Мова жыве, калі жывуць яе носьбіты. У мовы ёсць перспектыва, калі яна перадаецца з пакалення ў пакаленне. У гэтым сэнсе беларуская мова жывая, бо засталіся людзі, для якіх яна была сродкам зносін, прышчэпленым бацькамі і землякамі ў родных мясцінах, і вучыліся на ёй.
З перадачай з пакалення ў пакаленне цяжэй. Дзеці тых беларускамоўных у большасці выхаваны на рускай мове. З другога боку, новыя беларускамоўныя выхоўваюць дзяцей па-беларуску, і ў мовы з’яўляецца новае пакаленне, яе жыццё працягваецца. У беларускамоўным выхаванні ёсць важная надбудова — школа. Ёй і прысвячаю гэты артыкул, бо, як здаецца, новыя беларускамоўныя ўпускаюць некаторыя шансы і дзейнічаюць без уліку сучаснай спецыфікі.
Што маем цяпер
Цікавы разгляд беларускамоўнага школьніцтва з пачатку XX стагоддзя і да сучаснасці прывёў Вінцук Вячорка ў артыкуле «Як беларусы змагаліся за сваю школу пры ўсіх рэжымах. Да Дня беларускае школы». Ёсць там такі сказ: «… не мы, не бацькі павінны збіраць подпісы паводле невядома адкуль узятай квоты на беларускамоўнае навучанне Калі вам кажуць, што вы павінны знайсці яшчэ восем ці дзесяць сем’яў, якія хочуць вучыць дзяцей па-беларуску, — гэта няпраўда. Па-першае, даць магчымасць вучыць дзіця па-беларуску — абавязак дзяржавы. Па-другое, няма афіцыйна зацверджанага мінімуму вучняў для адкрыцця беларускамоўных класаў».
І многія беларускамоўныя бацькі дзейнічаюць па гэтым прынцыпе. Яны не згаджаюцца на школы, да якіх трэба некуды ехаць, падаюць у суды. Зрэшты, калі бацькі не такія баявыя, то могуць кідацца з агню ў полымя — шукаць тыя самыя 8-10 сем’яў сярод выпадковых суседзяў. І той, і другі спосабы аддаляюць ад мэты — ад выхавання новага беларускамоўнага пакалення.
Першы спосаб — змаганне за прынцып як такі. Раз павінны, раз маем права — то трэба патрабаваць і атрымаць. Калі не даюць, то значыць, гэта варожыя сілы, з імі трэба змагацца. Другі спосаб – крокі насустрач бюракратычнай машыне са стратай уласных інтарэсаў (не прынцыпаў, а непасрэднай мэты).
Нядаўна прэса пісала пра гамельчука, які не здолеў засудзіць чыноўнікаў, якія адмовілі яго дачцэ ў навучанні па-беларуску. Чыноўнікі прапаноўвалі гімназію ў 7 км ад дому, бо не палічылі мэтазгодным стварыць клас для адной вучаніцы. Падобныя гісторыі былі і ў іншых гарадах. Людзям нешта прапаноўвалі, але далекавата. Чаму ж чыноўнікі так робяць, ці яны наўмысна перашкаджаюць беларускаму выхаванню дзяцей?
Калі думаў пра гэта, трапілася на вочы гісторыя, як у адным аграгарадку школьнікам даводзілася ў школьных класах ствараць асвятленне ліхтарыкамі.
«Вучням музычнай школы ў аграгарадку Падлабенне даводзіцца вось ужо некалькі месяцаў запар займацца ў памяшканні, дзе няма святла. Выкладчыкі гавораць, што праблему мясцовая ўлада і раённы аддзел культуры паабяцалі вырашыць літаральна днямі, але пакуль дзеці на заняткі прыходзяць з ліхтарыкамі. … У Падлабенні жыве каля 700 чалавек. Агульнаадукацыйнай школы тут няма: дзеці на вучобу ездзяць у суседні аграгарадок Рацічы і ў Гродна».
А яшчэ пасля размяшчэння фатаграфій з ліхтарыкамі строга пагутарылі з настаўніцай і ледзь не звольнілі яе. Чытачы былі абураны! Дажыліся, каб ліхтарыкамі ў класах свяціць, сваімі персанальнымі, куды падаткі ідуць? На гэта і быў акцэнт нават у тых, хто абураўся паводзінамі чыноўнікаў у Гомелі. У выпадку Падлабення як нешта належнае ўспрынялі, што дзецям падаткаплацельшчыкаў трэба некуды ехаць. Пры чым да Рацічаў — 9,5 км, а да Гродна — 12 км. У гэтым выпадку ніхто не апеляваў да права грамадзян і абавязку дзяржавы. Так сказаць, «вы ж разумееце».
Глядзi больш