У Віцебскай абласной бібліятэцы 19 чэрвеня адбылася літаратурна-мастацкая імпрэза, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Свята арганізавалі Віцебская абласная арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” сумесна з абласной бібліятэкай.
Спачатку вядоўцы – старшыня абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова – расказалі пра значнасць творчасці народнага пісьменніка для беларускай і сусветнай літаратуры. Пасля дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Нікалаенка падзяліўся сваім досведам знаёмства з творчасцю пісьменніка, падкрэсліўшы неацэнны ўнёсак Васіля Быкава ў нацыянальную літаратуру.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзяленя Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская распавяла пра мастацкія пленэры, што ладзяцца ў Бычках, на малой радзіме класіка, пра сваю працу з габеленам з выявай Васіля Быкава і прачытала верш Кастуся Севярынца “Васілёк. Бычкі. Дарога”.
Вядомы віцебскі краязнавец Аркадзь Падліпскі ў сваім выступленні нагадаў, пра вялікую ролю Васіля Быкава ў стварэнні музея Марка Шагала ў Віцебску, распавёў пра час навучання Васіля Уладзіміравіча ў мастацкім і ў будаўнічым вучылішчах.
Літаратурны рэдактар тэатра імя Якуба Коласа Юры Іваноўскі асвятліў тэму тэатральных пастановак паводле твораў пісьменніка, якія ладзіліся на сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра Якуба Коласа. Былы загадчык музея Святлана Казлова нагадала пра экспазіцыі, якія былі прысвечаны Васілю Быкаву і наладжваліся ў свой час у літаратурным музеі.
Пра сваё асабістае знаёмства з пісьменнікам расказаў Ганаровы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Іосіф Навумчык. Ён адзначыў грамадзянскую пазіцыю і клопат Васіля Быкава за незалежную Беларусь. Іосіф Адамавіч заўважыў, што Васіль Уладзіміравіч быў вельмі сціплым чалавекам.
Мастак Фелікс Гумен прачытаў верш-прысвячэння Васілю Быкаву “Прарок” Уладзіміра Папковіча. Міхась Мірановіч, які распавёў пра родныя мясціны Васіля Быкава, парадаваў прысутных сваімі знакамітымі фрашкамі, напісанымі на Ушаччыне. Уласны верш-прысвячэнне Васілю Быкаву “Урок сумлення” прадэкламаваў віцебскі паэт Мар’ян Даргель.
Актыўны ўдзел у імпрэзе прынялі студэнты філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава – сябры ТБМ. Наталля Ермакова і Анастасія Марозава прачыталі ўрыўкі з кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”. Дзесяць цікавых фактаў пра жыццё і творчасць пісьменніка і віктарыну для ўдзельнікаў імпрэзы падрыхтавалі Марына Сазонава і Кацярына Міхаль. Таксама Кацярына прачыла верш Георгія Ліхтаровіча “Памяці Быкава”.
Песня” Забытая магіла” прагучала ў выкананні Арцёма Лонскага – студэнта першага курса. На працягу імпрэзы гучалі песні ў шыкоўным выкананні паэта і барда Георгія Станкевіча.
Быкаўскае свята атрымалася надзвычай цёплым, сардэчным, нефармальным. Зала не шкадавала далоняў, дзякуючы выступоўцам з мастацкімі нумарамі. І дзве гадзіны праляцелі, як імгненне!
Пасля заканчэння асноўнай часткі імпрэзы доў-га яшчэ не разыходзіліся прысутныя, абменьваючыся думкамі, складаючы планы на будучае. І, безумоўна, зноў і зноў згадваючы імя нашага славутага земляка, якім кожны ганарыцца!
Наталля Ермакова, Анастасія Марозава,
сябры ТБМ,
студэнткі 2 курса філалагічнага факультэта
ВДУ імя П. М. Машэрава.
УРОК СУМЛЕННЯ
Калі сумленым хочаш стаць,
Калі душа да праўды мкнецца,
Брат, трэба Быкава пазнаць –
Праўдзівей за яго няма, здаецца.
Напісаны крывёй лісты,
Ды так, што прабірае дрыжык.
Не! Не баявік пусты,
Праўда, мужнасць вее з яго кніжак.
У нябыт сыдуць ліхвярскія гады,
Узыдзе сонца праўды Божай,
Нашчадкі скажуць: “Быкаў ёсць святы!”, –
І храм збудуюць яму гожы.
Мар’ян Даргель.