Сорак гадоў таму ў беларускай частцы Белавежскай пушчы быў знойдзены “Яцвяжскі слоўнічак”. Ён дагэтуль не дачакаўся ўвагі беларускіх навукоўцаў.
Ад безуважнасці да..?
Няўвага беларускай навукі і не дужа здзіўляе – у слоўнічку, які знойдзены за 200 км ад цяперашняй мяжы з Літвой, на дзве траціны балцкая лексіка, вядомая з літоўскай, латышскай, старапрускай моў. Ці маем сярод беларускіх мовазнаўцаў адмыслоўцаў, якія б маглі арыентавацца ў гэтай стыхіі адначасова, – пытанне рытарычнае.
Дзіўна, але ў Беларусі дагэтуль няма ніводнай універсітэцкай кафедры балтыстыкі – нягледзячы ні на багацце балцкіх рачных і азёрных назваў, ні на ўплецены ў беларускія гаворкі багаты балцкі лексічны слой. Напрыклад, толькі з косаўскай гаворкі, што зафіксаваная ў выдадзеным нябожчыкам Зайкам слоўніку, аўтар гэтых радкоў вычапіў пад паўсотню каларытных балтызмаў, публікацыя неўзабаве з’явіцца.
Негатыўнае стаўленне да “балцкай тэмы” ў БССР добра ілюструецца хоць бы забаронай навуковай канферэнцыі “Этнагенез беларусаў”, якую рыхтавалі правесці ў Менску ў 1973-м годзе. Тады ігнараванне “Яцвяжскага слоўнічка” было заканамерным, але неразумна ігнараваць яго цяпер. Здаецца, гэтым летам хіба што ў пружанскай раённай газеце “Раённыя будні” адным абзацам згадалі 40-гадовы юбілей знаходкі, і тое дзякуючы мастацкаму фестывалю “Рэха даху”, на якім прагучаў выступ пра слоўнічак.
Быў ці не?
Цікава, што акалічнасці агалошвання “Яцвяжскага слоўнічка” чымсьці нагадваюць сітуацыю з “Менскай малельняй”, і гэты паралелізм надае таямнічасці і першаму, і другому. Нагадаю, што збіральнік звестак пра народную спадчыну Міхаіл Кацар у сваім дзённіку пад 1940-м годам (тады яму было крыху больш за трыццаць год) запісаў ад жыхароў Менска пра “менскую малельню” на беразе Свіслачы, у складзе якой быў і вялікі камень. Той камень, як вядома, цяпер у Музеі валуноў. Дык вось, Кацараў дзённік згарэў разам з ім самім падчас загадкавага пажару ў яго хаце ў 1995 годзе. Але дзённік быў перапісаны, і ў копіі дайшоў да нас. Больш ніякіх сведчанняў пра “Менскую малельню” ніхто не зафіксаваў і не здабыў.
А паралель з “Яцвяжскім слоўнічкам” тут вось якая. Улетку 1978 года 18-гадовы шукальнік ста-рыны на прозвішча Зінаў падарожнічаў па Белавежскай пушчы, хадзіў ад вёскі да вёскі, пытаючы пра цікавыя старыя рэчы. На хутары ў раёне колі-шняга балота Вялікі Нікор (у савецкія часы балота было асушанае, і толькі залетась пачалі трохі аднаўляць) у Пружанскім раёне, у старога дзеда выкупіў кніжку з малітвамі на лаціне. А ў канцы малітоўніка былі ўплеце-ныя некалькі старонак (шэсць ці сем) з рукапісным тэкстам. Тыя старонкі мелі загаловак па-польску “Паганскія гаворкі з Нараву” (Poganskie gwary z Narewu).
Дык вось, потым Зінаў пайшоў у войска, а яго бацькі выкінулі ўсе кніжкі з рэлігійным зместам, у тым ліку і гэты малітоўнік. Але Зінаў заранёў перапісаў слоўнічак, бо не ўсе літары добра чыталіся, а яму, як даследчыку, хацелася большай яснасці. У 1983 годзе Зінаў даслаў копію ў Віленскі ўніверсітэт, там слоўнічкам заняўся нябожчык лінгвіст Зінкявічус, які ў 1984 годзе надрукаваў артыкулы на гэтую тэму ў віленскім і маскоўскім навуковых часопісах. Праз год былі і іншыя мовазнаўчыя публікацыі.
Што вядома
Такім чынам, вызначаючы, ці слоўнічак – праўдзівы, можам абапірацца толькі на аналіз лексікі з “Яцвяжскага слоўнічка”. А лексіка там разнастайная. На думку мовазнаўцаў, гэта або істотна літуанізаваная яцвяжская мова, або гэта моцна яцвягізаваная літоўская мова, або, нарэшце, гэта запісаныя разам словы і з яцвяжскай, і з літоўскай мовы (загаловак жа ў слоўнічка “гаворкі”, а не “гаворка”).
Яшчэ пра слоўнічак вядома, што на хутар той малітоўнік прывезлі з блізкага датуль мястэчка Белавежа. Складальнікам слоўнічка, відаць, быў каталіцкі святар, бо малітоўнік на лаці-не, а слоўнічак ён назваў “паганскія гаворкі”. Таксама ён, відаць, быў тутэйшым па паходжанні, бо ў “польскай” перакладзенай частцы слоў-нічка часам сустракаюцца беларускія словы (“белы”, а не “бялы” і інш.) ці крэсовыя (zwyciezywac). З “Яцвяжскага слоўнічка” вядома больш за дзвесце слоў. Усе рукапісы сёння за-хоўваюцца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.
