Кожнае пакаленне па-свойму асэнсоўвае падзеі евангельскай гісторыі і імкнецца ўвасобіць іх у творах жывапісу такімі выразнымі мастацкімі сродкамі, якія будуць блізкія ўспрыняццю сучаснікаў.
Новы касцёл Божага Цела ў пасёлку Беразінскім, які быў збудаваны ў 2010-13 гадах, аздобіў маштабным роспісам мастак-манументаліст Алесь Пушкін. Два гады доўжылася яго праца над “Пасхальнай Містэрыяй Пана Ісуса Хрыста”.
Роспіс ахоплівае дзве сцяны, складаецца з 8 частак, якія маюць памеры 202 на 150 см. Гэта вялікая праца сучаснага творцы па асэнсаванні і ўвасабленні ў фарбах пакутаў, цярпенняў на крыжы, ахвярнай смерці і таямніцы Уваскрашэння Пана.
Да гэтай тэмы на працягу стагоддзяў звярталіся вялікія жывапісцы венецыянскай і фламадскай школы, іспанскія майстры: Рафаэль, Веранэзе, Гарафала, Ціцыян, Пітар Брэйгель Старэйшы, Эль Грэка, Себасццяна дэль П’ёмба і іншыя. І ўсё ж для кожнага мастака – гэта асабістае перажыванне і выпрабаванне, глыбокі роздум, увасабленне асабістага досведу.
Перад тым, як выбраць сучаснага аўтара, які б мог пісаць на такую хвалюючую і адказную тэму, ксёндз – пробашч Сяргей Бараўнёў малітоўна разважаў і вырашыў даверыць роспіс касцёла сябру Беларускага саюза мастакоў Алесю Пушкіну.
– Парафія ў Беразінскім маладая, але вытокі яе вельмі глыбокія, – распавёў ксёндз-канонік Сяргей Бараўнёў.- Раней мястэчка мела назву Гарадзілава. Сюды прыязджала паэтка графіня Габрыэля Пузыня, якая пісала пад псеўданімам “У імя Божае”, тут бывалі Станіслаў Манюшка і Тамаш Зан, гасцявалі князі Агінскія і графы Тышкевічы. Ян Чачот і Уладыслаў Сыракомля, Ігнат Дамейка праводзілі салонныя вечарыны. Сёняшняя наша дзейнасць – працяг мінулага. Мне хацелася б, каб літаратары, музыканты, мастакі, прыязджалі сюды і каб збіраліся тут праславіць Бога.
Габрыэля Пузыня імкнулася захаваць, развіць сваю веру і перадаць яе будучым пакаленням. І вось цяпер мы адраджаем даўно забытае. У 2016 годзе ў Беразінскім нарадзіўся музычны фестываль, а з 2018 года ён стаў фестывалем хрысціянскай культуры з удзелам кінарэжысёраў і мастакоў.
Маладая мастачка Валерыя Сарнаўская намалявала цэнтральныя абразы для касцёла. З іх цячэ ручай веры, надзеі і любові, чысціні і радасці, і людзі акунаюцца ў цеплыню гэтых абразоў.
Перад тым як выбраць мастака, здольнага ўвасобіць Пасхальную Таямніцу, я паставіў шэраг крытэрыяў. Па -першае, гэта павінен быць мастак беларускай жывапіснай школы, па-другое – чалавек з вялікім жыццёвым досведам. Гэтым патрабаванням адпавядаў Алесь Пушкін. Ён прайшоў шмат цяжкіх сітуацый у жыцці, быў на афганскай вайне, зведаў пакуты і цярпенні. Пушкін выразна паказаў увесь драматызм крыжовага шляху Хрыста, перадаў усю паўнату яго фізічных пачуццяў і перажыванняў.
Па-трэццяе, я не хацеў, каб гэта быў чыста каталіцкі роспіс, але каб ён яднаў каталіцкія і праваслаўныя традыцыі, якія існуюць у нашай краіне. Мне імпануе, што Алесь – не стацыянарны мастак, ён увесь – у творчым руху наперад. Ён здольны не капіяваць майстроў мінулага, а ствараць сваю ўласную кампазіцыю. Першы прапанаваны эскіз роспісу быў класічна каталіцкі, другі – ўяўляў сабой спалучэнне праваслаўных і каталіцкіх рысаў, і быў прыняты. Роспіс выкананы ў адной колеравай гаме з усім касцёлам, – падзяліўся думкамі ксёндз-пробашч касцёла Божага Цела Сяргей Бараўнёў.
