Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Лёс і крыжы Маі Кляшторнай

Лёс і крыжы Маі Кляшторнай

21 мая 2019, 08:46 Грамадства 21
Лёс і крыжы Маі Кляшторнай

24 снежня  2018 года старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала ўказ аб узнагароджанні 130 грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў медалём да 100-годдзя БНР. 3 траўня  2019 года старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў уручыў у Менску медаль да стагоддзя БНР Маі Тодараўне Кляшторнай.

Мая Кляшторная – адна з старэйшых актывістак ТБМ, сябра Саюза архітэктараў, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага, чалавек вялікай сілы духу, любові да волі і да жыцця, поўны спагады да іншых людзей. Мая Тодараўна была адной з заснавальніц “Мартыралогу Беларусі”, кіраўніцай навуковага праекта мемарыяла ў Курапатаў. Многія гады яна ішла з кветкамі ў першых шэрагах у святочнай калоне на Курапаты на Дзяды. Гэта яе крыжы першымі паўсталі на беларускай Галгофе.

Яна нарадзілася 31 траўня 1937 года. Калі ёй споўнілася 4 месяцы, бацьку і маці арыштавалі. Тодару Кляшторнаму было ўсяго 34 гады,  у яго за спіной была вучоба ў Белдзяржуніверсітэце, праца на радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў, сяброўства ў літаратурных аб’яднаннях ” Маладняк” і “Узвышша”, выпуск чатырох паэтычных зборнікаў. Таленавіты і ўважлівы да пачуццяў, Тодар Кляшторны праяўляў у вершах свае  непаўторныя перажыванні. Яму былі блізкімі па духу Сяргей Ясенін, Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка.

Хто над шляхамі

                            ў сонечнае ранне,

Дзе шапаціць бярозавы абрус

Аддаў душу за вечнае змаганне,

Распяў душу за маці-Беларусь.

 

Тодара Кляшторнага расстралялі 30 кастрычніка 1937 года. Яго жонку Яніну Германовіч з маленькай Маяй на руках адправілі ў АЛЖІР (Акмолинский лагерь жен изменников Родины) у Казахстан. Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмолінскім лагеры, яшчэ шэсць – у дзіцячым спецпрыёмніку НКВД, і яшчэ сем гадоў – разам з маці ў ссылцы ў Сібіры. Толькі ў 18 гадоў, вярнуўшыся ў Беларусь, Мая Кляшторная адчула, што ёсць іншае, вольнае жыццё.

У дзяцінстве і юнацтве дзяўчынка неаднойчы перамагала цяжкія захворванні: яна перанесла косныя сухоты пазваночніка і вылячылася з дапамогай аперацыі, якую лекары, дасведчаныя ў ваенна-палявой хірургіі, выканалі ў Сібіры. У 1964 годзе ледзь не страціла слых па прычыне запалення сярэдняга вуха, але зноў на дапамогу прыйшлі медыкі.

Мая змагла скончыць Менскі архітэктурны тэхнікум, вучы-лася ў Маскоўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце і Усесаюзным завочным інжынерным інстытуце, зноў адчувала сябе актыўнай і здаровай, поўнай сіл. Больш за 30 гадоў яна працавала архітэктарам у праектным інстытуце “Белпрампраект”, удзельнічала ў распрацоўцы генеральнага плана Менска.

Не аднойчы са смеласцю і рашучасцю ёй прыходзілася развязваць складаныя праблемы. Яе адпраўлялі ў Маскву на важныя нарады ў Саўмін, звязаныя з будаўніцтвам буйных аб’ектаў на Беларусі. Ёй даводзілася ездзіць з наглядам на будаўнічыя пляцоўкі. Аднойчы, калі ішла пракладка магістралі, яна своечасова адхіла адгрузку вагона непатрэбнага гранітнага друзу і пракантралявала пастаўку неабходных будаўнічых матэрыялаў.

 У 1988 годзе быў створаны “Мартыралог Беларусі”.

– Гэта было абуджэннем народу, – успамінае Мая Тодараўна. – У людзей нібы шоры з вачэй упалі. Ужо тады з’явілася публікацыя “Курапаты – дарога смерці”, былі праведзеныя даследаванні, дакументаваліся ўспаміны сведкаў. Сярод ініцыятараў стварэння “Мартыралогу” першым быў Васіль Быкаў. Ён паспрыяў таму, каб артыкул пра масавыя расстрэлы ў Курапатах быў надрукаваны ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. А першым слова “мартыралог” прамовіў Зянон Пазняк. 

Мая Тодараўна Кляшторная працавала ў камісіі, якая збірала звесткі пра рэпрэсаваных. Як у камісію, так і да яе на працу ў  “Белпрампраект” ішоў натоўп людзей, якія імкнуліся высвятліць лёс загінуўшых у лагерах родных, якія шукалі і збіралі адпаведныя дакументы. Яна ўзяла ўдзел у другім па ліку шэсці на Курапаты, і з тых часоў заўсёды праходіла гэтую памятную дарогу разам з грамадой.

