Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Да Таўлая завітаем

Да Таўлая завітаем

18 лютага 2019, 23:13 Культура 23
Да Таўлая завітаем

8 лютага ў доме па вуліцы Замкавая, 7, у якім з 1939 па 1941 год пражываў  заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай, сабраліся прыхільнікі творчасці пісьменніка. Менавіта сёння яму споўнілася 105 год з дня нараджэння. Супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея арганізавалі да гэтай даты мерапрыемства.

У мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая (дарэчы, адзіным у Беларусі) змянілася экспазіцыя. У ім з’явілася новая мэбля. Так, лідскі паэт Міхась Мельнік падараваў для дома Таўлая крэсла-гушкалку, бо па ўспамінах сястры В. Таўлая Ніны, яно таксама тут размяшчалася. Акрамя гэтага, у пакоі паэта ёсць і пудзіла вераб’я паводле першага верша В. Таўлая “Верабейка”, напісанага ў Лідзе. А рабочы патэфон прываблівае сваім граннем. Кнігі тых часоў на этажэрцы, стол з друкаркай, пяро з чарнільніцай, газета “Уперад” 1940 года, старая лямпа – жырандоль, партфель з рукапісамі раскрываюць вобраз Валянціна Таўлая ў час яго пражывання ў гэтым доме. Ажывіць прастору, у якую патрапілі лідскія паэты, супрацоўнікі бібліятэкі імя Янкі Купалы і яе філіяла № 6 імя Валянціна Таўлая, супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея паспрабавалі самі музейшчыкі. Так, ролю Валянціна Таўлая сыграў Алесь Хітрун, а яго жонкі Кіры Бранд – Ганна Некрашэвіч. У ролі чытальніка выступіў Ілля Пузаткін. Інсцэніраваны аповед “У Таўлая пабываем” раскрыў гістарычныя моманты з жыцця паэта ў горадзе Ліда.

А ў суседняй зале адкрылася выстава з той жа назвай. Ідэя яе арганізаваць узнікла пасля паездкі яе куратара Алеся Хітруна ў Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва, у якім змяшчаецца асабісты фонд В. Таўлая ў колькасці звыш 240 адзінак. Копіі аўтографаў (рукапісаў), машынапісаў з вершамі і артыкуламі, фотаздымкаў і інш., якія маюць непасрэднае дачыненне да лідскага перыяду паэта, былі прывезены ў Ліду.

Трэба зазначыць, што ў гэтай зале за кубкам кавы і смачным печывам сабраліся ўсе, хто наведаў у гэты дзень  дом паэта. Сярод іх былі шаноўныя госці. Краязнавец з Дзятлава Валерый Петрыкевіч прыгадаў пісьменнікаў, якія сябравалі з яго бацькам і былі знаёмыя некалі з Валянцінам Таўлаем. Пісьменнік Сяргей Чыгрын са Слоніма паказаў рэдкія фотаздымкі Валянціна Таўлая і распавёў раней невядомыя факты з біяграфіі заходнебеларускага літаратара. Мясцовы пісьменнік Уладзімір Васько падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчу з сябрамі В. Таўлая – Максімам Танкам і Анатолем Іверсам.  Пад час вечарыны гучалі вершы, прысвечаныя Таўлаю Аляксандрам Мацулевічам, Міхасём Мельнікам, а таксама песні ў выкананні барда Сяргея Чарняка.

Супрацоўнікі музея плануюць і ў далейшым арганізоўваць інсцэніраваны аповед “У Таўлая пабываем” па заяўках, як новую форму правядзення экскурсіі. А дзейнасць выставы працягнецца на кароткі час. Так што, гайда ў дом Таўлая.

Алесь Хітрун,

 навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2619
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2718
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4517
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
Далучайцеся да нас