнім пра вас,
не забудзем вас.
Помнім Сапегу, помнім Баторыя,
Чуем з нябёсаў гарматны гром.
Жалезнымі крыламі
звоніць гісторыя,
У сэрца арліным б’е кіпцюром…
Зямля ад гарачай крыві
была коўзкай
І мы ганарымся,
што выраслі тут,
Мы маем Скарыну,
маем Гусоўскага,
Маем “Вялікага
Княства Статут”.
Э. Дзвінская,
На фота аўтара:
Л. Дайнека на вечарыне ў бібліятэцы імя Пушкіна ў Менску.