Выданне газет і часопісаў, прэзентацыі кніг і мастацкія выставы на сядзібе, удзел у Парламенцкай дзейнасці, стварэнне “Белсата” і запачаткаванне Нацыянальнага Універсітэта, досвед доўгажыхарства, – такі плён 30-гадовай дзейнасці ТБМ імя Ф. Скарыны, якое хутка адзначыць свой юбілей.
27 чэрвеня 1989 года ў Доме літаратара ў Менску адбыўся ўстаноўчы з’езд ТБМ, які прыняў з невялікі папраўкамі і дапаўненнямі Статут. На з’ездзе прысутнічала каля 300 чалавека самых розных прафесійных статусаў.
Пра поспехі ТБМ распавёў Ганаровы старшыня арганізацыі, кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў.
– ТБМ працягвае існаваць і дзейнічаць, мы здолелі захаваць свае шэрагі і свой офіс, а шмат якіх арганізацый, якія ствараліся разам з намі, спынілі сваё існаванне. За 30 гадоў у нас былі поспехі і падзенні, быў росквіт і заняпад, але мы ўпэнена крочым наперад разам з беларускай мовай, якая жыве і развіваецца, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы пасля рэферэндуму 1995 года. Наша мова квітнее ў інтэрнеце, выходзіць шмат вершаў, песень, кніг.
Я кіраваў ТБМ з 1999 па 2017 год. Ад пачатку я быў адным з заснавальнікаў арганізацыі, сем гадоў кіраваў раённай структурай ТБМ Савецкага раёна. Потым быў першым намеснікам старшыні, калі старшынём быў Генадзь Бураўкін, змяніў яго на пасадзе. К канцу 1989 года суполкі ТБМ былі створаны ў большасці раёнаў нашай краіны, але не паўсюль. У гэты перыяд ішла перабудова, мянялася заканадаўства, і зарэгістраваныя арганізацыі, такія, як Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз мастакоў і ТБМ атрымалі права вылучаць дэпутатаў ва ўсе ўзроўні Саветаў – у раённыя і абласныя Саветы народных дэпутатаў. У Вярхоўны Савет БССР ад ТБМ прайшло 13 дэпутатаў – у тым ліку і Зянон Пазняк. Праз ТБМ стаў дэпутатам народны паэт Ніл Гілевіч. Такім чынам, у ТБМ ёсць грунтоўны досвед працы ў Парламенце.
Не вельмі проста было Алене Мікалаеўне Анісім патрапіць у сёняшні Парламент і праводзіць там актыўную беларускамоўную палітыку. Яна, бадай, адзіны чалавек, які прынцыпова гаворыць у Палаце Прадстаўнікоў па-беларуску.
ТБМ выдае 2 газеты, 2 часопісы. На днях выйшаў 20-ты нумар “Верасня”, які рэдагуе вядомы паэт і бард Эдуард Акулін. 1 ліпеня пройдзе прэзентацыя гэтага выдання на сядзібе ТБМ. А колькі мы выдалі брашураў, канвертаў, календароў! Нават выйшла паштовая марка Рэспублікі Беларусь з сімволікай ТБМ.
Асноўная маса сяброў ТБМ – простыя грамадзяне, людзі рознага узросту: ад настаўнікаў да прафесароў універсітэтаў з розных гарадоў, абласных і раённых цэнтраў. У часы росквіту ў арганізацыі было ад 30 да 40 тысяч чалавек. Зараз мы маем 6,5 тысяч чалавек – столькі, колькі ва ўсіх палітычных арганізацыях разам узятых. Ёсць сябры ТБМ – грамадзяне іншых краін – грамадзяне Расіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Аўстраліі, Ізраіля. Уступаюць у ТБМ не толькі беларусы, але і людзі розных нацыянальнасцяў, якія любяць беларускую мову.
Мы выдалі “Летапіс ТБМ” за 25 гадоў, а зараз да юбілею будзем прэзентаваць дзейнасць ТБМ за апошнія 5 гадоў. Спадар Суднік рыхтуе чарговую кнігу, дзе па днях будзе апісана наша дзейнасць за апошнія 5 гадоў на Беларусі і за яе межамі.
Мы запачаткавалі першы беларускамоўны замежны канал “Белсат”. Ідэя заснавання Нацыянальнага Універсітэта развіваецца з 1998 года. Ініцыятарам яго стварэння быў прафесар Юрась Хадыка. Праекту Універсітэта ўжо 20 гадоў, і толькі год таму мы яго зарэгістравалі, сабраўшы 55 тысяч подпісаў грамадзянаў. Зараз мы займаемся работай па атрыманні ліцэнзіі.
Доўгі час самым галоўным доўгажыхаром, сябрам ТБМ быў Барыс Кіт – 107 гадоў, а зараз – Фелікс Шкірманкоў, Радзім Гарэцкі і Леанід Лыч. У Барыса Кіта сімволіка ТБМ вісела ў пакоі. Уступіць у ТБМ можна з 14 гадоў, але часцей моладзь уступае з 16-ці.
Спадар Алег па сціпласці назваў далёка не ўсе формы дзейнасці ТБМ за мінулыя гады. А такімі былі захапляльныя гістарычныя школы з яго ўдзелам, лекцыі і семінары па тапаніміцы, краязнаўчыя вандроўкі, сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі.
Асобна ад грамадскай працы ў Таварыстве, Алег Анатольевіч Трусаў за гэтыя гады выдаў кнігі: “Нарысы гісторыі беларускай архітэктуры”(2015), “Гісторыя Сярэднявечнай Еўропы” (2016),” Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да Сучаснасці”, якія інтэлектуальна і духоўна ўзбагацілі сяброў ТБМ.
Гутарыла
Эла Дзвінская.