• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 21 красавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ ПРЫЕМНАГА ЧЫТАННЯ

НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ ПРЫЕМНАГА ЧЫТАННЯ

16 красавіка 2019, 18:13 Выданні 6
НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ ПРЫЕМНАГА ЧЫТАННЯ

Пад канец мінуўшага года атрымаў ад гарадзенца Аркадзя Жукоўскага (Ліцьвіна) кнігу “Прастрэлены талер” з дарчым надпісам: “Шаноўнаму  спадару … для прыемнага, спадзяюся, чытання”. Прачытаўшы гэты раман у трох кнігах,  разумееш, што аўтар ставіў больш сур’ёзныя задачы, чым пазабавіць чытача прыгодніцкімі падзеямі з гісторыі Беларусі. Раман заслугоўвае таго, каб выказаць думкі і разважанні наконт узнятых у ім праблем, бо аўтар глыбока пагрузіўся ў гісторыю Беларусі і паказаў сябе добрым знаўцам як яе, так і тагачасных міжнародных адносін, хаця і не з’яўляецца гісторыкам па адукацыі.

У аснове сюжэту рамана – нярэдкая ў 17 стагоддзі з’ява: захоп чужога маёнтка і няўдалы наезд на другі ў перыяд, калі доўга адсутнічалі іх гаспадары; доўгае і драматычнае змаганне за іх вяртанне пасля з’яўлення уладальнікаў. Гэтыя мясцовыя падзеі адбываюцца у час бескаралеўя, калі на ўсіх узроўнях урадоўцы займаюцца не разборам мясцовых здарэнняў, а падрыхтоўкай да выбару караля і пошукам кандыдатуры на трон. Аўтар удала выбраў такі перыяд у гісторыі Рэчы Паспалітай, каб паказаць крызіс дзяржаўнай улады ў краіне, выявіць ролю ў гэтым працэсе неабмежаванай шляхецкай дэмакратыі і самой шляхты – ад дробнай засцянковай да магнатаў.

    Аўтара найперш цікавілі лёс Беларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, роля ў гэтым яе правіцеляў – вялікіх князёў, і пануючых колаў – шляхты. Калі ў сучаснай Беларусі аб вялікіх князях ВКЛ з’явілася багатая навуковая і мастацкая літаратура, то аб пануючым класе дзяржавы, шматлікай шляхце, якая складала шасціну насельніцтва краіны, існуе зусім мала выданняў. І трэба аддаць належнае аўтару “Прастрэленага талера” за тое, што ўзяўся за складаную і цяжкую справу – усебакова паказаць беларускую (ліцвінскую) шляхту: яе зацікаўленні, маральныя якасці, адносіны да сваіх абавязкаў перад Бацькаўшчынай. Паўней паводзіны і характэрныя рысы шляхты праяўляліся не ў спакойны час штодзённых хатніх клопатаў і заняткаў, а ў пераломныя часы грамадскіх перамен у дзяржаве. Таму і звярнуўся сп. Жукоўскі да перыяду  з канца 17 ст., часоў бескаралеўя пасля смерці Яна Сабескага (1696 г.) і выбараў новага караля, да пачатку Паўночнай вайны (1700 г.).   

Ён паказвае шляхту не аднароднай масай, а вельмі рознай, з рознымі інтарэсамі, паводзінамі, маёмасцю. Вельмі добра для гэтага выкарыстаў правядзенне павятовага сойміка: “Першыя лавы па іерархіі займалі раўнейшыя з роўных, мясцовыя ўрадоўцы, заможныя, бясспрэчна гярбовыя”, “далей углыб стаяла значная купка сярэднезаможных”, “за імі калыхалася шматлікае засцянковае брацтва, уладальнікі і арандатары невялічкіх маёнткаў, фальваркаў”. Калі першыя “былі здольныя дапяць сваіх мэтаў у кожным выпадку, то другія марылі аб сваім месцы сярод пярэдніх і былі гатовы іх падтрымаць”, а трэція толькі ў “сумятні сойміка … адчувалі сваю значнасць,  сваё права схіліцца туды ці сюды”, “крыўдзіць гэтых людзей абыякавасцю было небяспечна”. Усіх іх яднае “горкая праўда шляхоцкіх груповак – прадажнасць, і чым вышэй – тым верагодней.”

