Сям’я Фелікса Варашыльскага, пенсіянера з нямецкага Гамбурга, выехала з Гародні ў 1945 годзе. Ён ніколі не жыў у “каралеўскім горадзе”, аднак наведвае яго штогод і мае адну з самых вялікіх у свеце калекцый паштовак і здымкаў з выявай Гародні.
Феліксу Варашыльскаму 69. Па прафесіі ён кардыёанестазіёлаг – рабіў абязбольванне пацыентам падчас аперацый на сэрцы. Ужо два гады як на пенсіі.
Больш як 20 гадоў Фелікс збірае паштоўкі і фотаздымкі з горадам, дзе жылі тры пакаленні ягоных продкаў.
Ягоны прадзед Якуб працаваў на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гародні. Дзядулю, які меў у Гародні жаночую клініку, звалі па-рознаму ў залежнасці ад часу: Герш, Грыгорый, Гжэгаж, Грыша.
Падчас апошняга свайго візіту ў Гародню Фелікс наняў кватэру на Замкавай вуліцы. Побач у вайну было гета, дзе жылі ягоныя продкі.
– Я маю габрэйскае паходжанне. Але апошнім рэлігійным габрэем быў мой прадзед. Мой дзед хадзіў у сінагогу ўжо раз на год, мой бацька – зусім не, я таксама. Я выхаваны як паляк, на польскай літаратуры, не ведаю габрэйскай мовы, – кажа Фелікс.
Пасля вайны ягоная сям’я пераехала з Гародні ў Лодзь, бо Варшава была зруйнаваная. Праўда, ужо амаль 40 гадоў Фелікс жыве ў нямецкім Гамбургу.
– Нехта размясціў на фэйсбуку фота першых гарадзенскіх выпускнікоў пасля вайны. Там быў подпіс, што на здымку няма Віктара Варашыльскага, то бок майго бацькі. Экзамены былі ў траўні-чэрвені, а сям’я выехала ў сакавіку, – кажа Фелікс.
Пасля смерці бацькі ў 1996 годзе Феліксу прыйшла думка збіраць рэчы, звязаныя з Гародняй. Яго натхніў сябар-гісторык. Параіў збіраць старыя паштоўкі, бо на іх горад не змяніўся.
– Чаму Гародня? Бо я звязаны з Гародняй эмацыйна. Тут жылі тры пакаленні Варашыльскіх. Мяне зацікавіла, як гэта было, калі яны тут жылі ад пачатку XX стагоддзя, – тлумачыць Фелікс.
Тады ён пайшоў у бліжэйшую антыкварную краму ў Варшаве і знайшоў там некалькі паштовак з выявамі горада сваіх продкаў амаль задарма. Падумаў, што калекцыянаванне – добрае хобі, якое не патрабуе вялікіх выдаткаў. Тады ён не падазраваў, колькі яшчэ ў свеце можа быць старых выяваў Гародні – 40, 50 ці 100. За кароткі час яму ўдалося сабраць каля 600 гарадзенскіх паштовак.
– Памятаю, як 20 гадоў таму мяне хацелі пазнаёміць з галоўным гарадзенскім калекцыянерам паштовак Алесем Госцевым. У яго было 400 паштовак, якія ён збіраў гадамі, а я толькі быў пачаўшы.
Цяпер у калекцыі нямецкага лекара 2500-3000 паштовак. Усе пра Гародню. Толькі на адной з іх – санаторый у Друскеніках, які трымаў сябар дзядулі Варашыльскага.
– Цікава, што адбываецца на паштоўцы або што стала з паштоўкай. Хто рабіў здымак, што на гэтым здымку, што стала з гэтым домам, аб’ектам, пейзажам, як ён выглядае цяпер і чаму? Цяпер гэта самыя цікавыя аспекты майго калекцыянавання, – кажа суразмоўца.
Так ён паехаў за 30 кіламетраў ад Гародні ў вёску Парэчча, каб пашукаць інфармацыю пра адзін са сваіх здымкаў. Перад драўляным будынкам стаіць група дзяцей і група важных у міжваеннай Гародні асобаў, у тым ліку пробашч касцёла. Дакладнае імя святара Эдмунда Хлявінскага са здымка Варашыльскі адшукаў на мясцовых могілках. Што гэта за будынак і што з ім стала, магчыма, ён даведаецца, прыехаўшы іншым разам.
Здымкі і паштоўкі Варашыльскі называе найбольш прымітыўнай часткай сваёй калекцыі. Ён мае шмат кніг пра Гародню, у тым ліку выдадзеных у Еўропе. Гэта пераважна ўспаміны людзей, якія нарадзіліся або жылі тут, уратаваліся ў вайну і раз’ехаліся па свеце.
Гарадзенскім гісторыкам Фелікс дазваляе выкарыстоўваць выявы са сваіх паштовак, звычайна задарма, толькі просіць падпісваць, што ўзята з ягонай калекцыі.
Фелікс чытае на польскай, ангельскай, расейскай, нямецкай, гішпанскай мовах. Са шведскай і нарвежскай моваў фрагменты, якія тычацца Гародні, дапамагаюць перакладаць сябры.
Паралельна лекар піша ўласную кнігу пра сваю сям’ю. Імкнецца, каб усе гісторыі былі задакументаваныя, а не прыдуманыя.
Да таго ж у ягонай калекцыі ёсць рэчы, звязаныя з Бацькаўшчынай – бутэлька, зробленая на гарадзенскай фабрыцы, або ўпакоўка ад гарадзенскіх цыгарэт з часу Першай усясветнай вайны.
Вяртаючыся да паштовак, калекцыянер тлумачыць, што важная не колькасць, а якасць здымкаў, рэдкасць экземпляраў. Ба-нальныя паштоўкі можна купіць па нізкіх коштах, прыкладам, па 1 еўра, але потым іх цяжка прадаць.
Кошт залежыць і ад попыту. Да прыкладу, калі на здымку ёсць выява гарадзенскага моста, па якім ідзе цягнік, а на фоне відаць сінагога і рака, то прэтэндаваць на яго будуць тыя, хто цікавіцца Гародняй, мастамі, чыгункай, юдаікай і рэкамі.
– Кошт калекцыі нельга ацаніць. Можна толькі сказаць, колькі я за яе аддаў. Але я гэтага ня памятаю або не скажу, – усміхаецца Фелікс.
Кошт калекцыі ўвесь час расце. Здымкі, якія ён набываў некалькі гадоў таму па 2-3 даляры, сёння каштуюць па 20 даляраў і болей.
– Калі я пачынаў збіраць, то не разумеў, што паштовак нашмат больш, чым я ўяўляў, і што цягам кароткага часу яны страшна пада-ражэюць, бо ў пэўны момант пайшла мода на калекцыянаванне.
Раней, калі на eBay з’яўля-лася паштоўка, мала хто хацеў яе набыць. Тады за яе можна было аддаць 1 нямецкую марку. Пера-сылка магла каштаваць больш, чым сама паштоўка. Амаль за-дарма можна было купляць цэлыя скрыні паштовак. Гэта змянілася гадоў 5 таму.
Калі на рынак увайшлі калекцыянеры з Беларусі і Расеі “з вялізнымі грашыма”, цэны пайшлі ўгару. У гэтых краінах, па ацэнцы Варашыльскага, паштоўкі даражэйшыя, чым на Захадзе. Таму некаторыя робяць на гэтым бізнэс. Фелікс прызнаецца, што ў яго ёсць і вельмі дарагія паштоўкі. Некалі ён аддаў за паштоўку вялікія грошы ў той час, калі шпіталь, дзе ён працаваў, быў блізкі да банкруцтва.
– Я сядзеў дома і думаў, ці добра я зрабіў, што аддаў такія грошы за паперку, калі не маю пэўнасці, ці атрымаю наступны за-робак. Што я тады жонцы скажу? – успамінае лекар.
У гэты момант пазваніў прадавец і ўдакладніў, ці сапраўды яму патрэбная тая паштоўка, бо знайшоўся кліент, які гатовы заплаціць удвая болей.
– Я тады падумаў, што нават калі сітуацыя пагоршыцца, то ёсць нехта, хто гатовы набыць маю паштоўку ў два разы даражэй, – кажа Фелікс.
Найстарэйшая паштоўка ў калекцыі Варашыльскага – каля 1870 года, яшчэ без малюнка, а найноўшая – 1945, пазнейшых ён не збірае. Немцы ў вайну выдалі толькі дзве кароткія серыі – пе-радрукі старых паштовак.
Геаграфія шырокая: Еўропа, Аўстралія, Афрыка, Амерыка. Гэта звязана з тым, куды даехалі гарадзенцы. Туды ім і пісалі крэўныя.
– Найменей паштовак з Гародняй – у Гародні, – кажа Фелікс.
У ягонай калекцыі каля 40 паштовак спадара Наркевіча, калекцыянера пачатку XX стагоддзя, які працаваў у банку. Наркевіч рассылаў горадзенскія паштоўкі па ўсім свеце ўзамен на карткі з тых мясцін.
Варашыльскі мяркуе, што ў яго адна з дзвюх самых вялікіх калекцый з гарадзенскімі паштоўкамі. Другая – у менскага калекцыянера. Розніца калекцый у тым, што ў Фелікса болей нямецкіх паштовак, а ў менчука – царскіх часоў.
Паштоўкі захоўваюцца ў пластыкавых кашульках у скрынях па 600. Кожная мае свой нумар. Існуе электронная база, якая дапамагае хутчэй знайсці патрэбную. Напрыклад, тыя, нумары якіх па-чынаюцца на “18”, належаць канкрэтнаму выдавецтву.
Амаль усю сваю калекцыю пенсіянер ужо перадаў сыну Якубу, але працягвае збіраць. Кажа, што траціць на пошук новых эк-земпляраў усяго паўгадзіны ранкам. Пра цікавыя знаходкі паведамляюць і сябры-калекцыянеры.
Варашыльскі прызнаецца, што з дзяцінства нешта калекцыянаваў: каменьчыкі, ракавінкі, значкі, вінныя бутэлькі. Але ранейшыя калекцыі не былі такімі важнымі.
На пытанне, навошта яму гэта ўсё, Фелікс адказвае словамі з фільма пра аднаго калекцыянера:
– Каб не забыцца. Каб замацаваць рэчы з мінулага, каб дробязі з калекцыі пакінулі памяць пра тое, што было.
ТТ (Радыё Свабода).