На ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях у Нацыянальнай бібліятэцы ў цэнтры ўвагі быў Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства, які адзначыў 40-годдзе з дня заснавання.
Мы пагутарылі з загадчыкам аддзела, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Анатолем Мікалаевічам Сцебуракам.
– Як Вы адчуваеце ў Вашай дзейнасці пераемнасць традыцый такіх асобаў, як кнігазнавец, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Іванаўна Рошчына, бібліёграф Галіна Ўладзіміраўна Кірэева, якія раней узначальвалі Ваш аддзел?
– Пераемнасць існуе, бо наша сфера, з аднаго боку патра-буе інавацый, а з другога боку, яна – традыцыяналісцская, бо кнігазнаўства грунтуецца на дэталёвым і шматгадовым вывучэнні старадрукаў, прыватных бібліятэк, экслібрысаў.
Я прыйшоў працаваць у аддзел у 2005 годзе пасля ўніверсітэта. Пяць гадоў маёй кар’еры пасля гістарычнага факультэта БДУ былі прысвечаны Нацыянальнай бібліятэцы. У той час аддзел называўся Аддзелам рукапісаў рэдкай кнігі і старадрукаў. Я працаваў побач з Таццянай Іванаўнай Рошчынай. Яна змагла перадаць шмат ведаў і захапленне кнігай, любоў да старадрукаванай кнігі. Мы так цёпла ўзгадваем Таццяну Іванаўну за тое, што яна яшчэ ў 1990-ыя гады змагла запачаткаваць выданне зборніка “Здабыткі” і матэрыялаў кнігазнаўчых чытанняў. Гэтыя ініцыятывы пачыналіся пры ёй. Калі я быў студэнтам, гістарычны факультэт БДУ знаходзіўся насупраць будынка старой бібліятэкі, і мы туды хадзілі пры першай магчымасці. Дарэчы, Таццяна Іванаўна выкладала ў Беларускім калегіюме, і мне даводзілася яе бачыць і чуць, што пазней паўплывала на мой выбар кірунку даследванняў і месца працы.
– Раскажыце, калі ласка, па якіх кірунках кнігазнаўства сёння працуе аддзел?
– Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства – комплексны па сваёй сутнасці. Тут ёсць сваё вялікае кнігасховішча. Мы захоўваем каштоўныя калекцыі, звяраем і апісваем іх, частка людзей займаецца падрыхтоўкай экспазіцый у Музеі кнігі. Нашы паспяховыя праекты, як гэта было ў юбілей Францішка Скарыны, выйшлі за межы музея. Папулярызацыя кніжнай спадчыны спалучаецца з дзейнасцю Нацыянальнай бібліятэкі. Факсімільныя выданні – адзін з перспектыўных накірункаў, таму што найбольш рарытэтныя асобнікі беларускіх кніг, на жаль, знаходзяцца за межамі Беларусі. Праз факсімільнае ўзнаўленне мы змаглі іх вярнуць на Радзіму і зрабіць дасяжнымі для ўсіх. Таксама бібліятэка робіць разнастайныя віртуальныя праекты. Зараз мы шукаем беларусіку за мяжой і ў адлічбаваным варыянце вяртаем яе. Набыць самім гэтыя кнігі часта проста немагчыма, але спампаваць іх і дадаць у нашу электронную бібліятэку мы можам.
Трэба адзначыць, што Нацыянальная бібліятэка шукае і купляе рэдкія выданні. Напрыклад, зараз нам прапаноўваюць набыць Кітаб – кніжны помнік беларускіх татараў, які паходзіць з вёскі Татарка Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Мы спрабуем сабраць тое, што засталося ў калекцыянераў. Мы супрацоўнічаем з та-кім вядомым збіральнікам паштовак, як Уладзімір Ліхадзедаў.
У яго ёсць таксама цікавая калекцыя кніг пра Беларусь, розных заходнееўрапейскіх выданняў, шмат архіўных дакументаў. Спадар Уладзімір частку свайго фонда перадаў нам назаўсёды, а ёсць часова перададзеная частка – дэпазіт. Калі ёсць жаданне, чытачы могуць зараз пагартаць граматы ХVI -ХVII стагоддзя, выдадзеныя ў Полацку, метрычныя кнігі з Вілейскага павета, Гродзенскія губернскія ведамасці 1840-ых гадоў і іншыя. Спадзяемся, што праект будзе развівацца.
– Анатоль Мікалаевіч, сферай Вашых інтарэсаў з’яўляюцца Напалеонаўскія войны. Вы адшукалі ўнікальныя французскія рукапісы 1812 года.
– Мае навуковыя інтарэсы супадаюць з задачай вывучэння фондаў бібліятэкі. Апошнія 10 гадоў я прысвячаю свае публікацыі таямнічай гісторыі з’яўлення ў нас дакументаў па напалеонаўскіх войнах: гэта комплекс мемуараў, нататкаў, успамінаў. Гэта вельмі якасныя і інфарматыўныя гістарычныя крыніцы, якія вабяць беларускіх даследчыкаў, бо вайна 1812 года – адна з самых цікавых старонак нашай гісторыі ХІХ стагоддзя.