Розніцца шляхта і сваімі жыццёвымі планамі і намерамі. Прага нажывы штурхае адну частку  (Бурскі, махляр-падсудак Пуцята) на гвалтоўны захоп чужога маёнтка (Крушні) і другая частка – магнаты – стварае канфедэрацыі (Людвік Пацей, Рыгор Агінскі), вядзе   барацьбу з ненавіснымі ўсім Сапегамі, якія ўсталявалі манаполію на дзяржаўную ўладу. І тыя, і другія імкнуцца выкарыстаць законы і ўладу ў асабістых інтарэсах для атрымання новых багаццяў, пасад, прывілеяў. Іх турбуюць не інтарэсы Княства, а захаванне існай неабмежаванай шляхецкай дэмакратыі. Людвік Пацей беспрынцыпна лічыў, што калі “карысна пахіліцца – ён пахіліцца. Варта стаць на калені – стане. Запатрабуюць прысягі – дамо. А як выпадуць карты іначай, то і адмовімся”. Беды і разарэнне нясуць краіне і яе жыхарам міжусобныя войны магнацкіх груповак. У спыненні магнацкіх міжусобіц бяссільна і каралеўская ўлада з абмежаванымі правамі, якая для захавання сваёй улады ў краіне падтрымвае  суперніцтва  магнатаў. Тым болей не паратункам для краіны з’яўляецца запрашэнне на трон караля замежніка, які не пранікся праблемамі краіны, не ведае ні яе мовы, ні традыцый, ні законаў.

Аднак сярод шматаблічнай шляхты былі і тыя, хто жыў інтарэсамі Княства, балюча перажываў бязладдзе і братазабойчыя войны ў краі, падпарадкаванне дзяржаўнай улады сямейнаму клану. Тут і дробная шляхта тыпу арандатара Лявона Шарэвіча і яго таварыша па вайсковых паходах Севярына Мяжэвіча, і моцныя гаспадары сярэдняй рукі як Кузьма Вароніч і Мацей Крыжэвіч, і прадстаўнік магнацкага роду суддзя Літоўскага Трыбуналу Максім Сапега, і кашталян Храптовіч. Усе яны асуджаюць магнацкія міжусобіцы, якія абяссільваюць дзяржаву, нясуць разарэнне. Максім Сапега перакананы, што магнаты “вызнаюць толькі тое, што нясе карысць найперш ім асабіста, Калі траціць Рэч Паспалітая, траціць у рэшце рэшт кожны. Калі не сам і не сёння, то сын ці ўнук заўтра”. Патрыятычна настроеная шляхта разважае, як паправіць становішча, дзе выйсце: у абсалютызме караля ці ў неабмежаванай вольнасці “ліберум вета”. І тое, і другое не прынясе дабра. Шляхціц Вароніч выказвае думку і аўтара рамана: “За моцную ўладу стаю, пане-браце. За згодную працу караля і Сойму. Гэта ж здзек над каралём, калі самі абранцы пазбаўляюць яго належных манарху правоў: уладар над намі, але выконваць мы будзем толькі тое, што не патрабуе нашых высілкаў і грошай”. Гэтая выснова, выспеўшая ў канцы 17 ст., актуальна і для нашага часу.  

На фоне дробнашляхецкіх і магнацкіх звадак, змоваў, сутычак і войнаў сп. Жукоўскі праследжвае  жыццёвыя шляхі-пуцявіны двух шляхціцаў – спаткаемцаў: захопленага маёнтка Крушня Багдана Хмялеўскага і нашчадка маёнтка Клінок Андрэя Забелы, іх змаганне за вяртанне часова страчанага. Аў-тар рамана ўмела падае іх вандраванні ў драматычна-прыгодніцкім плане, трымаючы чытача ў напружаным зацікаўленні. Героі праходзяць праз шэраг складаных, небяспечных выпрабаванняў,  дзе выяўляецца іх вынаходлівасць, адвага, вытрымка, чым заслугоў-ваюць яны павагу атачэння і ка-ханне прыгожых шляхцянак.

