“Нібы ЗАМОВУ – моц і пяшчоту бацькавай мовы помні заўсёды”
Другі год запар мы адзначаем у нашым горадзе Дзень роднай мовы на такім ўзроўні: у мінулым годзе гэта быў конкурс чытальнікаў, які мы арганізавалі разам з СШ № 2, а гэтым годам фармат пашырыўся, дзякуючы падтрымцы з боку аддзела адукацыі выканкама і самай актыўнай супольнай працы з Цэнтрам для дзяцей і моладзі.
Разам з раённай суполкай ТБМ рас-працавалі Палажэнне аб Дні роднай мовы, утварылі Аргкамітэт у складзе вядомых у раёне людзей, і, акрамя чытальнікаў, за-прасілі для удзелу ў свяце салістаў і юных мастакоў. А прысвяцілі Дзень роднай мовы 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы: 11 чытальнікаў, 9 салістаў і 6 юных мастакоў склалі святочную праграму. Арганізацыйны камітэт, абласное грамадскае аб’яднанне “Самакіраванне і грамадства”, мясцовыя актывісты займаліся пошукам сродкаў, каб уганараваць маленькіх артыстаў і мастакоў.
На сабраныя сродкі набылі кнігі П. Севярынца “Я люблю Беларусь” і “Хрысціянская азбука”, а вядомы паэт, перакладчык Уладзімір Антонавіч Папковіч ахвяраваў нам 8 экзэмпляраў сваёй кнігі вершаў “Начныя летуценні”, якая толькі-толькі выйшла з-пад друкарскага станка.Усе кнігі-з аўтарскімі пажаданнямі ўдзельнікам Дня роднай мовы, ганаровыя граматы Цэнтра дзяцей і моладзі. Акрамя таго, усе атрымалі “салодкія падарункі”, альбомы і наборы пэндзляў для малявання, мяккія цацкі, а таксама кнігі вядомага краязнаўца з Мёраў Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, які прыехаў у наш горад на Дзень роднай мовы і презэнтаваў некалькі сваіх кніг, а таксама змястоўную мультыпрэзентацыю аб вядомых земляках, цікавых падарожжах па родным краі і незвычайных знаходках, якія занялі сваё месца ў музеі. Калі сп. Вітаўт распавядаў аб тым, як і дзе ён змог адшукаць некаторыя экспанаты, якія б склалі гонар любой музейнай установе, міжволі думалася: “Толькі ўлюбёным у сваю зямлю яна аддае свае скарбы”.
У праграме мерапрыемства прагучалі вершы Н. Гілевіча, Я. Коласа, У. Карызны, А. Грачанікава, І. Пракаповіча, Э. Зубрыцкага, музычныя творы Л. Гоман, Е. Завацкага, Л. Вольскага, Б. Васільева і інш.
Самая маленькая ўдзельніца – 6-гадовая Нэля Праскурка праспявала песню Л. Гоман “Дзяўчынка-беларусачка”. У конкурсе малюнкаў і паштовак прымалі ўдзел вучні ад 1да 8 класа.
У гэты дзень Таварыства беларускай мовы вырашыла не пісаць традыцыйную дыктоўку, а правесці конкурс ведання роднай мовы для вучняў-удзельнікаў канцэртнай праграмы, а таксама для тых, хто прысутнічаў у зале, якая сабрала больш шасці дзясяткаў чалавек. Было створана дзве каманды, абраны капітаны і кожная каманда атрымала заданне: перакласці на беларускую мову рускія словы, не вельмі лёгкія для перакладу на родную мову. Экс-пертамі выступалі настаўнікі гарадскіх школ, якія і рыхтавалі вучняў для конкурснай праграмы Дня роднай мовы, і словы падзякі хочацца выказаць Т.М. Рыжай, М.П. Ваш-кель, Л.А. Латышонак, С.Т. Антановіч, А.С. Драздовай, Н.А. Васіленка, Н.П. Невяроўскай, Фаміной А.А., а таксама А.М. Са-лаўёву, Т.Ф. Кецкінай, П.Я. Івашчанка, А.Р. Шулью, Г.І. Ахламенак, Н.У. Вырлан, А.А. Карасёвай. А.Ф. Бубала, Л.Я. Самадумскай, В.А. Усовічу за ахвяраванні для правядзення мерапрыемства.
У гэты ж дзень у нас адбылася і яшчэ адна творчая сустрэча Вітаўта Антонавіча Ермалёнка з вучнямі СШ № 2, якую мы зрабілі па замове настаўніцы школы, кіраўніцы школьнага краязнаўчага музея Л.І. Дзявяковіч, дзе таксама прайшла прэзентацыя творчых прац вядомага краязнаўца.
Нечаканым вынікам сёлетняга Дня роднай мовы стала тое, што Дзень роднай мовы будзе ўключаны ў праграму працы Цэнтра дзяцей і моладзі, пра што паведаміла дырэктар Цэнтра А.Б. Марозава, і набудзе статус раённага конкурсу, прысвечанага мове нашага народа:
Г. Каржанеўская
Прачнуўся травень на двары,
Шуміць, як бор сасновы.
Ці можна мне не гаварыць
Пра край мой роднай мовай?
А мова – гэта, як раўчук
Прыглушаны і звонкі,
А мова – гэта, як цяпло
Рабінавае гронкі.
А мова гэта – роздум мой,
Маё натхненне-шчасце,
І гэту мову ў мяне
Вякамі не ўкрасці.
А засмучае тое, што ў той час, калі ідзе другі год, прысвечаны малой Радзіме, прапанова ТБМ аб наданні году бягучаму статусу Года беларускай мовы, чамусьці напалохала народных абраннікаў.
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.