У сакавіку 2018 года бацькі 24 беларускамоўных дзяцей з 21 сям’і звярнуліся ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Менска з просьбай стварыць беларускую групу ў адным з дзіцячых садкоў раёна. Атрымалі адмову і пайшлі ў суд, каб аспрэчыць дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі і дамагчыся выкання гарантаванага Канстытуцыяй права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе.
Аднак суд адмовіўся ад прыняцця скаргі бацькоў, вырашыўшы, што пытанне павінна вырашацца не ў судзе.
Бацькі абскардзілі рашэнне Першамайскага суда ў прыватнай скарзе ў судзе горада Менска. На працэс прыйшлі прадстаўнікі бацькоў з групай падтрымкі, у тым ліку завітала старшыня ТБМ, дэпутат Алена Анісім.
20 жніўня я прысутнічала на паседжанні Менскага гарадскога суда, на якім разглядалася скарга бацькоў Першамайскага раёна г. Менска. Мне важна было і як старшыні ТБМ, і як дэпутату (хоць я зараз афіцыйна знаходжуся ў адпачынку) мець уяўленне пра тое, як у нас працуюць законы ў частцы забеспячэння моўнага раўнапраўя. Судовае паседжанне доўжылася цягам гадзіны. Былі заслуханы аргументы бацькоў, а таксама меркаванне Беларускага Хельсінскага камітэта, якое агучыў сп. Гары Паганяйла.
У выніку суддзя адмовіла бацькам у задавальненні іх скаргі, пацвердзіўшы рашэнне суда Першамайскага раёна г. Менска. Прыгэтым яна выказала меркаванне пра тое, што дзеянні службовых асоб ніякім чынам не парушаюць правоў бацькоў у частцы забеспячэння іх канстытуцыйнага права на беларускамоўнае выхаванне сваіх дзяцей у сістэме дашкольных устаноў Міністэрства адукацыі.
Для таго, каб асэнсаваць тое, што адбылося, пачнём з самага пачатку, каб ведаць сутнасць справы. Бацькі звярталіся да адміністрацыі Першамайскага раёна з заявамі аб навучанні і выхаванні дзяцей у беларускамоўных садках і групах, прыгэтым яны ў якасці найлепшага варыянту прапанавалі стварыць рознаўзроставыя групы. У гэтым выпадку дзеці мелі б найбольш камфортную моўна-псіхалагічную атмасферу. Аднак, чыноўнікі ад адукацыі ўхіліліся ад вырашэння пытання менавіта ў такім фармаце і адмовілі бацькам у стварэнні такой групы, прапанаваўшы ім месцы ў садках, якія ў іх фармальна лічацца як установы з беларускай мовай. Бацькі, у прыватнасці, Вольга Кавальчук, не пагадзіліся з такім рашэннем і паспрабавалі праз звароты ў розныя інстанцыі дамагчыся свайго канстытуцыйнага права на выхаванне дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове. Тым больш, што ў Першамайскім раёне ўжо функцыянуюць 6 рознаўзроставых груп з рускай мовай навучання. Акрамя таго, як стала вядома, у некаторых садках пры неабходнасці прымаюцца аператыўныя рашэнні і адкры-ваюцца лагапедычныя групы без аніякіх праблем. Гэта значыць, што пры неабходнасці такога роду пытанні, як адкрыццё спецыяльных груп, чыноўнікі могуць вырашыць, у адрозненне ад забеспячэння канстытуцыйнага права на дзяржаўную беларускую мову. Бацькі, карыстаючыся стандартнай прыпіскай у лістах ад службовых асоб пра тое, што ў выпадку нязгоды можна абскардзіць адказ у судзе, звярнуліся ў суд Першамайскага раёна г. Менска. І вось тут узнікла першая нечаканасць. Суд адмовіўся прыняць да разгляду скаргу бацькоў на дзеянне/бяздзеянне службовых асоб і ўзбуджаць справу. Учора Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле гэтае рашэнне суда Першамайскага раёна. Не паглыбляючыся ў юрыдычныя нюансы, зазначу толькі, што суддзя пры гэтым аперыравала артыкуламі Кодэкса аб адукацыі. І гэта прымушае задумацца пра тое, у якой ступені названы законапраект, змены ў які так доўга распрацоўваюцца, здольны забяспечыць роўныя правы ў функцыянаванні дзяржаўных моў у сістэме адукацыі.
Названы судовы працэс, на маю думку, прадэманстраваў наступнае. У некаторых мясцовых органах улады існуе моцная ўзаемазалежнасць, якая паралізуе нармальную адказ-ную працу па забеспячэнні правоў грамадзян, а ўсё зводзіцца да таго, каб прынятае адмоўнае рашэнне пацвярджаць на ўсіх узроўнях. Такім чынам сістэма дзяржаўных органаў улады праз дзейнасць канкрэтных чыноўнікаў дэманструе сваё непаважлівае стаўленне да правоў грамадзян.
І тут узнікаюць наступныя пытанні. Хто і якім чынам здольны абараніць правы бацькоў у такой сітуацыі? Які орган мае права даць прававую ацэнку прынятых рашэнняў судовых інстанцый, калі ёсць сумненні ў іх юрыдычнай бездакорнасці?
Зараз бацькі будуць вырашаць, як далёка яны гатовы ісці па шляху абароны сваіх канстытуцыйных правоў. Я лічу сваім непасрэдным абавязкам трымаць гэтую сітуацыю пад пільным наглядам з тым, каб знайсці магчымасць станоўча паўплываць на яе вырашэнне. Бо насамрэч, справа не вартая гроша. Дастаткова было ўпраўленню адукацыі Першамайскага раёна г. Менска пайсці насустрач законнаму праву бацькоў і падчас перамоў знайсці аптымальнае рашэнне па адкрыцці адной ці двюх рознаўзроставых груп з беларускамоўным працэсам выхавання і навучання ў садку і ніякага супрацьстаяння і судовай валакіты не было б. Як не было б і падстаў для чарговых прэтэнзій да органаў улады.
Старшыня ТБМ імя Францішка Скарыны
Алена Анісім.