Раман раскрывае сацыяльна – палітычныя  праблемы краіны, а элементы прыгодніцтва, з імі звязаныя, прыдаюць яму цікавасць, займальнасць. “Прастрэлены талер” не навукова-папулярнае даследаванне, а мастацкі твор, з’ява грамадска-культурнага жыцця, якая заслугоўвае і грамадскай ацэнкі. Аўтар выявіў сябе майстрам займальнага сюжэту, чым прываблівае чытача, паказаў уменне весці дыялог розных сацыяльных груп, уменне стварыць запамінальны партрэт героя, даць вобразнае апісанне прыроды. Вось уявіце сабе каларытную фігуру чалавека: “Аднаго росту з Чыжом чалавек здаваўся вышэйшым з-за сваёй хударлявасці. Тулава на танклявых нагах схілялася наперад, нібы збіраўся падаць ці дзеў-бануць нешта вострым носам. Чыжа ўразіла гэтае птушынае падабенства…. Пан Антон ледзьве стрымаўся ад смеху. Але ж і пашанцавала чалавеку на такое бусляное прозвішча (Шторх).”      

Або гэтае ёмістае апісанне гарадзенскага надвор’я: “Цяжкія, набрынялыя дажджом хмары зачапіліся за званіцы цэркваў і касцёлаў і віселі ў бязветранай прасторы, збіраючыся выліцца ў абмялелы за лета Нёман.”

А. Жукоўскі знаходзіць мастацкія і лексічныя сродкі, каб паказаць характэрныя рысы розных   груп шляхты. Тут і даверліва-сяброўская размова кашталяна Храптовіча і маршалка Тура, і асцярожна – дыпламатычныя перамовы вялікага гетмана Сапегі і французскага пасланніка Паліньяка, і хітравата-здрадніцкая гутарка канфедэратаў Пацея і Агінскага, і віціеватыя з лацінкай прамовы падсудка Пуцяты, і прамалінейныя заявы засцянковага “паліты-ка” Жабы, заўсёды гатовага сарваць паседжанні соймікаў, і разважлівы дыялог патрыятычна настроенай шляхты.

Прывабнасць твору надае яго мова: вобразная, жывая, дакладная, з трапнымі народнымі выразамі, прымаўкамі, з трапнымі параўнаннямі, з гумарам. Аўтарскую мову і герояў рамана абагачаюць выразы: са свечкай шукаць, гоіцца як на сабаку; Сапега і Паліньяк, нібы рыцары на рысталішчы, прыглядаліся адзін да аднаго і г.д. Або прымаўкі:

Як кажуць людзі, абое – рабое. (Максім Сапега)

Жывы грош заўсёды знойдзе ўдзячную кішэню. (Аўтар.)

Ваша лякарства горш хваробы.

Да пары збан воду носіць.

Толькі мех падстаў – жыццё насыпле (Аўтар.)   

Пан – зух, калі на аднаго – удвух, а супраць зуха – здохлая муха.

Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць і інш.

 

Разам з тым, з пахвалой адгукаючыся аб рамане, нельга прайсці міма некаторых яго хібаў, якія, аднак, не зніжаюць яго каштоўнасць. Тут маецца на ўвазе выкарыстанне састарэлай лексікі для характарыстыкі эпохі. У рамане прыкладзены слоўнік састарэлых словаў і паняццяў, які даецца аж на 10 лістах, гэта часам выклікае ў чытача незадаволенасць частым зваротам  да слоўніка.

Сустракаюцца ў творы і залішне расцягнутыя сцэны, размовы (напр., размова Забелы з атрадам пана Мацея і інш.) або развіццё падзей адбываецца не па логіцы іх, не па намерах герояў, а выпадкова (напр., сустрэча Багдана з Варонічам на раздарожжы).

Маюцца выпадкі ігнаравання прынятых граматычных нормаў.

Тым не менш адзначаныя заўвагі не зніжаюць той мастацкі унёсак, які зрабіў  сп. А. Жукоўскі сваім раманам у разуменне гісторыі і лёсу нашай дзяржавы ў 17 – 18 ст., ролі ў гэтым беларускай шляхты, якая з-за сваіх карысных інтарэсаў не здолела падняцца да ўсведамлення агульнанацыянальных інтарэсаў. “Прастрэлены талер” – кніга не толькі для прыемнага чытання, але і для роздуму і дзеяння.

 Іван Буднік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?
Грамадства

FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?

18 ліпеня 2019, 22:0522
Дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа
Грамадства

Дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа

23 верасня 2020, 07:5720
Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць
Грамадства

Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць

14 жніўня 2019, 15:1420
Перспектывы і магчымасці для перакладчыкаў!
Грамадства

Перспектывы і магчымасці для перакладчыкаў!

19 сакавіка 2021, 15:5520
Далучайцеся да нас