Мяне захапіў змест дакументаў і паходжанне ўсёй калекцыі. У нас ёсць сотні кніг па напалеаністыцы з бібліятэкі Івана Хрысанфавіча Каладзеева з Барысава. У дарэвалюцыйныя часы ён быў адданым аматарам вайны 1812 года і сабраў буйнейшую тэматычную бібліятэку ва ўсёй Расійскай імперыі. А рукапісы паходзяць з французскіх і бельгійскіх прыватных калекцый. Падчас стажыровак мне давялося папрацаваць у Нацыянальным архіве Францыі ў Парыжы і ў Дыпламатычным архіве, дзе знаходзяцца дакументы, звязаныя з продажам гэтых дакументаў на аўкцыёнах у 1920-30-ыя гады, пошукам страчаных бібліятэк пасля завяршэння Другой сусветнай вайны былымі гаспадарамі. Пра-цуючы з фондамі, я змог упэўніцца, што сляды некаторых з гэтых збораў вядуць у Менск, і частка іх знаходзіцца ў Нацыянальнай біб-ліятэцы Беларусі.
– Ваша кніга “Лісты да Жазэфіны: ваенныя шляхі французскага афіцэра 1805-1812 года” прыцягнула ўвагу спецыялістаў і выклікала зацікаўленасць чытачоў.
– Яна выйшла зусім нядаўна, у 2018 годзе, як вынік даследвання карэспандэнцыі французскага афіцэра Шарля-Піліпа Фіта дэ Сусі, удзельніка шматлікіх ваенных кампаній Напалеона. Ён быў прадстаўніком вядомага дваран-скага роду.
Шарль-Піліп пісаў лісты жонцы Жазэфіне, якая жыла ў прадмесці Парыжа, з розных ваен-ных кампаній. За гады службы ён наведаў тэрыторыю Аўстрыі, Прусіі, Іспаніі, Партугаліі, Германіі, Польшчы, Літвы і Расіі. Адрасы, занатаваныя на палях, дазволілі аднавіць прыгоды афіцэра.
Лісты знаходзіліся ў сям’і, а потым былі прададзеныя на аўкцыёне. У 1940 годзе яны былі канфіскаваныя і праз Германію трапілі ў БССР. Мяне як гісторыка захапілі гэтыя допісы. Высвятлілася, што і ў Францыі ёсць фрагмент гэтага сямейнага архіва. Так я пазнаёміўся з будучым суаўтарам маёй кнігі – Франсуазай Альберцінай Мас, і мы, адшукаўшы яшчэ тузін невядомых лістоў, усё абагульнілі і ў 2015 годзе выдалі ў Парыжы дакументальны зборнік тэкстаў разам з даведачным апаратам. Тое, што я апублікаваў зараз – гісторыя жыцця афіцэра і яго прыгодаў на Беларусі. Адзначу, што ён быў не шараговым салдатам, а ад’ютантам генералаў (М.А. Бамона, Ф.Э. Келермана, П. Вацье і інш.).
Такім чынам, першы том – тэксты лістоў, а другі – праўдзівы аповед пра героя і эпоху. Лёс афіцэра Шарля-Піліпа – драматычны, цікавы, ён адлюстроўвае лёс усяго Вялікага войска ў кампаніі супраць Расіі. Я пакіну інтрыгу для чытачоў і не буду раскрываць усе карты – на апошніх старонках кнігі можна даведацца пра далейшы лёс героя. Каб разблытаць усе таям-ніцы яго біяграфіі, я добра папрацаваў у архівах Парыжа, дзе знайшліся фрагменты архіва сям’і Сусі. Гэта быў этап у маім прафесійным станаўленні. А архіўныя пошукі заўсёды мяне вабілі як гісторыка-архівіста.
– Вы заахвочваеце да даследчыцкай дзейнасці студэнтаў БДУ, і стваралі для іх інтэрактыўныя праграмы з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Якімі яшчэ фор-мамі пошукаў Вы імкняцеся іх зацікаціць?
– Я вельмі люблю выкладаць ва ўніверсітэце, прысвяціў гэтаму 8 гадоў, але асноўны час цяпер аддаю Навукова-даследчаму аддзелу кнігазнаўства. Найбольш цікава было выкладаць не гісторыкам, а студэнтам іншых спецыяльнасцяў, яны загараліся, даследвалі гісторыю сваіх сямей, стваралі радаводы. Мы рабілі розныя інтэрактыўныя праекты пры дапамозе сацыяльных сетак, вэбінараў, магчымасцяў вучэбнага партала, звязаныя з памяццю нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана, з гісторыяй вуліцы Маскоўскай у Менску, з “сямейным летапісам” Другой сусветнай вайны, з памяццю ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Я спрабаваў абудзіць цікавасць да нашых каранёў, дапамагчы студэнтам зразумець шлях, якім праходзіў наш народ на працягу стагоддзяў. Калі на досведзе свайго роду ты асэнсоўваеш, як розныя гістарычныя падзеі ўплывалі на жыццё пакаленняў, то пачынаеш разумець, наколькі важна праграмаваць нашу будучыню на пазітыўны еўрапейскі шлях, на гуманістычныя дэмакратычныя каштоўнасці, каб наша грамадства паступова змянялася ў лепшы бок.
Выкладчыцкая праца была для мяне важнай місіяй, у перспектыве спадзяюся, што змагу спалучаць больш прапарцыйна кнігазнаўчыя даследванні з выкладаннем.
Гутарыла Эла Дзвінская,
фота Таццяны Сапегі.