У віленскім часопісе “Балтыстыка” Зінкявічус апублікаваў водгук знакамітага маскоўскага балтыста Тапарова на “Яцвяжскі слоўнічак” (у маскоўскую публікацыю ў “Балцка-славянскіх даследаваннях” гэты водгук не ўвайшоў): “Сам слоўнічак зрабіў на мяне вельмі глыбокае ўражанне бясспрэчнай сапраўднасці і арыгінальнасці. Больш за тое, ён фіксуе тую стадыю ў развіцці яцвяжскай мовы (і/або тую гаворку), пра якую паводле наяўных рэштак гэтай мовы мы не мелі ніякага ўяўлення. Таксама цікавыя і павучальныя ў слоўнічку як індаеўрапейскія архаізмы, якіх няма ў вядомым балцкім матэрыяле, так і сляды пазнейшых кантактаў (з нямецкай мовай). Дужа нетрывіяльныя некаторыя сло-ваўтваральна-марфалагічныя рысы. Нарэшце, асаблівую цікавасць уяўляюць асобныя факты, што кідаюць святло на пераходныя працэсы ад балцкай стадыі да праславянскай”.
Пярун і Пяркус
Хочацца адзначыць хіба што пару слоў “Пяркус – Лаўме”, ля якіх польскага перакладу няма, але пазна-чана “паганскія”. Па-першае, гэтыя словы выглядаюць імёнамі боскай пары – нябеснага ўладара і зямной уладаркі. А па-другое, ва ўсіх іншых балцкіх мовах імя бога Грымотніка мае суфікс – Пяркунас, Пэрканс, Перкунс – а тут маем прамы адпаведнік, на-прыклад, тракійскага “Пэркас”.
Варта нагадаць, што той жа Тапароў бачыў корань, што прысут-ны ў імёнах балцкага Грымотніка, у назве “дуб Пракурон” з беларускай замовы з Пасожжа – дакладней, з вёскі Лабанаўка пад Чэрыкавам (дарэчы, там жа побач і вёскі Гром і Грамабой). Гэтую назву ён лічыў архаізмам і па-раўноўваў з індаеўрапейскім абазначэннем дуба perkur /perkun (суфікс у гэтым слове мяняўся ў залежнасці ад склону).
Таму верагодна, што раней за “Перуна” тут, на захадзе і на ўсходзе, мог быць і “Пяркун”, а мо і проста “Пяркус”. Замаро-зіўся ж у перанятым імені яшчэ аднаго дахрысціянскага боства “Вялеса” такі ж самы балцкі суфікс -с-…
Паляшуцкая і яцвяжская
Нельга не прыгадаць і праекту “Етвызь” філолага Шаляговіча. У канцы 1980-х гадоў “яцвяжскаю” ён узяўся называць за-ходнепалескую гаворку, у якой, як вядома, багата ўкраінізмаў. Ці чуў ён пра “Яцвяжскі слоўнічак”? Дык пра яго пісалі за некалькі гадоў да таго, не мог не чуць. І тым не менш ча-мусь паспрабаваў напоўніць зусім іншым зместам слова “яцвяжскі”. І на нейкі час яму гэта ж удалося. І ў наш час часам сустрэнеш допіс кшталту “вы кажаце пра страчаныя балцкія гаворкі ў Беларусі, а мы ў нашай вёсцы па сёння размаўляем на старажытнай балцкай яцвяжскай мове”.
Шалягові-чаву ініцыятыву, відаць, трэба лічыць адзіным водгукам у Беларусі на з’яўленне “Яцвяжскага слоўнічка”. Праўда, тая ініцыятыва была не ў тым, каб падсвяціць і даць жыццё, а ў тым, каб схаваць і запхнуць назад пад лаўку.
Але ці можна аднавіць тую “яцвяжскую” мову на грунце тых слоў, што ў “Яцвяжскім слоўнічку”? Аднавілі ж у 1990-х прускую мо-ву, грунтуючыся на матэрыяле трох перакладзеных Катэ-хізмаў і вызначаных лінгвістам Мажулісам сувязях стара-прускай з іншымі балцкімі мовамі. Відаць, можна – вызначыўшы, дзе відавочныя літоўскія запазычанні, дзе нямецкія, а дзе іранскія ці венгерскія.
А калі без аднаўлення, дык дастаткова проста разумець важнасць: “Яцвяжскі слоўнічак” – адзіная захаваная крыніца, па якой можна хоць штось уявіць пра той вялізны масіў страчаных балцкіх гаворак па-за тэрыторыямі ўжытку літоўскай, латышскай і старапрускай моў. Крыніца гэтая ў чымсьці няпэўная, але іншых няма.
Алесь Мікус.
(Паволде розных СМІ,)
Дык чаму ж яцвягі нікому не патрэбныя? А таму, што менавіта яцвягі ёсць той загадкавы балцкі субстрат беларускага этнасу, пра які мы сяды-тады кажам, але расшыфраваць не адважваемся. А паколькі беларускай навуцы не трэба нічога, што было да 3 ліпеня 1944 года, то не трэба і нейкія там яцвягі. Хоць менавіта яцвяжскія плямёны літва, дайнава, судава, нальшаны і інш. ёсць ядро беларусаў. І гэта ад іх у нас вечнае імкненне да незалежнасці.
С. Суднік.