Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Вясна-красна на ўвесь свет”

“Вясна-красна на ўвесь свет”

21 мая 2019, 08:13 Культура 37
“Вясна-красна на ўвесь свет”

2 красавіка магілёўскі музей В. Бялыніцкага-Бірулі нагадваў канцэртную залу, адкуль гучала і лілася прыемная мелодыя. Адбывалася творчая вечарына “У весніцах вясны”. Аматары беларускай абрадавай творчасці сустракаліся з паэткай, этнакультуролагам Антанінай Хатэнка і даследчыкам народнай музычнай культуры, віртуозным выканаўцам на мностве старажытных інструментаў Ярашам Малішэўскім. Прыйшлі яны з калекцыяй беларускіх народных музычных інструментаў і правялі для магілёўцаў цікавае мерапрыемства, якое запомніцца надоўга.

Госці распавялі пра вясновы абрадавы цыкл, пра існасць прыродна-людскую і ўсяго жывога. Пра тое, дзе і ў чым нашы продкі шукалі ратунак ад нядолі-нястачы фізічнай і духоўнай. Пра каранёвую сістэму самога Быцця на гэтай зямлі. Вясна ў беларускай традыцыі – таемныя весніцы ў новы віток руху сонца, зорак, Зямлі. Весніцы да новай павароткі гадавога кругазвароту. Бо вясна ў беларускай традыцыі багатая на мелодыі, фарбы, гульні, спевы і знакі. Знакі, занатаваныя нашымі продкамі ў абрадавых дзеях і арнаментах. Знакі веснавога абуджэння прыроды і аднаўлення жыццёвых рытмаў пасля зімовага одуму.

І вясну спаконвеку тут, у Краі нашым, адмыслова заклікалі-загукалі, урачыста сустракалі, шчодра нажыўляючы ўсю абуджаную прастору гімнавай радасцю жыць, ствараць, марыць і спаўняць летуценні-мары. Крыляючы на веснавых арэлях часу да новых думак і новых падзей.

 З вуснаў паэткі прагучалі вершы, сугучныя задуме гэтай імпрэзы: пра вясну, пра веснавыя абрады і звычаі, пра старадаўні культ роду, пра духоўную спадчыну, перададзеную нам праз вякі папярэднікамі.

Размовы пра вечнае чаргаваліся з цудоўнай музыкай.

Падчас свайго выступлення Яраш расказваў пра гісторыю ўзнікнення і вырабу музычнага інструмента, а потым агучваў гэты інструмент. Яраш Малішэўскі з’яўляецца не толькі таленавітым выканаўцам, ён сапраўдны знаўца, аўтар першага ў краіне сістэматызаванага выдання для дзяцей пра народныя музычныя інструменты.

Малішэўскі пачаў свой выступ чароўнымі гукамі беларускай дуды, якая на Беларусі ўжо даўно паспяхова супернічае з шатландскай валынкай. Хаця раней на нашых землях без гэтага інструмента не абыходзілася амаль ніводнае свята ці значная ў жыцці падзея – народзіны і пахаванні, хрэсьбіны і вяселлі. Працяглыя гукі дуды трапна спалучаліся з жаласлівымі песнямі музыкаў, якія гралі, вандруючы ад вёскі да вёскі. Песні былі разлічаны на тое, каб расчуліць слухачоў, на тое, каб яны не пашкадавалі паболей грошыкаў вандроўным музыкам.

Але, калі дуду ўдала выкарыстоўваюць нашыя фолк-гурты, то колавую ліру пачуць і пабачыць навідавоку – рэдкая і цікавая магчымасць.

  Гралі музыкі-валацугі, як вядома, не толькі на дудзе, але і на дудцы, з гэтым цікавым інструментам нас таксама пазнаёміў Яраш Малішэўскі. Інструмент не лёгкі, вагой і выглядам з добрую дубінку, з чаго выступоўца пажартаваў, што ў доўгіх падарожжах дарогамі Беларусі музыкі маглі імі і адбівацца ад разбойнікаў у выпадку нападу, а не толькі граць. Жалейка, ліра, дуда, акарына, варган – усе гэтыя інструменты былі прадстаўлены з душой, ярка і лірычна. Некаторыя з інструментаў слухачы пачулі ўжывую ўпершыню. Свая адмысловая гісторыя музыкі цесна пераплятаецца з гісторыяй той краіны, для якой яна стала блізкай.

Арганізавалі сустрэчу магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны пры падтрымцы мастацкага музея Бялыніцкага-Бірулі і асабіста яго загадчыцы Святланы Строгінай. На імпрэзе прысутнічала каля 40 чалавек.

Наталля Шэмянкова,

г. Магілёў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1420
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0320
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3420
Далучайцеся да нас