Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Носьбіты святла ў творах Святланы Раманавай

Носьбіты святла ў творах Святланы Раманавай

28 мая 2019, 20:51 Культура 43
Носьбіты святла ў творах Святланы Раманавай

У межах дзейнасці клуба “Прамова” на сядзібе ТБМ у Менску адбылася творчая вечарына паэткі Святланы Раманавай і адкрыццё выставы яе мастацкіх твораў “Родныя вобразы”.

Святлана Дзмітрыеўна Раманава нарадзілася ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна ў 1965 годзе ў шматдзетнай сям’і. Пад уздзеяннем прыгажосці прыроды, душэўнай цяплыні родных у яе пачалі праяўляцца паэтычны і мастацкі талент. Белы аркуш паперы і аловак былі для яе лепшымі сябрамі. Сваю дзіцячую споведь яна давярала ім. Дзяўчыну цікавіла літаратура, свае вершы яна дасылала ў часопіс “Бярозка”. У піянерскім лагеры  “Зубраня” Святлана пазнаёмілася з Алесем Бадаком і вызначыла свой далейшы шлях.

У час вучобы на журфаку БДУ яна адначасова пачала займацца ў мастацкай студыі Алеся Квяткоўскага. У 1987 годзе Міхал Талочка запрасіў Святлану на вечарыну,  і яна далучылася да Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, якое адыграла значную ролю ў творчым і дэмакратычным жыцці Беларусі напрыканцы 80-х гадоў.

 Ёй запомнілася, як выразна чытаў свае вершы Анатоль Сыс, як збіраліся тады ў студэнцкім інтэрнаце Алесь Бяляцкі, Адам Глобус, Алесь Аркуш, Людміла Сільнова і іншыя. Іх галоўным пакліканнем было пісаць і выступаць па-беларуску.

Пасля заканчэння БДУ Святлана Раманава працавала ў рэдакцыі газеты “Інтэграл”, супрацоўнічала  з  ” Краязнаўчай газетай”, пісала нарысы пра мастакоў у газету ” Культура”. Моцна паўплываў  на яе імкненне да далейшай працы ў жывапісе мастак і педагог Мікалай Аляксандравіч Шулякоўскі, чалавек добрай і чулай душы, якога вельмі любілі дзеці. На выстаўках у Палацы мастацтваў яе ўражвалі карціны Гаўрыіла Вашчанкі, Леаніда Шчамялёва, яны сфармавалі яе светапогляд і светабачанне. Зацікавілі працы Алены Кіш і Ларысы Журавовіч. Мастацкае спасціжэнне свету праз вобраз стала ёй больш блізкім.

А ў паэзіі надавала імпэту сястра Ларыса Раманава – аўтарка зборнікаў вершаў “Аддай асалоду Богу”, “Птушкі і рыбы”, “Святая вада”.

– Мы з сястрой ўсё жыццё натхняем і дапаўняем адна адну. Ларыса Раманава ўдзельнічала ў Гомельскай “Талацэ” разам з Сяргеем Дубаўцом і Таццянай Сапач. Яна працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея народнай творчасці, вывучае народныя традыцыі, узнаўляе традыцыйныя абрады, удзельнічае ў канферэнцыях, выдала зборнік этнаграфічных нарысаў “На мяжы межаў”. Цяга да прыгожага слова нам перадалася ад бацькі і ад дзеда, – распавяла сп. Святлана.

У 2012 годзе Святлана Раманава скончыла факультэт эстэтычнага выхавання БДПУ імя Танка, у 2013 годзе вучылася ў аспірантуры ў БДАМ і даследвала жанр аўтапартрэта ў беларускім жывапісе. Спадарыню Святлану хвалюе тэма духоўнага самаўдасканалення.

Сярод творчых асобаў – мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў – яна шукае людзей, родных ёй па духу, натхняецца іх дзейнасцю і піша іх выявы. Шэраг яе вершаў маюць прысвячэнні мастакам: Леаніду Шчамялёву, Уладзіміру Сулкоўскаму, Уладзіміру Пракапцову.

“Мастак і вежа, і жыццё,

І вечны снег, бялюткі, першы,

І вечны пошук – адкрыццё

Радзімы духу – смагі сэрца.”

 

На выставе  на сядзібе ТБМ Святлана Раманава прадставіла партрэты Людмілы Сільновай, Рыгора Сітніцы, Сяргея Плыткевіча, Уладзіміра Някляева. 

Нечаканай і шчырай была сустрэча героя партрэта са сваім мастацкім вобразам. Вядомы фотамайстар Сяргей Плыткевіч, які кожны тыдзень падымаецца на квадракоптары, каб узяць у аб’ектыў рачулкі, выспы, птушак і звяроў, прыйшоў на сустрэчу са сваёй каляжанкай, убачыў на палатне самога сябе і ўсміхнуўся. А потым напісаў у Фэйсбуку: “Вось так жывеш, працуеш і не ведаш, што пра цябе існуе твор народнага мастацтва!”

Усім прысутным было цікава паслухаць пра новы вялікі інтэрнет-праект С. Плыткевіча “Планета Беларусь”, які аб’ядноўвае звесткі пра помнікі архітэктуры з іх выявамі, інфармацыю пра каштоўныя турыстычныя аб’екты і маршруты.

 Спадарыня Святлана таксама любіць падарожнічаць, маляваць шырокія прасторы і родныя дарогі, сакавітую рунь і букеты кветак, белых лебедзяў і даўганогіх буслоў.

На вечарыне выступілі старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч, вядомы графік Мікола Купава, кіраўніца Цэнтра японскай культуры Масако Тацумі, Святлана Багданкевіч. Масако-сан, якой Святлана Раманава прысвяціла свае вершы, распавяла пра пераклады твораў М. Багдановіча і Я. Купалы на японскую мову.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

  1. Святлана Раманава і Сяргей Плыткевіч; 2. Аляксандр Давідовіч, Святлана Раманава і аўтар артыкула; 3. Паэтка падпісвае сваю кнігу “Смарагдавы рай”; 4. Дыялог вядуць Мікола Купава і Масако Тацумі.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5917
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0416
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Далучайцеся да нас