Алесь Пушкін працаваў над дэталямі роспісу ў майстэрні Беларускага саюза мастакоў у Менску. Творца распрацаваў некалькі эскізаў, выбраны пробашчам эскіз быў узгоднены з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Пушкін наведваў лекцыі па гісторыі касцёла, дэтальна вывучаў вопратку рымскіх легіянераў часоў Ісуса Хрыста і адзенне Понція Пілата дзеля гістарычнай праўды карціны.
Для мастака крыніцай перажыванняў акрамя гэтага паслужыў фільм амерыканскага рэжысёра і актора Мэла Гібсана “Пакуты Хрыстовы” (The Passion of the Christ, 2004) пра падзеі апошніх гадзін зямнога жыцця Ісуса Хрыста. Да здымак гэтай карціны, Мэл Гібсан, які быў 13 дзіцём ў каталіцкай сям’і, выхаваным на Евангеллі, рыхтаваўся больш за дзесяцігоддзе. Ён вывучаў шэдэўры сусветнага жывапісу, чытаў творы гісторыкаў і багасловаў, знаёміўся з даследваннямі Турынскай Плашчаніцы, размаўляў са святарамі.
Ён імкнуўся паказаць праў-дзівы вобраз Хрыста на экране і тлумачыў актору Джыму Кэвізэлу, абранаму на галоўную ролю, што прыдзецца шмат чаго перанесці фізічна, і што крыж будзе са-праўдным, а не бутафорскім, і будзе важыць 70 кілаграмаў. Так і адбылося на здымках. А калі фільм прайшоў упершыню на экране – уся зала галасіла…
Праца над роспісам для сучаснага мастака таксама нялёгкі выбар, бо патрабуе вялікіх высілкаў, самаахвярнасці, засяроджанасці на духоўных і філасофскіх пытаннях.
Жывапісец выконваў роспіс на палатне тэмперай і алеем. За гэты перыяд ён сам адпакутваў ад уласнага болю, патрапіў у шпіталь, перанёс аперацыю.
Перад гледачом разгортваецца вялікая панарама падзей. Дзеянне пачынаецца з малення ў Гефсіманскім садзе. За ім ідзе шэраг сцэн, на якіх можна ўбачыць Понція Пілата і Кайяфу, легіянераў, сотнікаў, катаў з бічамі, Сімона Кірынеяніна, які дапамагае несці крыж. Тут прысутнічае Панна Марыя ў барвовай вопратцы, якая абдымае і падтрымлівае свайго сына, і іншыя жанчыны, якія яе суправаджаюць. Сцэны перадаюць ўвесь драматызм, душэўныя і цялесныя пакуты Хрыста. Роспіс быў ажыццяўлены ў стылі сучаснага экспрэсіўнага сакральнага жывапісу.
Залаты німб вакол галавы Хрыста, светлае дрэва крыжа кантрастуюць з цёмнымі фігурамі людзей з натоўпу, з адзеннем катаў. У правай частцы неба напісана светлым блакітам, у левай – яно цёмнае, бо надышла трагічная гадзіна ўкрыжавання Пана.
Зладзейства і крывадушша юдэйскіх першасвятароў, апанаваных бояззю і кансерватызмам, адбіваецца ў іх на тварах. Вялізныя цвікі, бічы, суровыя фігуры тых, хто здзейсняе ўкрыжаванне, прыносяць напамін пра жорсткасць нораваў старажытнага Рыма.
Ім супрацьпастаўлены фігуры святых жанчын і дзяцей, якія следуюць за Хрыстом, постаць святой Веранікі, якая, згодна з паданнем, выцерла твар Пана палатном, і захавала Яго аблічча.
