Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Геральдычныя вянок Гарадзеншчыны

Геральдычныя вянок Гарадзеншчыны

25 чэрвеня 2019, 19:48 Культура 34
Геральдычныя вянок Гарадзеншчыны

Сёлета наша Гарадзенская вобласць адзначае 75 гадоў з дня заснавання. З гэтай нагоды бібліятэкі папаўняюць свае фонды краязнаўчымі кніжнымі навінкамі, якія выклікаюць цікавасць у чытачоў. А, каб новая кніга хутчэй знайшла дарогу да шырокай аўдыторыі, у бібліятэках ладзяцца змястоўныя выставы і літаратурныя экспазіцыі, дзе прадстаўлена  інфармацыя пра гісторыю, культуру, знакамітых асоб, турыстычныя аб’екты і славутасці рэгіёна.

Спалучыць геаграфію і геральдыку  Наваградская раённая бібліятэка паспрабавала ў інтэрактыўнай карце “Гродзеншчына гістарычная”.  У выніку атрымаўся  візуальны рэсурс, які дапамагае падаваць новы матэрыял жыва і займальна. З картай бібліятэкары зладзілі для падлеткаў інтэрактыўную праграму “Геральдычны вянок Гродзеншчыны”, прысвечаную геральдычнай спадчыне і сучаснасці нашай вобласці. Калі казаць пра сучасныя гербы вобласці, то іх адрознівае ярка выражанае імкненне адлюстраваць гістарычнае мінулае населенага пункта, яго традыцыі і спадчыну. Дарэчы, тэрытарыяльныя гербы падзяляюць на дзве катэгорыі. Да найбольш значнай групы адносяцца гістарычныя гербы. У 16-18 стст. яны былі дараваны беларускім гарадам вялікімі князямі літоўскімі і каралямі польскімі як абавязковы атрыбут гарадскога самакіравання. У гярбоўніку Гарадзеншчыны асабліва ганаровае месца займаюць гістарычныя гербы Вялікай Бераставіцы, Ваўкавыска, Ліды, Наваградка, Слоніма, Ашмян, Шчучына. Напрыклад, Наваградку герб дараваў у 1595 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III.  На працягу стагод-дзяў выява Святога Арханёла Міхаіла мяняла свой выгляд.  Сёння мы можам бачыць выяву Святога Міхаіла Арханёла ў чырвоным полі на зялёным ускрайку з крыламі блакітнага колеру, убранага ў чорнае адзенне, з мячом у правай руцэ і вагамі – у левай. Выява Арханёла вельмі папулярная ў Наваградку, карыстаецца вялікай пашанай, а з мінулага года выкарыстоўваецца яшчэ і ў якасці афіцыйнага горадскога брэнду –  невялікія бетонныя і каваныя скульптуры Арханёла Міхаіла ўпрыгожваюць знакавыя месцы нашага горада. Усяго іх 8, а адна з 4 каваных фігур знаходзіцца на будынку бібліятэкі. Такога кшталту цікавыя гісторыі з паралелямі ў дзень сучасны ёсць, амаль, ў кожнага герба і ў кожнага населенага пункта. Найбольш распаўсюджаныя ў геральдыцы гербавыя сюжэты: рэлiгiйны, iдэя абароны Радзiмы, iдэя прыроднага багацця. Так, у гербе Гародні бачым аленя з залатым крыжам паміж рагамі. З ім звязаная легенда аб сустрэчы гэтай прыгожай жывёлы з паляўнічым Губертам. У Гародні Святы Губерт шанаваўся гараджанамі як прыклад маральнага самаўдасканалення і як заступнік паляўнічых. 21 студзеня 1801 года была ўтворана Гарадзенская губерня. У хуткім часе, 11 ліпеня 1802-га, быў зацверджаны і герб губерні. Ім, як гэта не дзіўна, аказаўся не алень святога Гумберта, а зусім іншая выява цара беларускіх лясоў зубра. У аснову сучаснага герба вобласці  пакладзены гістарычны герб Гарадзенскай губерні, атрыманы ў 1878 годзе па Указу расійскага імператара Аляксандра II. Сучасны герб мае горад Свіслач. Гэта адзін з самых маладых геральдычных сімвалаў раённага значэння ў Гарадзенскай вобласці. Ён быў  зацверджаны ў 2007 годзе. Уся гісторыя горада цесна звязана з Белавежскай пушчай, дзе сапраўдным гаспадаром заўжды быў зубр, выява якога заняла вер-хняе, найбольш ганаровае месца ў гербе. 

Пры канструяванні сучаснага герба Зельвы за аснову і адпраўны момант таксама ўзялі гістарычнае мінулае, калі мястэчка было вельмі заможным месцам, дзе праходзілі кірмашы па продажы буйной жывёлы, у тым ліку i коней. У гэтыя дні горад станавіўся сапраўдным цэнтрам грамадскага жыцця, паколькі, акрамя ўласна кірмашоў, тут працавалі шматлікія шынкі, корчмы, пастаялыя двары. Залаты колер на гербе падкрэслівае заможнасць, геральдычная поза ўзыходзячага каня ўказвае на асноўны прадмет гандлю.

Геральдыка – гэта не толькі гістарычная дысцыпліна,  але і навука сімвалаў і алегорый. Герб – гэта тое, што ляжыць на паверхні, мы яго бачым і ўспрымаем, але разам з тым без падрыхтоўкі  прачытаць яго правільна доволі ця-жка. Дапаможа ў гэтай справе спецыяльная літаратура, або як у выпадку з нашай бібліятэкай – краязнаўчы інтэрактыў.

Кожны з 17 раёнаў нашай вобласці прадстаўлены індыві-дуальным гербам свайго адміністрацыйна-тэрытатыяльнага цэнтра. У пачатку зладжанай бібліятэкарамі інтэрактыўнай праграмы дзеці атрымалі імправізаваныя контурныя карты, дзе патрэбна было правільна пазначыць геаграфічнае месцазнаходжанне раёнаў Гарадзенскай вобласці. Па сутнасці атрымаўся сапраўдны геаграфічны экзамен. Затым прайшоў відовішчны геральдычны парад, які прадставіў аўдыторыі гербы вобласці. Па чарзе ўдзельнікі суадносілі гербы і геаграфічныя кропкі на спецыяльнай інтэрактыўнай карце. Заданне аказалася не такім простым, як магло падацца на першы погляд. Між іншым, і не кожны дарослы беспамылкова справіцца з такой краязнаўчай задачай. Раёнаў  17, а калі б тое ж самае зрабіць з 118 раёнамі ўсёй Беларусі? Вядома, больш за ўсё правільных адказаў наваградчан атрымаў Наваградскі раён, наконт астатніх вызначаліся ўсе разам. Але прыемна, што добраахвотнікаў выйсці, “па-школьнаму” кажучы, да дошкі хапала. Заданне было цікавым і займальным для ўсіх.

Інтэрактыўная карта атрымалася своеасаблівай гісторыка-краязнаўчай настолкай з геральдычным акцэнтам. Такая форма дазваляе непасрэдна ўзаемадзейнічаць адзін з адным, актыўна вывучаць геаграфію і гісторыю сваёй краіны і нават, няхай і завочна, але падарожнічаць па Гарадзеншчыне. Гульня пераўтвараецца ў цікавы адукацыйны інтэрактыў, а як паказвае ўласная бібліятэчная практыка, усе распрацаваныя настольныя гульні – літаратурныя, або краязнаўчыя, цікавыя для ўсіх узростаў.

Спадзяёмся, што такія інтэрактыўныя праграмы, якія распрацоўваюцца ў Наваградскай раённай бібліятэцы, падштурхоўваюць да набыцця больш шырокіх і грунтоўных ведаў пра сваю радзіму, натхняюць на сапраўдныя падарожжы па краіне.

 

Святлана Чубрык,

галоўны бібліёграф ДУК “Навагрудская раённая

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас