Home
Навука

Наталенне прагі да кніжных навінак

Наталенне прагі  да кніжных навінак

ХХVI Міжнародны кніжны кірмаш, які праходзіў у Менску з 6 па 10 лютага, стаў яркай падзеяй культурнага жыцця. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ГА “Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў”, ААТ “Белкніга”, ВК ТАА “Макбел”.

Сёлета свае кніжныя навінкі ў Беларусь прывезлі 300 удзельнікаў з 35 краін свету. На выставе дэманстраваліся і прадаваліся кнігі выдавецтваў Украіны, Чэхіі, Германіі, Італіі, Расіі, Азербайджана, Турцыі, Кітая і іншых краін.

Айчынныя выдавецтвы “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”,  “Мастацкая літаратура”, “Харвест”, ” Тэхналогія”, “Адукацыя і выхаванне” , выдавецкі дом “Звязда” былі шырока прадстаўлены высокаякаснай паліграфіяй, энцыклапедычнымі даведнікамі, каляровымі выданнямі. У гасцей кірмаша выклікалі вялікую цікавасць кнігі выдавецтва Змітра Коласа  і Андрэя Янушкевіча.

Кірмаш наведалі  прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі: літаратары і журналісты, мастакі і ілюстратары, гісторыкі, медыкі, студэнты.

У рамках выставы-кірмаша адбыліся прэзентацыі шматлікіх кніжных навінак, літаратурныя сустрэчы, аўтографсесіі. Першы дзень працы выставы быў прысвечаны прэзентацыям, у другі дзень асноўным мерапрыемстваў стаў сімпозіюм “Пісьменнік і час”.  Нацыянальная бібліятэка Беларусі традыцыйна прыняла актыўны ўдзел у міжнароднай выстаўцы-кірмашы. Факсіміле першага “Буквара” было ўручана лепшым настаўнікам Беларусі і аўтарам самых сучасных буквароў. Калекцыянер  Уладзімір Ліхадзедаў перадаў сваю  калекцыю старых паштовак, кніг і фатаграфій “У пошуках страчанага” Нацыянальнай бібліятэцы.

9 лютага на адной з выставачных пляцовак цэнтра “БелЭкспа” адбылася прэзентацыя гістарычнага рамана Ірыны Данеўскай  “Багуслаў Радзівіл” у перакладзе Наталкі Бабінай, прысвечанага вядомаму дзеячу ВКЛ.

Дыскусія пра адметнасці дакументальнай прозы і мастацкай літаратуры разгарнулася з удзелам расійскіх пісьменнікаў Яўгенія Вадалазкіна і Паўла Басінскага. Чытачы задалі шмат пытанняў літаратуразнаўцу Яўгенію Вадалазкіну з С. Пецярбурга, аўтару раманаў “Лавр”, “Авиатор”, “Брисбен”, і хацелі больш даведацца пра кнігу літаратурнага крытыка Паўла Басінскага “Святой против Льва. Иоанн Кронштадтский и Лев Толстой: История одной вражды”.

Госці кірмаша і чытачы змаглі сустрэцца з Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч і набыць яе творы.

Цікавасць наведвальнікаў выставы выклікала прэзентацыя “Менскай трылогіі” Сяргея Пясецкага. Старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца прадставіў новы мастацкі альбом свайго калегі В. Маркаўца. На адной з пляцовак адбылася аўтографсесія Альгерда Бахарэвіча. Аматары літаратуры нон-фікшн змаглі пазнаёміцца з новай кнігай Сяргея Шапрана “Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія”. Уладзімір Сіўчыкаў прэзентаваў вельмі прыгожую дзіцячую кніжку з малюнкамі   “Багоўка”.

8 лютага на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стаў пераможцам у намінацыі  “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”. Дырэктару бібліятэкі Раману Сцяпанавічу Матульскаму ўручылі спецыяльны дыплом і памятны знак-сімвал “Залаты фаліянт” – узнагароду за рэалізацыю праекта факсімільнага ўзнаўлення “Буквара”. Кніга “Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка” была абвешчана найлепшай дзіцячай кнігай 2018 года.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

1-2. На Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы;

3.Уладзімір Сіўчыкаў, Ірына Данеўская, Андрэй Янушкевіч.

 

Previous article Да Таўлая завітаем
Next article Міхась Геніюш на менскіх курсах «Мова нанова»

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201915
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202515