“Амаль два гады я, па задуме і даверы пробашча парафіі, ксяндза-каноніка Сяргея Бараўнёва, аздабляў інтэр’ер новапаўсталага касцёла Божага Цела ў пасёлку Беразінскае творам, у якім спалучыліся сюжэты падзей астатніх дзён прабывання Пана нашага Езуса Хрыста з намі, людзьмі…, – напісаў Алесь Пушкін. – Ад “Малення ў садзе Гефсіманскім” да “Светлага Хрыстовага Уваскрашэння” – найважнейшыя і найтрагічнейшыя па-дзеі для нас, хрысціян. Задума спалучыць на адным палатне – і “Крыжовы шлях” з ХІV стацыямі, што абавязковыя для кожнага касцёла, і вялікія містычныя сюжэты “Малення ў садзе” і “Уваскрашэння” належыць ксяндзу -пробашчу.
Зімой 2015 года пачаліся працы над эскізамі. Я быў пад уплывам розных крыніц, найперш Евангелляў, Блаславёнай сястры Катарыны Эмерліх і яе твора “Пасія”, фільма Мэла Гібсана, маіх ўлюбёных іспанскіх і беларускіх мастакоў, стварыў ула сную кампазіцыю твора, які будзе мець працяг і на сценах прасвітэрыя касцёла, урэшце, дасць ключ да мастацка-вобразнага сакральнага рашэння інтэр’еру сучаснага новапаўсталага касцёла на Маладзечаншчыне ў нашыя дні, дасць нам сведчанне, што Касцёл на Беларусі жывы, ён развіваецца і мы не толькі будзем ганарыцца і шанаваць нашы даўнія сівыя каталіцкія бажніцы і абразы, а і новапаўсталыя касцёлы з сучаснымі творамі сакральнага жывапісу будзем рабіць адметнымі, са сваёй гісторыяй і арыгінальнасцю!
Бо заўтрашні дзень хрысціянства на Беларусі залежыць і ад нашай любові, гарачыні і моцы веры ў Збаўцу, нашых шчырых спраў дзеля Яго Хвалы, сведчання, што і ў нашыя дні мы з можам рабіць адметнымі і прыгожымі нашыя новапаўсталыя, пасля амаль стагоддзя занядбання і паругання веры, касцёлы…”
У траўні 2017 года часткі роспісу былі зманціраваны і замацаваны на сценах касцёла Божага Цела. Калі праца была скончана, прамень сонца з процілеглага акна асвятліў фігуру распятага Хрыста.
Падзеі ўсёй Містэрыі завяршаюцца сцэнай Уваскрашэння Пана. Апошняя сцэна выканана ў белых, жоўтых, залатых і чырвоных колерах. Анёлы з белымі лілеямі вітаюць уваскрослага Хрыста, аблічча Яго дорыць святло і радасць, веру ў перамогу любові над нянавісцю, жыцця над смерцю.
У 2017 годзе ў святочны дзень пасля літургіі роспіс быў асвечаны Мітрапалітам Менскім і Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.
Касцёл Божага Цела наведваюць мясцовыя жыхары сталага веку. У нядзелю і на святы прыязджаюць госці з суседніх мястэчак Палачаны і Літва. Кампазітары, артысты, спевакі гасцююць у Беразінскім падчас правядзення фестывалю хрысціянскай культуры. Беларуская мова павольна і ўрачыста гучыць тут падчас набажэнстваў.
Пані Наталля ўспамінае:
– Пакуль мастак працаваў, мы чакалі, маліліся, суперажывалі. Спачатку бачылі эскіз, потым – усю працу ў колеры. У нас складваецца ўражанне, быццам мы там прысутнічаем.
Пані Ганна 35 гадоў пражыла ў Беразінскім, працавала на мясцовым камбінаце. Цяпер яна вельмі задаволена, што ў пасёлку пабудаваны і ўпрыгожаны касцёл.
– Я адчуваю, быццам уся Містэрыя разгортваецца на маіх вачах! Мяне вельмі хвалюе роспіс!
“Дзякуем Пану Богу за такія таленты! – напісаў у кнізе водгукаў саліст гурта “Laudans” Андрэй Лугін. – Вельмі ўражвае! Не нам Пане, але Твайму імені на хвалу!”
“Няхай гэта Пасхальная Містэрыя праслаўляе Пана Бога і служыць збавенню душ людскіх, усіх хто прыходзіць у гэтую святыню,” – пакінуў запіс у кнізе водгукаў адзін са святароў.
Эла Дзвінская,
фота аўтара і з архіва
Алеся Пушкіна.