Менавіта па яе просьбе ў прыватнай рытуальнай майстэрні былі выраблены першыя дубовыя і сасновыя крыжы, а потым і самы вялікі крыж.

– Прынесці іх дадому з майстэрні мне дапамаглі Сяржук Вітушка і Генадзь Сагановіч. Крыжы некалькі дзён стаялі ў нас дома, яны пахлі смалой.  А потым з дапамогай іншых людзей былі ўсталяваны на месцы памяці загінулых ахвяр.

Ёй дорагі былі сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі сталага веку, якія ведалі яе бацьку – з Максімам Лужаніным і іншымі. Маці Маі, вярнуўшыся з Сібіры, увесь час хварэла і ў хуткім часе пайшла з жыцця. Мая Тодараўна як родную берагла і даглядала яе сяброўку – паэтэсу Яўгенію Пфляўмбаўм, з якой маці вучылася разам.

Мая Тодараўна падтрымлівала сяброўскія стасункі з многімі дзеячамі культуры, мастакамі: са Стэфаніяй Станютай, з Яўгенам Куліком, Віктарам Маркаўцом, дапамагала матэрыяльна мастакам у часы нястачы. Яна сябравала з многімі праваслаўнымі, уніяцкімі і каталіцкімі святарамі. Сын Васіля Сёмухі перадаваў ёй выданні Бібліі на беларускай мове. Яна дзялілася асобнікамі Святога Пісьма на роднай мове са святарамі і  чальцамі грамадскай арганізацыі “Маці супраць наркотыкаў”.  Яна перанесла шмат гора ў сваім жыцці і сама адгукалася на чужое гора. Сустрэла  і шмат добрых людзей – “залатыя зярняткі людскія”.

…Для першага пасляваеннага выдання вершаў Тодара Кляшторнага яны з маці збіралі матэрыял у бібліятэках па перыядычным друку і даваенных зборніках. У 60-тым годзе выйшла выбранае з паэзіі Тодара Кляшторнага  “Залатое вязьмо”, у 1970-ым – выбраныя вершы.  Новае выданне рыхтавалася ў “Беллітфондзе” да 100-годдзя паэта ў 2003 годзе і выйшла з прадмовай і каментарамі Алеся Пашкевіча.

“Тодар Кляшторны выявіўся, найперш, паэтам авангарднага мыслення, творцам імажынісцкай школы з яркімі, непаўторнымі перажываннямі, настроямі, пачуццямі, якія ім нібыта не пісаліся, а выспеўваліся, – напісаў Алесь Пашкевіч. – Аднак такія спевы не лашчылі вуха ба-льшавіцкім ідэолагам. Эстэтычна вытанчаныя вершы Тодара Кляшторнага, у якіх апяваліся чалавечыя пачуцці, гучалі экзістэнцыяльныя роздумы аб жыцці і смерці – такія вершы тагачаснай вульгарызатарскай крытыкай успрымаліся варожа: як упадніцкія, шкодныя.”

“Не жнеі ў вязьмы залатыя,

Уплятаюць пражу туманоў,

А ветры буйныя за тынам

Мяцеляць золата кляноў. ”     

( “Кляновыя завеі”)

 

У 2017 годзе амбасадары еўрапейскіх краін дапамаглі Маі Тодараўне паправіць здароўе, і яна з дапамогай ” Белавія” змагла злятаць у Казахстан з унучкай Хрысцінай па запрашэнні Нурсултана Назарбаева.

У 2007 годзе па ініцыятыве Н. Назарбаева і пры падтрымцы ўладаў Казахстана ў пасёлку Акмол быў пабудаваны мемарыяльны комплекс, які так і называецца – АЛЖІР і створаны музей. Работнікі музея па драбніцах збіралі інфармацыю аб вязнях лагера ў архівах НКВД, а частку экспанатаў перадалі сваякі жанчын-зняволеных.  Мая Тодараўна  наведала музей, перадала туды дакументы сваёй маці і матэрыялы, звязаныя з жонкай Якава Бранштэйна -Марыяй Мінкінай, якая таксама знаходзілася ў АЛЖІРы… 

Камяні, усталяваныя па ініцыятыве Маі Кляшторнай у Курапатах у 2013 годзе, стаяць непахісна.

 Маю Тодараўну радуюць яе ўнукі – Хрысціна і Ілля, і вельмі чулы і пяшчотны праўнук – Марат. Яны надаюць сілы жыць і клапаціцца пра іх будучыню.

Эла Дзвінская.

На фота аўтара:

  1. Медаль да 100-годдзя БНР уручаны Маі Кляшторнай;
  2. Мая Кляшторная з унукамі: Іллём і Хрысцінай;
  3. М. Кляшторная па дарозе ў Курапаты;
  4. Тодар Кляшторны;
  5. Кніга Т. Кляшторнага;
  6. Ахоўныя камяні мемарыяла стаяць непахісна.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас