22 ЛЮТАГА ў Пружанскім палацыку па ініцыятыве Пружанскай арганізацыі ТБМ адбылося Свята роднай мовы. У нашай вечарыне ўзялі ўдзел вучні Пружанскай школы № 5, хор ветэранаў “Чырвоныя гваздзікі”, валанцёры арганізацыі Чырвонага крыжа, сябры ТБМ і мясцовыя нашы паэты Мікола Антаноўскі і Мікола Папека.
Вечарына пачалася з прывітальнага слова дырэктара Палацыка Зялевіча Юрася і старшыні рады ТБМ Жэгалавай Тарэсы, у якім прагучала і віншаванне ўсіх прысутных на свяце з Міжнародным днём роднай мовы. Затым вучні 5-9 класаў СШ №5 прадэманстравалі арыгінальны абрад квашання капусты. З вясёлымі песнямі, вершамі і прымаўкамі ў жартоўнай форме дзеці распавялі, як калісьці ў вёсках на квашанне капусты збіраліся лепшыя гаспадыні і дзяліліся перанятымі ў бабуль і матуль старажытнымі рэцэптамі прыгатавання карыснай стравы. Гэты касцюміраваны выступ вельмі спадабаўся ўсім прысутным, і атмасфера прыўзнятага настрою панавала на працягу ўсёй вечарыны.
А пасля быў выступ са сваімі вершаванымі творамі пружанскіх паэтаў: члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міколы Антаноўскага і паэта-пчаляра, чалавека з нестардартным светаўспрыманнем, своеасаблівым стаўленнем да навакольнага асяроддзя, аўтара “Мядовай прэміі” для паэтаў і пісьменнікаў Берасцейшчыны Міколы Папекі. Цікавым было выступленне хору ветэранаў “Чырвоныя гваздзікі”, якім кіруе Святлана Машкала. Пад акампанемент баяніста Алега Марданя яны выканалі творы на вершы беларускіх паэтаў. Валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа пад кіраўніцтвам Людмілы Новік выканалі беларускія народныя песні. Адна з выкананых імі песень пад назвай “Родны край”(на словы Алеся Бялевіча і на музыку Надзеі Новік, дачкі кіраўніцы хору) у 2015 годзе ў Менску на рэгіанальным аглядзеконкурсе бела-рускіх патрыятычных песень узяла Гран-пры. І вельмі прыемна, што зараз гэтая песня ўпрыгожвае рэпертуар пружанскіх спевакоў.
Сапраўднай любоўю да роднай мовы была прасякнута ўся імпрэза. Яна, наша любоў да роднай мовы, сведчыць пра спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі: дзяды і прадзеды нямала зрабілі дзеля таго, каб беларускую мову прызналі роўнай сярод іншых моў свету. Як жыта, спрадвечная наша родная беларуская мова…
Тарэса Жэгалава,
старшыня рады Пружанскай арганізацыі ТБМ.